Псіхалогія сучаснасці

- 14:28Суразмоўца

Не так даўно ў Інстытуце псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі. Першая канферэнцыя такога ўзроўню па гэтай тэматыцы ў нашай краіне. Падкрэсліваю гэта асабліва, бо кагнітыўна-паводзінскі падыход у кансультаванні і псіхатэрапіі — “залаты стандарт” сучаснай псіхалогіі і псіхатэрапіі, рэкамендаваны для работы з пацыентамі Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Гэта першае. Другое — Інстытут псіхалогіі БДПУ сумесна з адпаведным факультэтам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта збіраецца рыхтаваць магістрантаў па названым напрамку.

Дырэктар Інстытута псіхалогіі кандыдат псіхалагічных навук Дзмітрый Рыгоравіч Дзьякаў сам сертыфікаваны спецыяліст у гэтай галіне, а яшчэ вялікі энтузіяст у развіцці кагнітыўна-паводзінскага падыходу (слова “кагнітыўны”, дарэчы, паходзіць ад лацінскага дзеяслова “ведаць”). Да яго мы і звярнуліся па больш падрабязную інфармацыю.

— Дзмітрый Рыгоравіч, раскажыце, калі ласка, пра ідэю канферэнцыі, яе задачы.

— Канферэнцыя была прысвечана кагнітыўна-паводзінскаму падыходу, які грунтуецца на вывучэнні рэакцыі чалавека на стрэс, які характэрны толькі для гэтай асобы, заснаваны на яго прывычных устаноўках, не заўсёды правільных. Існуюць пратаколы аказання псіхалагічнай дапамогі на аснове такой тэрапіі, іх эфектыўнасць можна праверыць даследаваннямі. Мы, між іншым, імкнёмся арганізаваць такія даследаванні і ў Беларусі. Карыстаючыся кагнітыўна-паводзінскім падыходам, можна, напрыклад, дапамагаць людзям, якія адчуваюць негатыўныя эмоцыі ў адносінах да саміх сябе, тым, хто пакутуе на дэпрэсію, фобіі, мае іншыя расстройствы.

Страхавыя кампаніі ў ЗША і Заходняй Еўропе арыентуюцца на гэты падыход пры арганізацыі аплаты паслуг псіхатэрапеўтаў і псіхолагаў, а ў Вялікабрытаніі, напрыклад, яшчэ ў 2014 годзе дзяржава выдаткавала 5 млн фунтаў стэрлінгаў на развіццё гэтага напрамку. Важна, каб у нашай краіне падыход быў рэалізаваны, каб мы рыхтавалі сваіх спецыялістаў. Канферэнцыя, у прынцыпе, і была накіравана на пачатак такой работы, хаця цыклы азнаямленчых семінараў па гэтай тэме і зараз праводзяцца ў нашым інстытуце. Цяпер галоўнае — зрабіць такое навучанне сістэмным, над чым мы і збіраемся працаваць разам з калегамі з МДУ, спадзяёмся стварыць міжнародную магістратуру па кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі. Магістранты будуць адначасова атрымліваць, такім чынам, дыпломы БДПУ і МДУ, заняткі будуць праводзіць і нашы, і расійскія выкладчыкі.
Дарэчы, стварэнне сеткавай магістратуры па крызiснай псіхалогіі разам з Маскоўскім дзяржаўным псіхолага-педагагічным універсітэтам мы закончым ужо ў бягучым навучальным годзе, бо ў Беларусі існуе добрая навуковая школа па гэтым напрамку.

— Якія выступленні прагучалі падчас першай у Беларусі Міжнароднай канферэнцыі па кагнітыўна-паводзінскім падыходзе і якія майстар-класы прайшлі, хто мог у іх удзельнічаць?

—У нас выступіла шмат навукоўцаў з розных краін, усяго ў канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 100 гасцей, прагучалі 16 дакладаў, прайшлі 13 майстар-класаў і 3 практыка-арыентаваныя семінары. Так, да нас прыехаў вядомы расійскі даследчык і практык Якаў Анатольевіч Качаткоў, які, у прыватнасці, правёў семінар аб прыродзе і механізмах абсэсіўна-кампульсіўнага расстройства. Выступілі іншыя госці, прафесіяналы ў сваёй галіне.

Былі прадстаўлены, канечне, і беларускія навукоўцы, у якіх таксама назапашаны добры вопыт, — Алег Раманавіч Айзберг, Уладзімір Антонавіч Дамарацкі, прадстаўнікі нашага ўніверсітэта — Леанід Абрамавіч Пяргаменшчык, Аляксандр Паўлавіч Лабанаў, я сам, іншыя калегі.

А прысутнічаць на выступленнях, майстар-класах і трэнінгах маглі ўсе, каму гэта цікава і хто мае адпаведную падрыхтоўку, у тым ліку студэнты, як БДПУ, так і іншых устаноў.

