Псіхалогія — справа тонкая

У любой прафесіі заўсёды цэняцца прафесіяналізм, майстэрства, адданасць і вернасць сваёй справе. Менавіта такімі якасцямі валодае педагог-псіхолаг Іна Сцяпанаўна Булатава з Маларыцкага раённага ЦКРНіР. Калегі дадаюць, што ёй уласцівы таксама невычэрпны аптымізм і энергічнасць, стараннасць і працавітасць, творчы пошук і тонкая назіральнасць, а галоўнае — чалавечнасць. Гэтым педагог і заваёўвае сэрцы дзяцей і іх бацькоў.

І.С.Булатава — адзін з самых дасведчаных педагогаў-псіхолагаў на Маларытчыне. Яна валодае вялікім практычным вопытам работы з рознымі катэгорыямі кліентаў і нават мае ліцэнзію Міністэрства аховы здароўя Беларусі на прыватную практыку.

І.С.Булатава пастаянна рухаецца наперад. Педагог ужо апрабавала шэраг інавацыйных напрамкаў у псіхалогіі: прыкладны аналіз паводзін; жэтонную сістэму ўзнагароджвання для ўмоўнага падтрымання, неабходнага для замацавання псіхатэрапеўтычных жаданых паводзін; праектны метад Sandplay ў рабоце з сем’ямі, якія выхоўваюць асаблівых дзяцей. Іна Сцяпанаўна актыўна выкарыстоўвае ў карэкцыйнай і кансультацыйнай дзейнасці пясочную тэрапію, арт-тэрапію і казкатэрапію. Добрыя вынікі даюць дыхальныя тэхнікі, якія прымяняюцца ў рабоце з дзецьмі з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, а таксама з тымі, што заікаюцца.

Важнае месца ў карэкцыйнай рабоце з дзецьмі з АПФР займае нейрапсіхалагічны падыход. Так, педагог-псіхолаг звяртаецца да метаду кінезіялогіі з дзецьмі, якія маюць мінімальныя мазгавыя дысфункцыі, працуе над аўтарскай методыкай па выкарыстанні адукацыйнай кінезіялогіі ў рабоце з асаблівымі дашкольнікамі і малодшымі вучнямі.

Сёння І.С.Булатава апрабоўвае методыку ацэнкі дзіцяча-бацькоўскіх узаемаадносін на этапе ранняга ўмяшання. Іна Сцяпанаўна супрацоўнічае з незалежнай лабараторыяй “Псіхалагічныя інструменты” ў Маскве для актыўнага выкарыстання ў практычнай дзейнасці новай методыкі, якую дапамагаюць укараняць яе аўтары І.М.Галасюк і Т.В.Шыніна.

— Не хацела б іншага лёсу, — прызнаецца І.С.Булатава. — Дапамагаць іншым, працягваць ім руку падтрымкі, не праходзіць міма чалавечага гора і бяды — гэтаму з дзяцінства мяне вучылі бацькі, таму сябе і бачыла заўсёды толькі псіхолагам.

Іна Сцяпанаўна выпрацавала адметны прафесійны почырк, у аснове якога — уменне слухаць і чуць суразмоўцу, а таксама душэўная шчодрасць. Без гэтага ў рабоце з асаблівымі дзецьмі не абысціся. І менавіта ў гэтым хаваецца сакрэт той узаемнасці, якая цесна звязвае педагога-псіхолага з тымі, з кім яна працуе і каго кансультуе штодзень. Каб быць шчодрым, трэба быць духоўна багатым. Неабходна многае ўмець, каб многае аддаваць з дня ў дзень, з году ў год — усё жыццё.

— Псіхолаг хоць і з’яўляецца своеасаблівым доктарам, але ўсё ж такі не чараўнік, таму спадзявацца толькі на яго нельга, — гаворыць І.С.Булатава. — Псіхолаг не ў сілах вырашыць усе праблемы, якія ўзнікаюць. Ён можа падказаць, дапамагчы разабрацца ў пэўнай сітуацыі, акрэсліць шляхі выйсця з яе.

Іна Сцяпанаўна ўмее асцярожна, далікатна і акуратна зазірнуць у душу дзіцяці і заўважыць уласцівае толькі яму аднаму, развіць тое, што пакуль малапрыметнае. І.С.Булатава лічыць, што прафесія псіхолага — справа тонкая, надзвычай далікатная і адказная. Жаданне працаваць павінна ісці ад сэрца і ўсведамлення таго, што можаш хаця б крыху аблегчыць жыццё іншым.

Іна Сцяпанаўна кансультуе не толькі дзяцей, але і іх бацькоў.

— З вырашэннем праблем, выяўленых на кансультацыях, марудзіць нельга, — адзначае І.С.Булатава. — Абапіраючыся на прафесійныя веды і асабісты вопыт, псіхолаг убачыць і паспрабуе дапамагчы зразумець сутнасць пэўнай сітуацыі, знайсці правільнае выйсце з яе. Неабходна памятаць, што разам лягчэй разабрацца ва ўсіх дэталях і нюансах. Не трэба баяцца звяртацца да псіхолага.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.