Доктар псіхалагічных навук дацэнт кафедры псіхалогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Аляксей Міхайлавіч Палякоў удастоены самай прэстыжнай прэміі імя першага рэктара ўніверсітэта У.І.Пічэты ў сферы сацыяльных і гуманітарных навук. Узнагарода прысвоена па сукупнасці работ, якія ажыццяўляў вучоны на працягу апошніх 10 гадоў. У мінулым годзе 42-гадовы Аляксей Палякоў атрымаў вучоную ступень доктара псіхалагічных навук за падрыхтоўку дысертацыі “Развіццё сімвалічнай функцыі свядомасці ў суб’ект-суб’ектным узаемадзеянні ў школьнікаў з затрымкай псіхічнага развіцця”.
Аляксей Міхайлавіч Палякоў чытае курс “Псіхалогія развіцця” і аўтарскі спецкурс “Дыягностыка і карэкцыя парушэнняў дзейнасці чалавека” на аддзяленні псіхалогіі БДУ і курс “Псіхалогія” на філалагічным факультэце. Апублікаваў больш за 160 друкаваных работ, у тым ліку 12 вучэбна-метадычных публікацый, 4 манаграфіі (3 у суаўтарстве), 1 брашуру, 64 артыкулы ў навуковых часопісах і зборніках. А.М.Палякоў ажыццяўляў кіраўніцтва навукова-даследчымі работамі, з’яўляецца суаўтарам тыпавых праграм “Псіхалогія развіцця” і “Спецыяльная псіхалогія”, падрыхтаваў вучэбныя дапаможнікі з грыфам Міністэрства адукацыі“Псіхалогія развіцця” (2006) і “Спецыяльная псіхалогія” (2012) (у суаўтарстве). Сёлета ў выдавецтве БДУ выйшаў вучэбна-метадычны дапаможнік “Дыягностыка і карэкцыя адхіленняў у псіхічным развіцці дзіцяці” (у суаўтарстве). Малады вучоны выконваў экспертную работу па заказе ААН ЮНІСЕФ з мэтай ацэнкі сітуацыі ў сферы дапамогі дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь.

— Аляксей Міхайлавіч, чаму вас зацікавіла псіхалогія — гуманітарная сфера, якой традыцыйна захапляюцца жанчыны?
— У школе ў мяне заўсёды былі добрыя адзнакі па матэматыцы і фізіцы. Гуманітарныя дысцыпліны не вельмі любіў, бо яны мне цяжка даваліся. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 50 Мінска планаваў паступаць на эканамічнае аддзяленне філасофска-эканамічнага факультэта БДУ. Калі падаваў дакументы, а гэта было ў 1993 годзе, на гэтым факультэце адкрывалі аддзяленне псіхалогіі. Інтуітыўна вырашыў падаць дакументы менавіта туды. Скончыў універсітэт на выдатна па спецыяльнасці “Псіхолаг, выкладчык псіхалогіі” (спецыялізацыя “медыцынская псіхалогія”). Аб сваім выбары ніколі не пашкадаваў. Падчас студэнцтва я працаваў псіхолагам у дыягностыка-рэабілітацыйным цэнтры Фрунзенскага раёна Мінска, а пазней — у сталічнай сярэдняй школе № 138.
Псіхалогія — навука шматгранная. Звычайна яе адносяць да гуманітарных дысцыплін, бо псіхалогія вывучае душу чалавека, яго паводзіны ў пэўных сітуацыях, здольнасці і таленты, рэкамендуе, як іх развіваць. Калі ж звярнуцца да гісторыі псіхалогіі, адзначу, што ў ёй заўсёды былі кірункі, блізкія да прыродазнаўчых дысцыплін (медыцыны, фізікі, фізіялогіі, матэматыкі), і кірункі, якія імкнуліся да гуманітарных навук (культуры, літаратуры і мастацтва). Адны навукоўцы абапіраліся на метады прыродазнаўчых навук (эксперымент, назіранні), другія — на метады, звязаныя з інтраспекцыяй, саманазіраннем, з успрыманнем і разуменнем чалавека. Для мяне псіхалогія — дакладная навука, бо яна абапіраецца на факты. Але крытэрыі дакладнасці, якія мы прымяняем у фізіцы, хіміі, біялогіі, матэматыцы, не вельмі падыходзяць для псіхалогіі (хаця ў ёй выкарыстоўваюцца матэматычныя метады). Дакладнасць у псіхалогіі звязана з дакладнасцю атрыманых фактаў, якія гавораць аб перажываннях чалавека і тым, што з ім адбываецца, як ён разумее рэчаіснасць і г.д. Калі мы можам ідэнтыфікаваць факты і перажыванні, то мы суадносім іх з тым, у чым яны праяўляюцца, з пэўнымі імперычнымі рэчамі. Напрыклад, чалавек зрабіў пэўны ўчынак або прамовіў пэўную фразу, а што за гэтым стаіць, які змест? На падставе фактаў робім выснову. У гэтым заключаецца дакладнасць. Але пранікнуць ва ўспрыманне чалавекам рэчаіснасці вельмі складана. Часам нават немагчыма.
У курсе псіхалогіі развіцця, які я чытаю ва ўніверсітэце, адна з тэм тычыцца даросласці. Чаму людзі, напрыклад, выбіраюць тую ці іншую прафесію? Адна з псіхалагічных тэорый звязвае прафесійны выбар чалавека з яго дзіцячымі перажываннямі і захапленнямі, у прыватнасці, з гульнямі, у якія ён любіў гуляць, з уяўленнямі, марамі. У дзяцінстве я марыў стаць авіяканструктарам, хацеў праектаваць самалёты. На гэта паўплываў прафесійны выбар майго таты, які працаваў на авіярамонтным заводзе. У дарослым жыцці, калі псіхалогія стала сферай маёй прафесійнай дзейнасці, я суаднёс свой выбар з дзіцячай марай. Псіхалогія — гэта навука аб душы. Часта мы чуем метафарычны выраз “палёт душы”. Па сутнасці, мы не ведаем, як устроена псіхіка. Яна нябачная, і мы, псіхолагі, яе дадумваем, канструюем. Значыць, псіхолаг — гэта канструктар чалавечай душы. У пэўным сэнсе я ажыццявіў сваю дзіцячую мару!
— Чаму выбралі спецыяльную псіхалогію? Якая сфера вашых навуковых і прыкладных інтарэсаў?
— Калі я вучыўся на 4 курсе, да нас на факультэт прыйшла выкладчыца курса спецыяльнай псіхалогіі, прафесар, доктар псіхалагічных навук Алена Самойлаўна Сляповіч — адзіны ў Беларусі спецыяліст такога ўзроўню ў сферы спецыяльнай псіхалогіі. Яна прапанавала мне напісаць дыпломную работу пра дзяцей-падлеткаў з затрымкай псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні). Я вывучаў псіхалагічныя асаблівасці гэтых дзяцей, уменне арганізоўваць жыццядзейнасць. Калі прааналізаваў атрыманыя даныя, быў уражаны, што аналагічныя асаблівасці ў той або іншай ступені ёсць у большасці людзей. Напрыклад, схільнасць аддаваць перавагу нечаму звыкламу, пазбяганне творчых і цяжкіх задач, імкненне да звыклага (бытавога) функцыянавання, жаданне ісці па шляху найменшага супраціўлення, страта канчатковай мэты дзейнасці і захапленне самім працэсам дзейнасці. Напрыклад, у працэсе размовы чалавек можа адысці ад тэмы і захапіцца самім працэсам абмеркавання або звычайны паход у магазін ператварыць у шопінг.