Думаю, удзельнікам канферэнцыі і яе арганізатарам удалося вырашыць яе асноўную задачу — прадставіць кагнітыўна-паводзінскі падыход у кансультаванні і псіхатэрапіі ва ўсёй яго сістэмнасці і структураванасці, прадэманстраваць яго эфектыўнасць, разнастайнасць і перспектыўнасць.

— Канферэнцыя, упэўнена, не адзіны міжнародны праект, які рэалізуецца пры актыўным удзеле Інстытута псіхалогіі, гэта так?

— Канечне. Літаральна днямі ў інстытуце прайшла сустрэча спецыялістаў з устаноў сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі па абмеркаванні сумеснага з ЮНІСЕФ праекта па стварэнні бяспечнага адукацыйнага асяроддзя ў школах. Ідэя ў тым, каб распрацаваць мадэль па стварэнні ўмоў псіхалагічнай бяспекі навучэнцаў для мінімізацыі розных форм насілля ў школе, уключаючы псіхалагічнае, а таксама кібернасілле. Праект плануем абмяркоўваць з практыкамі на працягу ўсяго часу яго падрыхтоўкі. У абмеркаванні прымаюць удзел і нашы студэнты. Яны ўваходзяць у склад груп, дзе ў рэжыме мазгавога штурму будуць абмяркоўвацца крокі паэтапнай рэалізацыі праекта.

Работа прадугледжвае адаптацыю ў Беларусі харвацкай мадэлі бяспечнага адукацыйнага асяроддзя. Да канца каляндарнага года збіраемся распрацаваць адаптаваную для нашых умоў мадэль. Потым будзе створаны метадычны дапаможнік для школьных спецыялістаў, а таксама арганізаваны вучэбныя курсы на базе нашага інстытута па рэалізацыі гэтай мадэлі. І, нарэшце, адбудзецца прэзентацыя мадэлі шырокай грамадскасці, як педагогам, кіраўнікам устаноў адукацыі, так і любым зацікаўленым асобам.

Гэта толькі адзін прыклад міжнароднага супрацоўніцтва, а наогул, інстытут актыўна яго развівае — працуем з універсітэтамі Томска, Гданьска, Санкт-Пецярбурга, іншымі. Таксама працуем па грантах Беларускага фонду фундаментальных даследаванняў.

— Вы сказалі, што студэнты актыўна ўдзельнічаюць у абмеркаванні і рэалізацыі праекта, сумеснага з ЮНІСЕФ. А наогул, ці шмат увагі ўдзяляецца практыка-арыентаванай падрыхтоўцы будучых псіхолагаў?

— Пачну здалёк. Зараз у інстытуце на дзённай форме вучыцца 406 чалавек і 1241 — на завочнай. Спецыялістаў-псіхолагаў мы рыхтуем па дзвюх спецыяльнасцях — “Псіхалогія” (педагагічная, а таксама сацыяльная псіхалогія, псіхалогія сямейных адносін і псіхалогія прадпрымальніцкай дзейнасці) і “Практычная псіхалогія”. Магістрантаў рыхтуем па спецыяльнасцях “Псіхалогія”, “Псіхалагічнае кансультаванне” і “Псіхалогія ў бізнесе”, рыхтуем таксама аспірантаў і дактарантаў. Як бачыце, нават назвы пэўных спецыяльнасцей прама гавораць аб іх практычнай накіраванасці.

Адзін з самых буйных нашых практыка-арыентаваных праектаў, у якім актыўна задзейнічаны студэнты, — гэта Цэнтр псіхалагічнай дапамогі замяшчальным сем’ям, які мы адкрылі ў 2014 годзе разам з італьянскай некамерцыйнай арганізацыяй “Пуэр”. Кансультуем спецыялістаў са школ, сацыяльна-педагагічных цэнтраў, бацькоў з замяшчальных сем’яў розных тыпаў як пры непасрэдных зносінах, так і анлайн. Тэмы кансультавання самыя розныя: адаптацыя дзіцяці ў калектыве, выяўленне суіцыдальных тэндэнцый у навучэнцаў, уплыў сямейнай сістэмы на паводзіны дзіцяці ў школе і інш. Студэнты-валанцёры адначасова і вучацца, і дапамагаюць людзям.

Яшчэ адна магчымасць як мага бліжэй пазнаёміць студэнтаў з практычнай работай з І курса — валанцёрская практыка, якая праходзіць і ва ўстановах адукацыі, і ў сацыяльна-педагагічных цэнтрах, дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў. Мы былі адным з першых тады яшчэ факультэтаў, якія ўвялі ў вучэбны працэс валанцёрскую практыку для пачаткоўцаў.

Таксама нашы студэнты могуць праходзіць практыку і ўдзельнічаць у аказанні псіхалагічнай дапамогі, псіхалагічным кансультаванні, у трэнінгах на базе лабараторыі клінічнай і кансультатыўнай псіхалогіі.

— Удзел студэнтаў у навукова-даследчай дзейнасці таксама дастаткова вялікі?

