Псіхолаг для дэльфіна

23 ліпеня, у аўторак, адзначаўся Сусветны дзень аховы дэльфінаў і кітоў. У гэты дзень я пазнаёмілася з Аляксандрай ШУЛЯКОЎСКАЙ — дэльфінатэрапеўтам, трэнерам, кіраўніком дэльфінатэрапіі Мінскага дэльфінарыя “Нэма”. Кожны дзень яна прысвячае таму, каб зрабіць жыццё сваіх гадаванцаў больш камфортным, таму 23 ліпеня, можна сказаць, яе прафесійнае свята. Пра сакрэты гэтай дзіўнай прафесіі і пойдзе наша гутарка.

— Аляксандра, ведаю, што вы атрымалі адукацыю псіхолага, спецыяліста па сацыяльнай рабоце ў БДУ. Як атрымалася, што працоўным кабінетам стаў басейн, а пацыентамі — не лю­дзі, а дэльфіны?

— Калі 8 гадоў назад я атрымала дыплом, неяк убачыла вакансію псіхолага ў дэльфінарыі. І прыйшла туды. Думала, што ў маіх функ­цыях будзе цімбілдынг ці падбор персаналу, але высветлілася, што там патрэбен псіхолаг… для дэльфінаў. Спужацца і адмовіцца я паспела, а вось уцячы — не (усміхаецца): мяне ўгаварылі спачатку паспрабаваць. Мне падабаліся жывёлы, але я не думала ніколі, што гэта выйдзе на прафесійны ўзровень. А што тычыцца дэльфінаў, то я ўвогуле ніколі да таго дня іх не бачыла.

— Колькі ў Беларусі вашых калег?

— Чацвёра, і ўсе працуюць у нашым дэль­фінарыі. Мы з Таццянай Рыжкевіч працуем для дэльфінаў на сушы, а хлопцы — Яўген Фішчук і Станіслаў Смірноў — на ва­дзе. На нас чатырох — тры дэльфіны — Х’юга, Геркулес і Віта.

— Што тут больш важнае — быць спецыялістам ці спадабацца дэльфіну?

— Адназначна спадабацца дэльфіну. Але без вучобы таксама не абыдзецца. Я стажыравалася ў Мінску: назірала за работай супрацоўнікаў нашага дэльфінарыя, а потым мяне адправілі да больш вопытных трэнераў у Адэсу. Важна ведаць паводзінскую базу дэльфінаў, іх псіхалогію, псіхалогію групы жывёл, але галоўнае — навучыцца быць з імі на адной хвалі. Інакш нічога табе не дапаможа, якім бы разумным і дасведчаным ты ні быў. Менавіта таму экзамен для патэнцыяльных трэнераў праводзілі самі дэльфіны. Ён заключаўся ў наступным: пасля грунтоўнага выпрабавальнага перыяду, які нам, стажорам, арганізавалі дэль­фіны, мы па чарзе павінны былі падысці да жывёл і паклікаць іх да сябе. Калі хтосьці з іх з’явіцца на памосце, значыць экзамен зда­дзены. Да мяне выйшлі Х’юга і Ніка, але пазней Ніка забралі ў Крымскі дэльфінарый.

— Раскажыце, чым займаецца дэльфінатэрапеўт.

— Ёсць два віды дэльфінатэрапеўтаў: трэнер дэльфінаў і псіхолаг-дэльфінатэра­пеўт. Я трэнер і мая задача — стварыць зону камфорту для жывёлы, арганізаваць яго работу так, каб яму не нашкодзіла дзіця. Я раблю ўсё, каб дэльфін быў заўсёды на месцы, прыносіў мяч, калі трэба — выходзіў на памост, даваў сябе гладзіць. За камфорт дзіцяці адказвае псіхолаг-дэльфінатэрапеўт, які знахо­дзіцца ў вадзе, побач з дзіцем і канцэнтруецца толькі на ім. Яму важна навучыць дзіця не дра­паць жывёлу, не кідацца, не крычаць, не ска­каць побач і не пужаць дэльфіна, засяро­джвацца на тэрапіі. Дарэчы, мы, трэнеры дэль­фінаў, таксама вывучаем дзіцячую псіхалогію, каб з калегамі-мужчынамі арганізоў­ваць работу ў камандзе. Ездзім на канферэнцыі ў Беларусі і за яе межамі, супрацоўнічаем з грамадскімі аб’яднаннямі, напрыклад, “Аўтызм і бацькі”. Шмат у нас прафесійных зносін з вядомымі беларускімі плыўцамі і інструктарамі ЛФК: яны прыходзяць да нас і дзеляцца рознымі асабістымі фішкамі, самымі карыснымі практыкаваннямі для дзяцей на вадзе. 