Пад уплывам прафесара А.С.Сляповіч (яна, дарэчы, стварыла ў Беларусі навуковую школу ў галіне псіхалогіі дзяцей з АПФР, падрыхтавала 7 кандыдатаў і доктара навук) сфарміравалася сфера маіх навуковых і прыкладных інтарэсаў: псіхалогія развіцця, спецыяльная і медыцынская псіхалогія. Мяне цікавіць развіццё свядомасці і дзейнасці ў дзяцей пры нармальным і паталагічным развіцці (станаўленне суб’ектнасці, сімвалічнай функцыі свядомасці, прадукцыйнай дзейнасці на розных этапах антагенезу ў норме і пры адхіленнях у развіцці), дыягностыка адхіленняў у псіхафізічным развіцці ў дзяцей, практыка псіхалагічнай дапамогі дзецям, якія маюць лёгкія адхіленні ў псіхафізічным развіцці, падрыхтоўка псіхолагаў да работы з дзецьмі з АПФР. У 2002 годзе я абараніў кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці “Карэкцыйная псіхалогія” па тэме “Развіццё прадукцыйных дзеянняў у падлеткаў з лёгкай інтэлектуальнай недастатковасцю”, у якой вывучаў дзейнасць дзяцей, звязаную з пабудовай і стварэннем задум (гэта ключавы момант у творчасці), тое, як у дзяцей фарміруецца схема будучых дзеянняў, якую канчатковую мэту яны ставяць перад сабой (што хочуць намаляваць, які ўзор з кубікаў скласці і г.д.). Праблема гэтая была мала даследавана і дастаткова складаная для дыягностыкі, бо вывучаць трэба было не асобныя мысліцельныя аперацыі, а здольнасці дзяцей, тое, ці можна навучыць іх эфектыўна арганізоўваць сваю дзейнасць. Працаваў я ў трох групах: кантрольнай (са звычайнымі дзецьмі), з дзецьмі з затрымкай псіхічнага развіцця і з дзецьмі з інтэлектуальнай недастатковасцю лёгкай ступені. У рабоце выкарыстоўваў спецыяльныя прыёмы, заданні, якія мне ўдалося распрацаваць. Да прыкладу, складанне апавядання па разрозненых карцінках, сюжэтна ніяк не звязаных паміж сабой. Іх апавяданні аналізаваліся па пэўных крытэрыях, і рабілася выснова, наколькі добра дзеці ствараюць свае задумы. Звычайныя дзеці могуць ствараць задуму ў галаве, могуць падняцца над сітуацыяй, пераўтварыць і прыўнесці ў яе нешта сваё, дадумаць. Дзецям з інтэлектуальнымі адхіленнямі гэта складана рабіць, яны дзейнічаюць па ўзоры, а дзеці з затрымкай кіруюцца інструкцыяй, наборам патрабаванняў і правіл, якія ім прад’яўляюцца па ходзе выканання задання, стварыць цэласны вобраз у іх не атрымліваецца.
— Якія новыя пытанні вы разгледзелі ў доктарскай дысертацыі?
