Прызванне супала з прафесіяй

- 12:18Адукацыйная прастора

Азіраючыся на свой педагагічны шлях, Тамара Мікалаеўна Сцепанюк упэўнена кажа, што выбар, зроблены 38 гадоў назад, быў правільны. Настаўніца ні разу не пашкадавала, што звязала жыццё са школай.

— З будучай прафесіяй вызначылася яшчэ ў 1 класе, — гаворыць Тамара Мікалаеўна. — Іншыя варыянты нават не разглядала. На ўроках заўсёды ўважліва назірала за работай настаўнікаў. Уяўляла сябе на іх месцы: ля дошкі з крэйдай і ўказкай у руках, за праверкай сшыткаў, выразным чытаннем вершаў. Праўда, не ведала, які буду выкладаць прадмет. Малодшай школьніцай бачыла сябе настаўніцай пачатковых класаў. Пасля знаёмства з настаўніцай матэматыкі Аляксандрай Андрэеўнай Алесіюк хацелася выкладаць алгебру і геаметрыю. Вельмі падабаліся ўрокі настаўніцы рускай мовы і літаратуры Веры Сямёнаўны Астапук. Гэта быў прыклад высакароднага настаўніка-прафесіянала.

Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла на філалагічны факультэт тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Вучылася ахвотна і старанна. У выбранай прафесіі не расчаравалася. Па размеркаванні прыйшла працаваць у родную Чарнянскую сярэднюю школу Маларыцкага раёна.

— Была магчымасць выб­раць уста­нову адукацыі, але хацелася трапіць у сваю школу, — расказвае Т.М.Сце­панюк. — Праўда, вакансіі настаўніка рускай мовы і літаратуры там не было. Прапанавалі выкладаць у пачатковых класах. Пагадзілася. Думала, што праз год-два пачну працаваць па набытай спецыяльнасці, але затрымалася ў пачатковай школе на 15 гадоў.

Малады педагог адаптавалася ў калектыве хутка і лёгка. Працавалася камфортна. Было з каго браць прыклад. Калегі ніколі не адмаўлялі ў дапамозе: падказвалі, раілі.

Т.М.Сцепанюк цалкам прысвяціла сябе справе, якая хутка стала любімай, прынесла задавальненне і асалоду. Да кожнага ўрока рыхтавалася старанна, у клас заўсёды ўваходзіла з усмешкай. Вучні адразу палюбілі маладую настаўніцу.

— Трэба вельмі любіць дзяцей і справу, якой займаешся, нават ахвяраваць нечым дзеля яе, — лі­чыць Тамара Мікалаеўна. — Настаўнік павінен быць прыкладам ва ўсім і заўсёды, патрабавальным да сябе. Настаўніцтва — гэта штодзённая карпатлівая работа над сабой. Нельга стаяць на месцы. Неабходна пастаянна самаўдасканальвацца, займацца самаадукацый, развівацца ў прафесійным плане. Настаўнік — гэта чалавек, які вучыцца ўсё жыццё: толькі тады ён мае права вучыць іншых. Кожны ўрок павінен быць адкрытым, для чаго трэба нястомна павышаць свой прафесійны ўзровень. Быць добрым педагогам — гэта талент, здольнасць адчуваць іншых, дапамагаць ім, знаходзіць сілы быць цярплівым, мудрым, уважлівым, міласэрным.

Прапанова ўзначаліць Лукаўскую сярэднюю школу стала нечаканай. Т.М.Сцепанюк ніколі не імкнулася да кіруючых пасад. Няпростае для сябе рашэнне прымала разам з мужам. Пасля доўгіх разважанняў вырашыла па­спрабаваць. І дырэктарам школы адпрацавала 20 гадоў.

— Кіраваць у новым калектыве было нялёгка, — прызнаецца Тамара Міка­лаеўна. — Спачатку былі і страх, і хваляванні, і няўпэўненасць, і перажыванні. Прыглядалася, вывучала новы калектыў. Неабдуманых рашэнняў не пры­мала. З першага дня на новай пасадзе ўсвядоміла, што любая школа пачынаецца з дырэктара. Ён падобны да рэжысёра, які ставіць спектакль, але сам не выхо­дзіць на сцэну. Упэўненасць у поспеху перадаецца ўсяму калектыву, дапамагае паверыць у свае сілы, пераадолець цяжкасці, рухацца наперад. Безумоўна, былі ўзлёты і падзенні, радасці і турботы, перамогі і няўдачы. Памылак не робіць толькі той, хто не працуе.

Сённяшні дырэктар Лукаўскай сярэдняй школы М.Клебановіч падкрэслівае, што ў асобе Тамары Мікалаеўны заўсёды цудоўна спалучаліся якасці добрага адміністратара, здольнага арганізатара, псіхолага, вопытнага педагога, умелага дыпламата, руплівага гаспадара. Прызванне і прафесія паспяхова спалучыліся.

За 20 гадоў кіраўніцкай дзейнасці ў Т.М.Сцепанюк выпрацаваліся пэўныя крытэрыі арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, работы з педкалектывам. Прадуманая і зладжаная работа заўсёды прыносіла станоўчыя вынікі. Прафесійных сакрэтаў Тамара Мікалаеўна ніколі не хавала, ахвотна дзялілася імі на семінарах.

Сёння Т.М.Сцепанюк выкладае рускую мову і літаратуру і абслуговую працу. Імкнецца на кожным уроку знахо­дзіць правільныя педагагічныя рашэнні, якія матывуюць дзяцей да новых ведаў, вядуць да самастойнага пошуку. Кожны ўрок, на думку педагога, павінен выхоўваць, вучыць жыццю. Настаўніца цалкам згодна са словамі Д.С.Ліхачова: “Літаратура дае нам каласальны, шырокі і глыбокі вопыт у жыцці. Яна робіць чалавека інтэлігентным, развівае ў ім не толькі пачуццё прыгажосці, але і разуменне — разуменне жыцця, усіх яго складанасцей, служыць правадніком у іншыя эпохі і да іншых народаў, раскрывае перад вамі сэрцы людзей”. Т.М.Сцепанюк заўсёды памятае пра гэта, ідучы на ўрокі.

— Сучасны настаўнік павінен быць стрыманым, адказным, цікавым для вучняў, неабыякавым да іх праблем, аўта­рытэтным, харызматычным, творчым, энергічным, эрудзіраваным, справядлівым, добрым, спагадлівым, строгім… — гаворыць Тамара Мікалаеўна. — Што з пералічанага паставіць на першае месца, а што — на другое і апошняе, кожны вырашае сам. Галоўнае — настаўнік павінен заўсёды разумець і пава­жаць сваіх вучняў, думаць пра іх, бачыць у кожным асобу, вучыць дабрыні, любові, спага­дзе і шчырасці, дапамагаць пераадольваць цяжкасці і перашкоды.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.