— У нас ёсць 5 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый (“Рызыкоўныя паводзіны сучаснай моладзі: небяспекі і магчымасці”, “Псіхалогія прафесійнага самавызначэння” і інш.), іх прадстаўнікі падключаюцца да кафедральных даследаванняў. Цяпер, напрыклад, студэнты ўдзельнічаюць у даследаванні пад маім кіраўніцтвам, якое тычыцца хімічных і нехімічных залежнасцей. А з 2017 года па гранце фонду фундаментальных даследаванняў пад кіраўніцтвам загадчыцы адной з нашых кафедр Наталлі Леанідаўны Пузырэвіч студэнты вядуць даследаванні якраз у галіне кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі. Сёлета грант БФФД выдзелены нашаму магістранту Аляксандру Дзяругіну.

І гэтыя, і іншыя даследаванні практыка-арыентаваныя, у наш час вельмі складана атрымаць сродкі на даследаванні, калі яны не звязаны (і вельмі цесна) з практыкай. У інстытуце мы наогул робім на гэтым акцэнт — на вырашэнні практычных задач.

Акрамя таго, нашы студэнты амаль штогод атрымліваюць узнагароды на конкурсах студэнцкіх навуковых работ. У мінулым годзе, напрыклад, Наталля Угляніца, якая працавала пад кіраўніцтвам Н.Л.Пузырэвіч, стала лаўрэатам такога рэспубліканскага конкурсу з работай аб стратэгіі пераадолення цяжкіх жыццёвых сітуацый у падлеткаў з замяшчальных сем’яў. Цяпер Наталля наш аспірант, адначасова працуе педагогам у СПЦ Кастрычніцкага раёна Мінска, апрабавала сваю праграму ў рабоце з дзецьмі з замяшчальных сем’яў.

За год да гэтага мая студэнтка Алёна Слонава таксама была лаўрэатам конкурсу з работай па развіцці пазнавальных працэсаў у студэнтаў у рэчышчы якраз кагнітыўна-паводзінскага падыходу. Тых, хто перамагае на такіх конкурсах, мы стараемся заахвоціць да работы ў Iнстытуце псіхалогіі, нам патрэбны маладыя мэтанакіраваныя выкладчыкі. Таксама важная пераемнасць навуковых ведаў, яна — адна з найважнейшых характарыстык беларускай навуковай псіхалогіі. І ў нашым інстытуце гэта вельмі заўважна.

— Ведаю, што кожны год у вас праходзіць нямала навуковых канферэнцый, пастаянна праводзяцца семінары на актуальную тэматыку. Раскажыце крыху пра гэтыя падзеі.

— У нас ёсць канферэнцыя для магістрантаў і аспірантаў, якая праходзіць раз у год. Для стварэння канкурэнтнага асяроддзя, з аднаго боку, і для паляпшэння міжнародных камунікацый, з другога. Запрашаем на яе маладых навукоўцаў з іншых краін — Расіі, Украіны, Літвы, Казахстана. Таксама арганізоўваем стажыроўкі нашых студэнтаў і запрашаем студэнтаў з іншых краін на стажыроўкі да нас. У планах, напрыклад, арганізаваць стажыроўку студэнтаў БДПУ ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі. А да нас пазалетась прыязджала група магістрантаў з Казахстана. Цяпер мы падключыліся да праекта па навучанні студэнтаў з Узбекістана на спецыяльна адкрытым міжуніверсітэцкім факультэце. Частка падрыхтоўкі будзе праходзіць у нас, частка — ва Узбекістане.

Ну і дадам, што ўжо некалькі гадоў запар у нас праводзіцца Тыдзень англійскай лексікі ў псіхалогіі, калі праходзіць серыя лекцый, семінараў, квестаў і г.д. на англійскай мове, прысвечаная тым падыходам і напрамкам у псіхалогіі, якія былі створаны ў англамоўных краінах. Пераўтварэнне англійскай мовы ў мову міжнацыянальных навуковых зносін псіхолагаў — сучасная тэндэнцыя развіцця псіхалогіі, і мы гэта разумеем, імкнёмся быць у яе рэчышчы. Праект становіцца ўсё больш папулярным, да нас прыходзяць студэнты з розных курсаў, нават тыя, хто ўжо прайшоў заяўленыя тэмы.

Праходзяць і іншыя семінары, канферэнцыя “Псіхалагічныя праблемы сучаснай сям’і” на базе МДУ, у падрыхтоўцы якой мы пастаянна прымаем удзел, серыя канферэнцый “Псіхалогія і жыццё” — у лістападзе ў рамках гэтай серыі пройдзе канферэнцыя па псіхалогіі адукацыі, анлайн-канферэнцыі і г.д.

Не пабаюся сказаць, што ўсе нашы намаганні накіраваны на падрыхтоўку псіхолагаў, у прыватнасці, педагогаў-псіхолагаў, якія ўмеюць і імкнуцца стымуляваць асобу да росту, развіцця, паказваюць, як не стаць ахвярай сітуацый, а, наадварот, быць аўтарам свайго жыцця.

Гутарыла Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Iнстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка.