Псіхалагічная бяспека дзяцей: агляд снежаньскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 16:16Журнал "Народная асвета", Новости

“Чаму мне ніяк не ўдаецца знайсці сяброў? Як навучыцца не хвалявацца перад кантрольнай? Калі бацькі перастануць ставіцца да мяне як да маленькага? Што рабіць, калі цябе цкуюць у інтэрнэце?” — гэтыя, на першы погляд, звычайныя пытанні часта становяцца жыццевызначальнымі для падлетка. Ад своечасовага і прафесійнага адказу на іх залежыць не толькі настрой вучня на вучобу, але і яго псіхалагічнае здароўе, а значыць, і маральны клімат у калектыве.

Падтрымку і дапамогу дзеці могуць атрымаць падчас школьнага тыдня псіхалогіі. Менавіта мэтам, зместу, прынцыпам і формам правядзення гэтага тыдня прысвечаны снежаньскі выпуск “Педагагічнай асамблеі”. На старонках часопіса прадстаўлены разнастайныя практычныя распрацоўкі псіхалагічных заняткаў з вучнямі па фарміраванні бесканфліктных паводзін, упэўненасці ў сабе, адэкватнай самаацэнкі, а таксама мерапрыемствы для педагогаў па прафілактыцы прафесійнага выгарання і булінгу ў вучнёўскіх калектывах.

Асобны блок нумара займаюць матэрыялы праекта “Школа прававых ведаў”, які мы рэалізуем сумесна са Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь. Вельмі складаныя і, на жаль, балючыя тэмы — суіцыдальныя паводзіны падлеткаў і сексуальны гвалт у дачыненні да дзяцей — патрабуюць ад педагога максімальнай прафесійнай і чалавечай увагі.

Артыкул палкоўніка юстыцыі, кандыдата юрыдычных навук, дацэнта М.Ю.Кашынскага “Прафілактыка суіцыдальных праяўленняў: прававыя аспекты” — гэта эмацыянальная і разам з тым вельмі дакладная размова пра тое, як засцерагчы дзіця ад фатальнага кроку. Аўтар паказвае, што за кожнай трагедыяй стаяць канкрэтныя дзеянні аднагодкаў і дарослых — ад кпінаў і шантажу да небяспечных чэленджаў у сетках, і тлумачыць, у якіх выпадках гэтыя дзеянні становяцца злачынствам. У артыкуле раскрываюцца асноўныя палажэнні крымінальнага заканадаўства аб давядзенні да самагубства, схіленні да яго, пагрозах і жорсткім абыходжанні з непаўналетнімі, аналізуюцца рэальныя выпадкі і трывожная статыстыка суіцыдаў сярод падлеткаў. Асобна акрэсліваецца роля следчых органаў, школы і сям’і ў выяўленні рызыкоўных сітуа­цый, узаемадзеянні з дзецьмі, якія перажываюць крызіс, і ў прадухіленні паўтарэння такіх трагедый.

Яшчэ адна тэма праекта “Школа прававых ведаў” — супрацьдзеянне сексуальнаму гвалту ў дачыненні да дзяцей, у тым ліку ў лічбавым асяроддзі. Гаворка ідзе пра праблему, аб якой дарослыя часта маўчаць, але менавіта маўчанне робіць злачынцаў смялейшымі. Палкоўнік юстыцыі, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт М.П.Шруб тлумачыць, якія формы сексуальнага гвалту сустракаюцца найчасцей, што такое кібергвалт і чаму дзіцячая парнаграфія ператвараецца ў высокадаходны глабальны бізнес. Прыводзяцца актуальныя статыстычныя даныя, якія свед­чаць, што колькасць непаўналетніх ахвяр расце, а сапраўдны маштаб праблемы значна перавышае афіцыйныя лічбы. Асобная ўвага ў публікацыі ўдзяляецца ролі педагогаў і бацькоў у раннім выяўленні гвалту. Аўтар апісвае паводзінскія і эмацыянальныя прыкметы, па якіх можна заўважыць праблему, і дае практычныя парады, як размаўляць з дзецьмі пра рызыкі і правілы бяспечных паводзін у школе, дома і ў інтэрнэце. Падкрэсліваецца, што прафілактыка сексуальнага гвалту немагчымая без прававой дасведчанасці педагогаў і яснага разумення алгарытму дзеянняў пры падазрэнні на сексуальнае злачынства ў дачыненні да дзіцяці.

Не менш важная тэма, якую ўзнімае ў аўтарскім праекце “Універсітэт і школа: шлях да адкрыццяў” рэктар БДУ, доктар педагагічных навук, прафесар А.Д.Кароль, — што такое рэфлексія вучня. Аўтар гаворыць
пра ролю настаўніка і ўнутраную работу вучня і пераконвае, што сёння недастаткова проста правесці заняткі — трэба ствараць прастору для адкрыцця асабістага сэнсу і правядзення сапраўднай рэфлексіі. Без гэтага адукацыя губляе чалавечае вымярэнне.

Напрыканцы года, паважаныя чытачы, хочацца сказаць вам шчыры дзякуй за давер і прафесійнае партнёрства. Мы заўсёды імкнёмся быць карыснымі для настаўнікаў, па-ранейшаму гатовы аказваць інфармацыйную падтрымку па самых актуальных тэмах. Запрашаем вас і ў наступным годзе заставацца нашымі аўтарамі і чытачамі, дзяліцца ўласнымі метадычнымі знаходкамі.

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар