Псіхалагічныя аспекты ўрока

Разглядаючы ўрок з пункту гледжання псіхалогіі, мы спынімся на асноўных яго аспектах, падчас якіх адбываецца ўзаемадзеянне паміж вучнямі і настаўнікам.

1. Развіццё пазнавальнай сферы навучэнцаў:

— развіццё псіхічных працэсаў (развіццё ўвагі (выкарыстанне цікавай інфармацыі), памяці (выкарыстанне розных відаў памяці: слыхавой, зрокавай, эмацыянальнай), мыслення (ставіць перад навучэнцамі праблемныя задачы), уяўлення (слоўнае маляванне характараў казачных персанажаў));

— работа над перавагай нагрузкі на мысленне над нагрузкай на памяць навучэнцаў;

— напрамак зместу вучэбнага матэрыялу і відаў работы, якія выкарыстоўваюцца на ўроку, на падтрыманне пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў на працягу ўсяго ўрока;

— задавальненне цікавасці навучэнцаў на ўроку праз уздзеянне наглядных, тэхнічных, дыдактычных сродкаў навучання.

2. Развіццё матывацыйна-патрэбаснай сферы навучэнцаў на ўроку ажыццяўляць праз:

— развіццё навыкаў рэфлексіі. Рэфлексія надае навучэнцам упэўненасць у сабе. У выніку рэфлексіі навучэнцы павышаюць сваю псіхалагічную культуру, пазітыўныя самаадносіны, набываюць здольнасць да рэфлексіі і самаразумення;

— выпрацоўку ўменняў мэтапастаноўкі і планавання дзейнасці;

— стварэнне сітуацый заахвочвання за паспяховасць работы;

— уменне настаўніка падвесці дзіця да адкрыцця і зафіксаваць эфект навізны і важнасці адкрыцця;

— стымуляванне ў навучэнцаў самастойнасці;

— фарміраванне ў навучэнцаў адказнасці за сваю дзейнасць.

3. Ацэнка маральна-псіхалагічнага клімату на ўроку адлюстроўваецца праз:

— стварэнне сітуацыі поспеху;

— стварэнне аптымістычнага настрою ў працэсе дзейнасці навучэнцаў;

— увага да настрою навучэнцаў;

— наяўнасць атмасферы псіхалагічнага камфорту;

— псіхалагічную падтрымку кожнаму дзіцяці з боку аднакласнікаў і настаўніка ў выпадку цяжкасці;

— выкарыстанне прыёмаў выхавання ў дзіцяці ўпэўненасці ў сваіх магчымасцях;

— аб’ектыўную ацэнку вынікаў дзейнасці навучэнцаў і іх адносін да яе.

4. Камунікатыўнае развіццё навучэнцаў адбываецца праз:

— работу ў групах (парах), што спрыяе выхаванню павагі да меркавання іншых, умення чуць адно аднаго;

— творчыя заданні, якія стымулююць інтэлектуальны рост асобы, спрыяюць павышэнню культурнага ўзроўню школьнікаў.

Таксама важным складнікам псіхалагічнага боку ўрока з’яўляюцца зносіны або камунікацыя паміж вучнямі і настаўнікам. Тут галоўнай умовай з’яўляецца ўзаемная павага паміж вучнямі і настаўнікам.

Для дасягнення ўзаемапавагі трэба вырашыць дзве праблемы:

1. Выпрацаваць свой стыль зносін — асаблівасці сваіх зносін з навучэнцамі, сваю педагагічную індывідуальнасць.

2. Для гэтага неабходна асвойваць выразныя сродкі камунікатыўнага ўздзеяння, якія пастаянна мяняюцца пад уплывам задач, якія ўзнікаюць.

Існуюць найбольш распаўсюджаныя стылі зносін:

— Сумесная творчасць на ўроку, у аснове якой ляжыць высокі прафесіяналізм педагога.

— Зносіны на аснове сяброўскай прыхільнасці, што з’яўляецца перадумовай паспяховай сумеснай дзейнасці. Пры гэтым настаўнік не можа быць з навучэнцамі на панібрацкай назе, але і панурасць, зласлівасць і крыклівасць недапушчальны.

— Зносіны-дыстанцыя — гэты стыль выкарыстоўваюць як пачаткоўцы, так і вопытныя педагогі. Але і тут трэба трымацца меры — вельмі вялікая дыстанцыя вядзе да фармалізацыі адносін і да ўстанаўлення аўтарытарнага прынцыпу ў адносінах настаўніка і вучняў, а яе адсутнасць небяспечна пераходам на фамільярнасць.

— Зносіны-запужванне — гэта вынік аўтарытарызму, і ўласцівы ён тым настаўнікам, якія не ўмеюць арганізаваць работу навучэнцаў на ўроку. Як правіла, да гэтага стылю звяртаюцца нявопытныя настаўнікі.

— Зносіны-падладжванне таксама характэрны для маладых настаўнікаў і звязаны з імкненнем заваяваць танны аўтарытэт у дзяцей.

І, нарэшце, адзначу, што ў працэсе вучэбнага працэсу рэалізоўваецца шэраг выхаваўчых задач, якія таксама фарміруюць псіхалагічны настрой навучэнцаў. І тут найбольш істотным паказчыкам псіхалагічнага боку ўрока з’яўляецца фарміраванне і змяненне сацыяльных установак навучэнцаў у час урока.

Сацыяльная ўстаноўка мае 3 кампаненты: веды, эмоцыі, дзеянні. Адпаведна, выхаванне сацыяльных установак зводзіцца да змянення аднаго або некалькіх іх складнікаў.

У працэсе накіраванага педагагічнага ўздзеяння можна выкарыстоўваць рацыянальны і эмацыянальны кампаненты сацыяльнай устаноўкі.

Рацыянальны кампанент

Выхаванне, заснаванае на рацыянальным кампаненце, звычайна апелюе да розуму дзіцяці. У гэтым выпадку выхавальнік спрабуе ўпэўніць яго з дапамогай лагічных доказаў.

Эмацыянальны кампанент

Эмацыянальнае ўздзеянне базіруецца на эфекце ўнушэння і звычайна выкарыстоўваецца пры адсутнасці або слабасці лагічных аргументаў. Пры выкарыстанні эмацыянальнай формы ўздзеяння звычайна спасылаюцца на аўтарытэт або звяртаюцца да ўзору.

Педагагічнае ўздзеянне на сацыяльную ўстаноўку дзіцяці ўключае 4 стадыі:

Крок 1. Прыцягненне ўвагі дзіцяці да пытання.

Крок 2. Выкліканне цікавасці дзіцяці да пытання.

Крок 3. Выкладанне новай інфармацыі.

Крок 4. Перакананне. Нават калі яно грунтуецца на добра падабранай сукупнасці фактаў, спосаб іх падачы дзіцяці можа істотна паўплываць на вынік пераканання. Адзін і той жа факт можа быць прадстаўлены і ўспрыняты дзіцем па-рознаму.

У час вучэбнай дзейнасці на навучэнцаў аказваецца як педагагічны ўплыў, так і псіхалагічны. І найбольш важнымі псіхалагічнымі аспектамі ўрока з’яўляюцца развіццё асобасных асаблівасцей навучэнцаў; камунікацыя паміж вучнямі і настаўнікам; фарміраванне і змяненне сацыяльных установак навучэнцаў у час вучэбнай дзейнасці. І тут вялікую ролю ва ўсіх аспектах адыгрывае настаўнік. Ад яго залежыць не толькі структура правядзення ўрока, але і псіхалагічны мікраклімат, які ён стварае ў класе.

Настасся ТАРУЦІС,
магістрант факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 21 Гомеля.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.