Псіхалогія для цябе

- 15:34Адукацыйная прастора

Ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў у жыцці любога чалавека адбываюцца значныя змены, сярод якіх сталенне і станаўленне асобы. Разам з імі спее жаданне пазнаць сябе і свой унутраны свет. Прафесійнае самавызначэнне хвалюе сучасных маладых людзей не менш, таму выбар будучай прафесіі — гэта адзін са спосабаў самапазнання.

У адну з субот снежня 2018 года ўпершыню ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прайшоў маладзёжны фестываль “Псіхалогія для цябе”. Ён сабраў навучэнцаў, бацькоў і педагогаў з розных куткоў нашай краіны. Наша школа таксама зрабіла заяўку на ўдзел у гэтым мерапрыемстве.

Пра тое, што нас чакае на фестывалі, мы ведалі з электроннай пошты і ўніверсітэцкага сайта факультэта псіхалогіі. Праграма была насычанай, цікавай і пазнавальнай. У фае ўніверсітэта нас сустрэлі ветлівыя студэнты факультэта псіхалогіі. Далей была рэгістрацыя ўдзельнікаў і размеркаванне для ўдзелу ў трэнінгах. Перад намі таксама паўстаў выбар: які трэнінг наведаць? Да вырашэння пытання арганізатары фестывалю падышлі вельмі крэатыўна. Нам было прапанавана выцягнуць з пакета заснежаную елачку з назвай трэнінгу. Хто б мог падумаць, што звычайная папяровая елачка дапаможа не толькі зрабіць нялёгкі выбар, але і ўзняць настрой. Яна нагадала пра навагоднія святы.

Пасля рэгістрацыі ўдзельнікаў чакала экспрэс-псіхадыягностыка, дзе можна было з дапамогай праектыўных методык выявіць свае асобасныя асаблівасці і скласці індывідуальны профіль, а таксама атрымаць рэкамендацыі па асобасным развіцці. Дапамаглі нам у гэтым магістранты са студэнцкай экспрэс-псіхадыягнастычнай лабараторыі “Пазнай сябе”.

У прывітальным слове да ўдзельнікаў фестывалю дэкан факультэта псіхалогіі ўніверсітэта Ганна Віктараўна Ракіцкая расказала пра факультэт і спецыяльнасці, якія можна атрымаць, паступіўшы сюды. Якасная псіхалагічная адукацыя — шлях да паспяховай кар’еры. А паспяховым у сучасным свеце хоча быць кожны. Далей дэкан факультэта дала слова доктару псіхалагічных навук, прафесару, загадчыку кафедры эксперыментальнай і прыкладной псіхалогіі Канстанціну Віктаравічу Карпінскаму. Перад пачаткам сваёй міні-лекцыі “Псіхалогія ў жыцці сучаснага чалавека” прафесар расказаў пра сябе, сваю сям’ю, уласнае бачанне псіхалогіі як навукі, чым адразу захапіў аўдыторыю. Лекцыя прайшла жвава, цікава, а сам доктар псіхалагічных навук папрасіў дазволу назваць яе аповесцю пра развіццё чалавека як біялагічнага віду. Прафесар, умела выкарыстоўваючы гумар, здолеў данесці да аўдыторыі важнасць псіхалагічных ведаў на сучасным этапе развіцця чалавецтва.

Пасля перапынку ўсе ўдзельнікі фестывалю падзяліліся на групы і змаглі наведаць шэсць трэнінгаў (“Навыкі эфектыўных зносін”, “Мае эмоцыі”, “Безбар’ерныя зносіны”, “Стратэгіі паводзін у канфлікце”, “У свеце псіхалагічнага майстэрства”, “Групавы націск і ўменне сказаць “не”), якія праводзілі магістранты факультэта псіхалогіі. На іх мы атрымалі магчымасць даведацца пра свой унутраны свет і адносіны да саміх сябе ў працэсе камунікацыі.

Пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі Ксеніі Уладзіміраўны Гіль, магістрантаў і студэнтаў 1—4 курсаў факультэта псіхалогіі была праведзена інтэлектуальная гульня “Інсайт”, у якой кожнаму была дадзена магчымасць паказаць свае веды і ўменні. Усе ўдзельнікі падзяліліся на каманды. Кожная прыдумала назву і прадставіла яе ўдзельнікам фестывалю. У нашай дзявочай камандзе пад назвай “Моцныя мазгі”, якая складалася з шасці чалавек, ролі размеркаваліся вельмі хутка. Каманда дала магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі капітана каманды мне, навучэнцы 11 класа, як самай старэйшай. Гэта быў мой першы вопыт як лідара, і мне ён спадабаўся. І хаця мы занялі чацвёртае месца па выніках гульні, я ў заключным слове адзначыла, што нам ёсць да чаго імкнуцца і чаго дасягаць. Нездарма гавораць: “На прыёме лепш смяяцца ў псіхолага, чым плакаць у псіхіятра”.

Асаблівую цікавасць на фестывалі выклікаў раздзел праграмы, у якім было прадстаўлена студэнцкае навуковае таварыства факультэта псіхалогіі. Намеснік дэкана па навуковай рабоце, дацэнт, кандыдат псіхалагічных навук Вольга Генадзьеўна Мітрафанава прадставіла студэнтаў, якія займаюцца навукай.

Мяне вельмі зацікавіла навуковая работа пра ролю псіхолага-прафесіянала ў сучасным грамадстве, дзе на аснове асацыятыўнага эксперымента даследаваліся адносіны старшакласнікаў да прафесіі псіхолага. Здзівілі вынікі даследаванняў, якія паказалі, што ў цяперашні момант у навучэнцаў да гэтай прафесіі ў асноўным станоўчае і нейтральнае стаўленне, што сведчыць пра неабходнасць правядзення далейшай асветніцкай, рэкламнай дзейнасці, якая расказвае пра прафесію псіхолага для павышэння ўзроўню псіхалагічных ведаў і аказання кансультацыйных і іншых паслуг насельніцтву.

Мы таксама ўжо маем вопыт напісання даследчай работы, таму гэты від дзейнасці быў нам блізкі. Так, у гэтым годзе наша работа “Разуменне фундаментальных базавых эмоцый у малодшым школьным узросце ў кантэксце феномена Бонсцікаў” у суаўтарстве з Э.Берэнштэйнам, навучэнцам нашай школы, пад кіраўніцтвам навуковага кіраўніка педагога-псіхолага Марыны Віктараўны Сіманенкавай на абласным этапе конкурсу “ХХІ стагоддзе як псіхазойская эра” заняла першае месца. У гэтым навучальным годзе мы працягваем навуковую дзейнасць і збор матэрыялаў для новай даследчай работы.

На гэтым маладзёжным прафарыентацыйным фестывалі мы пазнаёміліся з універсітэтам, факультэтам псіхалогіі і цудоўнымі людзьмі, прафесіяналамі сваёй справы. Спецыялісты кваліфікавана, на даступнай мове растлумачылі, што без ведаў псіхалогіі жыццё сучаснага чалавека сумнае, звычайнае. Вопыт удзелу ў трэнінгах дапамог раскрыць сябе і свой унутраны патэнцыял. Мы, навучэнцы, будучыя абітурыенты, зразумелі, як будзе праходзіць навучанне ва ўніверсітэце, атрымалі адказы на пытанні пра тэрміны падачы дакументаў, пра цяжкасці паступлення і навучання ва ўстанове вышэйшай адукацыі. Разам з гэтым, зарад пазітыву быў такі, што пасля паездкі вельмі захацелася стаць студэнтамі менавіта той УВА. Акрамя таго, на фестывалі мы пазнаёміліся з хлопцамі і дзяўчатамі з розных гарадоў, з розных навучальных устаноў, абмяняліся кантактамі і спадзяёмся сустрэцца ў сценах універсітэта ўжо як студэнты.

Рэната КУПЦЕЛЬ,
навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 5 Ліды.
Фота з сайта факультэта псіхалогіі
Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.