— Хто прыязджае да вас на лячэнне? Людзям з якім дыягназам доктар прапісвае дэльфінаў?

— У асноўным да нас прыязджаюць асаблівыя дзеці. Найчасцей — з аўтызмам, з сіндромам Даўна, ДЦП, а таксама з іншымі  відамі парушэнняў — ад маўленчых да інтэлектуальных, а таксама дзеці, якія перажылі спалох, стрэс ці маюць іншыя псіхалагічныя праблемы.

За 8 гадоў слава пра дэльфінарый “Нэма” і яго дэльфінатэрапеўтаў разляцелася па ўсім свеце. Сюды прыязджаюць пацыенты з Латвіі, Літвы, Англіі, ЗША, Расіі і іншых краін.

— Раскажыце пра характары вашых падапечных? Ці проста з імі праца­ваць?

— Яны розныя, таму і даво­дзіцца падладж­вацца пад кожнага. Віта — дзяўчынка, таму пазёрка, а яшчэ завадатарка, шкодніца і вельмі хітрая асоба. Калі не хоча працаваць, то яшчэ і Геркулеса падбухторыць кінуць заняткі і паплаваць з ёй. Геркулес з ёй у пары 8 гадоў. Нават больш, бо да “Нэма” яны былі разам у дэльфінарыі ва Украіне. Геркулес — брутальны “мужык”, вельмі адказны, але, калі побач гультайнічае Віта, ён кіне ўсе кольцы-мячыкі і далучыцца да яе. Яны пара, аднак вечныя канкурэнты. Калі Віце даць хаця б на паўрыбкі больш, яна адразу ж “уключае зорку”, шчэміць Геркулеса, дражніць яго, глядзіць пагардліва. Таму ні ў якім разе нікога з іх нельга ні ў чым вылучаць: толькі так яны будуць сябраваць.

Х’юга трымаецца асобна, яму часта не хапае пары, каб пасапернічаць, але ў яго вельмі дасведчаны трэнер на шоу, таму ён выпраўляе справу. Станіслаў Смірноў сам спартсмен і пераадольвае не саперніка, а сябе. Ён параўноўвае свае дасягненні не з чужымі, а з уласнымі, толькі ўчарашнімі, чаму вучыць і Х’юга. Гэты дэльфін будзе рабіць усё, пра што ты яго папросіш, таму самыя складаныя дзеці мо­гуць займацца толькі з ім. Асабліва гэта тычыцца дзяцей і цяжкімі формамі ДЦП, бо яны нязручныя ў перавозцы, не могуць ухапіцца як след за плаўнік, не могуць выпрастацца, плюс разам з ім чапляецца за плаўнікі і дэльфінатэрапеўт. Х’юга будзе мужна плысці, а вось Геркулес на такое не падпішацца: ён выбірае, з кім яму зручна працаваць.

— Дэльфін можа пакрыўдзіцца на чалавека?

— Так. Можа нават здачы даць. Калі я забудуся кінуць Х’юга рыбку, хоць ён і стараўся, ці яна ўпадзе міма яго рота, калі адштурхну ад дзіцяці (усё ж такі гэта вялізная нязграбная жывёла), ён абавязкова гэта запомніць і, як толькі я залезу ў ваду, адпомсціць мне: можа ўдарыць мяне ў бок ці па назе, можа прыкусіць руку. Не са злосці, лёгка, але такім чынам паведаміць: “Мы ў разліку”.

— Як можна растлумачыць дэльфіну, чаго вы ад яго хочаце, і што рабіць, калі ён вас не слухаецца?

— Галоўная пакаранне для дэльфіна — абдзяліць яго ўвагай: не пахваліць, не пагладзіць, не пагуляць, не даць смачную рыбку, а проста адвярнуцца, нічога не патлумачыўшы. Калі Х’юга бачыць, што яго ігнаруюць, ён будзе наступны раз рабіць усё, каб зноў атрымаць у сябры трэнера.

— Як арганізоўваюцца заняткі? Як наладзіць кантакт паміж дэльфінам і дзіцем?

— Дэльфіны ў нас вопытныя, яны на сваім вяку столькі дзяцей бачылі, што спецыяльна рыхтаваць жывёлу для якога-небудзь дзіцяці даводзіцца рэдка. Ва ўкраінскім дэльфінарыі ў мяне былі маленькія дэльфіны, аднагадовыя, якіх яшчэ не навучылі стасункам з дзецьмі, таму даводзілася вучыць іх гэтаму вельмі павольна, праз гульню. Нашы ж дэльфіны заўсёды ідуць на кантакт. Хаця бывае, што жывёла не хоча плаваць з канкрэтным чалавекам, нават блізка да сябе яго не падпускае. Такое здараецца толькі з дарослымі, але не з дзецьмі. Відаць, гэта непрыняцце на іншым, энергетычным, узроўні, чаго нам, людзям, не зразумець, таму мы дэльфіна не прымушаем, а наведвальнікам тлумачым, што жывёла проста не ў настроі (але, хутчэй за ўсё, ні заўтра, ні праз месяц дэльфін не перадумае).

— А як карэкціруюцца парушэнні? Чаму можа навучыць дэльфін? Якія ўменні выпрацуе ў асаблівага дзіцяці?

— Для дзіцяці дэльфін — стымул нешта рабіць. Можаш ці не, але ты пастараешся забраць мяч, бо яго табе прынёс сам дэльфін, чаго не адбываецца на занятках у настаўніка. Старацца для цёці, якая ад навучэнца заўсёды нечага патрабуе, дзіцяці нецікава, а дэльфін ад яго нічога не хоча, акрамя гульні. Хочаш за­браць мяч — скажы “дай”, і жывёла яго табе дасць, хочаш пагладзіць дэльфіна — працягні руку, выпрастайся, каб да яго дацягнуцца. Сіндром Даўна часам можа рабіць дзіця шкодным, агрэсіўным. Таму, калі трэба скарэкціраваць гэтыя паводзіны, дэльфін таксама дапаможа: будзеш шкоднічаць — не паплывеш разам з дэльфінам, ён не захоча з табой гуляць.

Часта дзеці не могуць трываць, але ім трэба пачакаць, пакуль падплыве дэльфін, каб злавіць мяч. Як кінуць мяч назад, за спіну? Нават здароваму дзіцяці гэта складана зрабіць, а асабліваму — тым больш. Тое ж — з адточваннем паняццяў “лева — права”, “блізка — далёка”, з выкананнем заданняў кшталту “падымі мяч над галавой”, “схавай за спіну”, “вазьмі 2 мячы”, “кінь колцы пэўнага колеру” і інш.  Усяму гэтаму вучыць дэль­фінатэрапеўт, які для кожнага дзіцяці складае індывідуальную праграму.

— А ў дэльфіна таксама ёсць расклад заняткаў? Ці ёсць у іх права “баста­ваць”?

— Канечне, яны разумеюць: хто не працуе — той не есць, таму гультайнічаць ім нявыгадна. Але бываюць сітуацыя, якія не зале­жаць ад дэльфінаў. Напрыклад, перыяд гону, калі яны не могуць кантраляваць сябе і адплы­ваюць парамі — мы ў такіх выпадках іх не чапаем. Ці калі ў дэльфіна проста няма настрою гуляць — ён хоча адпачыць і павольна паплаваць. Самае небяспечнае для нас, дэльфінатэрапеўтаў, — убачыць абыякавасць жывёлы. Гэта нам “двойка”. Мая задача — своечасова заўважыць патухлы погляд дэльфіна, знайсці, чым яго зацікавіць, даць новую цацку, прапанаваць новую гульню і інш. Звычайна яны адразу ж, як дзеці, пераключаюцца і далучаюцца да гульні.

Час ад часу мы робім ім разгрузку: замест 14 дзяцей у дзень запісваем па 2—3 і працуем у аблегчаным рэжыме. Акрамя таго, ва ўсіх дэльфінаў ёсць адзін выхадны ў тыдзень.

— Усе мы чулі, што, згодна з даследаваннямі, у дэльфінаў узровень IQ блізкі да агульначалавечага. Ці праўда гэта? Дэльфіны такія ж разумныя, як і людзі?

— Я сказала б, што яны больш адчувальныя, эмацыянальныя, чым людзі. Так, тэсты пацвярджаюць блізкасць іх IQ з чалавечым, але я не атаясамлівала б гэтыя даныя: дэльфіны і людзі жывуць у кардынальна розных сістэмах. Параўноўваць чалавека і дэльфіна — гэта як параўноўваць чырвонае з мокрым. У чалавека больш развіта логіка, таму ён кіруецца сваім розумам, часта забываючыся пра пачуцці, а ў дэльфіна — эмацыянальная сфера. Калі Віта раўнуе, што трэнер Таццяна з Геркулесам, яна адразу ж пра гэта ёй “скажа”: абліе вадой ці плясне хвастом. Калі Віце нешта падабаецца, яна гаворыць пра гэта на сваёй мове: пачынае стракатаць. Дэльфіны не ўмеюць ласціцца да чалавека, як кот ці сабака, але сваю любоў выказваюць не менш красамоўна: становяцца вельмі адданымі, стараннымі, бескарыслівымі, імкнуцца дагадзіць.

— Не магу не закрануць ідэю Сусветнага дня абароны дэльфінаў і кітоў. Многія людзі выступаюць супраць дэльфінарыяў, называючы іх насельнікаў вязнямі, і імкнуцца ўсе іх закрыць, а жывёл выпусціць на волю. Што вы думаеце пра гэта?

— Я дакладна ведаю, што, калі нашых дэль­фінаў выпусціць у мора, яны адразу ж там загінуць, бо не ўмеюць здабываць сабе ежу самі. Ды і ў моры ў іх жыццё далёка не простае: больш за 75 працэнтаў дэльфінаў пакалечаны акуламі і катарамі. Многія гінуць з-за сваёй даверлівасці да турыстаў. Не раз бачыла, як турысты кідалі дэльфінам шашлыкі, смажаныя баклажаны. Упэўнена, што лёгка перажыць такія абеды ім не ўдаецца.

Што да замкнутай прасторы — так, гэта мінус. Канечне, мне хочацца, каб у нашых дэльфінаў быў агромністы акіянарыум, на некалькі паверхаў, каб яны маглі выплываць у мора, але я разумею, што толькі ад майго жадання гэта не залежыць, таму мы вялікай камандай стараемся зрабіць жыццё дэльфінаў больш камфортным тут і цяпер. Напрыклад, у кожнага нашага гадаванца ёсць асабісты ветурач, які маніто­рыць рацыён жывёлы, разлічвае неабходную колькасць вітамінаў. Адзін дэльфін штодзень з’ядае 20 кілаграмаў рыбы. І не абы-якой, а марское асарці. Гэта адборная і вельмі свежая рыба. Вада ў нас марская і мяняецца кожны дзень, падаграваецца да неабходнай для дэльфінаў тэмпературы (не для дзяцей!), спецыяльныя фільтры бесперапынна ачышчаюць ваду.

— Аляксандра, за што вы любіце сваю работу?

— Мне падабаецца бачыць вынік маёй работы. І гэта не толькі добры настрой у дэльфінаў, але і відавочныя змены ў самаадчуванні дзяцей. Тое ж і з бацькамі: найчасцей яны прыходзяць да нас, калі ўжо страцілі надзею, адчаіліся дапамагчы свайму дзіцяці, і дэльфіны для іх — апошні шанс. А станоўчыя вынікі ёсць ва ўсіх маленькіх пацыентаў. Толькі для адных бацькоў прарывам будзе тое, што дзіця ўпершыню ў сваім жыцці ўзяло ў руку лыжку і ёй самастойна пакарміла дэльфіна, што зубной шчоткай пачысціла яму зубы, а іншыя будуць шчаслівыя, што дзіця ўпершыню ў жыцці заглянула маме ў вочы.

Але якой бы цудоўнай ні здавалася наша справа, яна мае свае мінусы, і перыяды прафесійнага выгарання, канечне, бываюць. Па-першае, гэта работа з драпежнікам, і, нягле­дзячы на яго дабрадушнасць, трэба заўсёды быць гатовым да  магчымага выбрыку жывёлы, да нечаканай рэакцыі. Па-другое, ты пастаянна ў мокрым адзенні і пахнеш рыбай. Здараецца, так хочацца кінуць гэтую работу і знайсці іншую, але хіба тут кінеш? Дэльфіны, як дзеці, да іх прывыкаеш і ўжо не можаш даверыць іншаму. Таму я нават не хачу мяняць кірунак работы. Шмат разоў мне прапаноўвалі ісці далей, станавіцца трэнерам і выступаць з шоу па ўсім свеце, але я не люблю шоу-праграмы. Гэта не маё. Мне не хочацца ўражваць публіку майстэрствам дэльфінаў, не хочацца выбудоўваць гэты дуэт “Я і дэльфін”. Мне больш падабаецца, калі сюды ўключаецца яшчэ і дзіця, якому мы з дэльфінамі жыццёва неабходны.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.