— У 2018 годзе я абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Развіццё сімвалічнай функцыі свядомасці ў суб’ект-суб’ектным узаемадзеянні ў школьнікаў з затрымкай псіхічнага развіцця”. Мяне цікавіла, як дзеці выкарыстоўваюць пэўныя культурныя формы, у прыватнасці, сімвалы, для таго, каб узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі, разумець іх. Культура ствараецца з пэўных форм — слоў, метафар, навуковых паняццяў, мадэлей, сімвалаў, расказаў. Некаторыя з гэтых форм можна аднесці да сімвалічных. Мы іх выкарыстоўваем не для таго, каб абазначыць іншы прадмет або рэч, а для таго, каб адкрыць нешта ў іншым чалавеку або ў самім сабе. Напрыклад, мы дорым падарунак блізкаму. Яго можна разглядаць як сімвалічную форму, з дапамогай якой мы выказваем свае адносіны да чалавека і ў пэўным сэнсе трансліруем яму бачанне гэтага чалавека. Людзі пастаянна сутыкаюцца з рознымі сімвалічнымі формамі. Гэта могуць быць жэсты, погляд чалавека, манера вітацца — так мы выказваем свае адносіны да іншых людзей. Мы можам павітацца, шырока ўсміхаючыся, або скрозь зубы, або зусім адмовіцца вітацца. Я даследаваў, як дзеці з цяжкасцямі ў навучанні і звычайныя дзеці вучацца чытаць гэтыя сімвалы, шукаў спосабы, як можна іх навучыць правільна разумець сімвалы. Галоўная цяжкасць у тым, каб навучыць іх правільна інтэрпрэтаваць сімвалічную форму. Напрыклад, калі дзіця з абмежаваннямі чуе метафару “сонечны чалавек”, яно можа не здагадацца, што гаворка ідзе аб радасным чалавеку. Сонечны — “жоўты” або “гарачы”, падумае дзіця. А пры праглядзе мультфільма “Паравозік з Рамашкава”, які знаёміць нас з рознымі псіхалагічнымі станамі чалавека, перажываннямі, схільнасцю захапляцца, дзецям з асаблівасцямі складана будзе ўспрыняць гэты схаваны падтэкст. Тое самае адбываецца пры вывучэнні твораў мастацкай літаратуры, фразеалагічных выразаў, прыказак і прымавак. Разам з настаўнікам-дэфектолагам з Брэста Марыяй Пугач мы распрацавалі карэкцыйную праграму для дзяцей з затрымкай псіхафізічнага развіцця, якую ўдалося апрабаваць у рамках эксперымента і ўкараніць. Вопыт паказаў, што дзяцей можна навучыць правільна разумець пэўныя сімвалічныя формы. Для гэтага выкарыстоўваліся мультфільмы і кароткаметражныя сацыяльныя ролікі.
— Вывучэнне псіхалагічных асаблівасцей дзяцей з абмежаваннямі можа дапамагчы ў разуменні звычайных дзяцей?
— Псіхалагічныя асаблівасці, якія я вывучаю, уласцівы ўсім людзям. Гэта не толькі асаблівасці інтэлекту чалавека, але і асаблівасці дзейнасці, асобы, узаемадзеяння з іншымі людзьмі. У адносінах да дзяцей з абмежаваннямі я вывучыў пэўны псіхалагічны механізм — вывеў заканамернасць, якая можа стаць інстументам для разумення любога чалавека. Гэтым псіхалогія адрозніваецца ад медыцыны, у якой дыягностыка і карэкцыя прывязаны да дыягназу. Псіхолаг абстрагуецца ад дыягназу, ён можа вылучаць гіпотэзы аб тым, што адбываецца з чалавекам, даследаваць чалавека, каб пацвердзіць або абвергнуць гіпотэзы. Адна з важных рыс для прафесійнага станаўлення псіхолага — умець сумнявацца ў сваіх ведах. Як гаварыў вядомы чэшскі філосаф Ежы Станіслаў Лец, толькі Бог складаецца з адказаў, а чалавек вытканы з адных пытанняў. У псіхалогіі нічога не бывае адназначна сцвярджальнага з клічнікам. Псіхолаг сутыкаецца з эфектам капусты. Ён лічыць, што пад верхнім лістом капусты знаходзіцца наступны, знімае яго і нешта новае для сябе ўдакладняе, карэкціруе папярэднюю думку, знімае далей і г.д. Але дайсці да сутнасці не заўсёды атрымліваецца.
— Што асабіста вам дае веданне псіхалогіі?
— Псіхалогія як дадатковае вымярэнне ў маім жыцці. Дапусцім, адбылася непрыемная падзея. Звычайна людзі рэагуюць на яе па звычцы, праяўляючы рысы свайго характару, напрыклад, абвінавачваюць кагосьці або сябе, адчуваюць сваю бездапаможнасць. Веданне псіхалогіі дазваляе паглядзець на любую сітуацыю збоку, прааналізаваць яе, падумаць аб схаваных намерах тых, хто ў ёй удзельнічаў, больш глыбока разабрацца ў праблеме і зразумець, што ж адбылося на самай справе, што гэтая сітуацыя можа даць чалавеку ў асабістым плане. Вядомы савецкі і расійскі псіхолаг Барыс Сяргеевіч Братусь гаварыў, што псіхалагічныя веды, прафесія псіхолага дазваляюць зразумець: тое, што з табой адбываецца, адбываецца не толькі з табой, падобныя рэчы здараюцца і з іншымі людзьмі.
У сямейным жыцці псіхалогія дапамагае зразумець многія рэчы глыбей і прыняць іх. Чым бліжэй табе становіцца чалавек, чым даўжэй ты з ім жывеш, тым больш заўважаеш адрозненні, якія ёсць паміж вамі, і тым складаней на самай справе іх прыняць. І, наадварот, здаецца, парадокс: чым менш мы ведаем чалавека, тым больш шансаў, што мы знойдзем з ім нешта агульнае. Я не гавару, што псіхолаг — самадастатковы чалавек, ён таксама мае патрэбу ў дапамозе іншых людзей, больш моцных, якія па-іншаму адносяцца да сітуацыі. Кожны з нас мае патрэбу ў альтэрнатыўным пункце гледжання. Калі перажываеш сітуацыю адзін, ты замкнёны ў сваім унутраным свеце, нібыта ў тунэлі. І тут веды па псіхалогіі могуць нават ускладніць тваё жыццё, бо чым цяжэйшая рэальнасць, якую ты бачыш, тым складаней жыць у ёй. Іншая справа, што не варта разглядаць складанасць як штосьці са знакам мінус. Псіхалогія якраз дапамагае знайсці ў любой сітуацыі штосьці пазітыўнае, не ўскладняць яе, прасцей адносіцца. Толькі прастата гэтая бывае рознай. Ёсць прастата, якая горш за зладзейства, а ёсць прастата, да якой трэба дарасці, калі яна з’яўляецца праяўленнем мудрасці. Часам уражвае гераізм і прастата людзей з інваліднасцю. Гераізм не ў сэнсе “кінуцца на амбразуру”, а бытавы гераізм, які праяўляецца ў штодзённых дробязях, калі чалавек разумее, што няма ніякіх аб’ектыўных прычын для радасці, бо ён не здольны як след нічога рабіць, залежыць ад навакольных. Але чалавек усё роўна знаходзіць сілы жыць і радавацца жыццю па-сапраўднаму, годна.
— Якіх спецыялістаў рыхтуюць на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ, дзе яны змогуць працаваць у будучыні?
— Мы рыхтуем спецыялістаў-псіхолагаў па дзвюх спецыяльнасцях — “Сацыяльная псіхалогія” і “Медыцынская псіхалогія”, якая ўключае ў сябе падрыхтоўку ў сферы спецыяльнай псіхалогіі. Нашы выпускнікі могуць працаваць у звычайных школах, у ЦКРНіР і цэнтрах ранняга ўмяшання, у псіханеўралагічных дыспансерах, псіхолагамі пры паліклініках. Папулярнасць у камерцыйных арганізацыях набыла работа псіхолагаў з персаналам па тэмах карпаратыўнай культуры, падрыхтоўкі персаналу да ўзаемадзеяння з кліентамі і г.д.
— Аляксей Міхайлавіч, якімі тэмамі (праектамі) вы плануеце займацца ў далейшым?
— Ёсць вопыт і веды, якімі мне хочацца падзяліцца з людзьмі. Зараз працую з аспіранткай Марыяй Пугач, якая працягне тэму маёй доктарскай дысертацыі. Яна вывучае эстэтычныя перажыванні ў дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця. Атрымаў прапанову ад Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ аб правядзенні на іх базе курсаў для бацькоў, настаўнікаў-дэфектолагаў. Хачу падрыхтаваць для іх практыка-арыентаваную праграму заняткаў, не проста лекцыі, а майстар-класы, якія дапамагалі б лепш разабрацца ў тым, як узаемадзейнічаць з дзіцем, як яго правільна развіваць.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.