Псіхолаг на сувязі

- 20:11Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

Сучаснае жыццё ўносіць карэктывы ў дзейнасць школьнага педагога-псіхолага, прымушае шукаць новыя формы і метады работы, якія прыцягваюць увагу ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Так, у сярэдняй школе № 1 Ганцавіч створана Viber-суполка “Псіхолаг на сувязі”.

Суполка пачала сваю работу 10 верасня 2021 года, у Міжнародны дзень прафілактыкі суіцыдаў. Былі сфармуляваны правілы суполкі, запісана прывітальнае відэа, у якім я расказваю пра сябе як пра чалавека і спецыя­ліста, тлумачу прычыны з’яўлення групы. Да іх належыць у тым ліку складаная эпідэміялагічная сітуацыя, з прычыны якой узнікла неабходнасць выкарыстання дыстанцыйных форм работы.

Папулярнасць пазітыву

Ёсць яшчэ адна важная для мяне прычына — павышэнне даверу да сябе як да спецыяліста і разуменне бацькамі сутнасці работы псіхолага ў школе. Таму ў адной з першых публікацый я расказваю пра тое, чым займаецца псіхолаг у школе, у чым заключаецца адрозненне паміж спецыялістамі “псіхолаг”, “псіхатэрапеўт” і “псіхіятр”. На працягу года я размяшчала інфармацыю аб сваёй рабоце, рабіла спасылкі на школьны сайт, дзе публікавала артыкулы аб праве­дзеных мерапрыемствах. Абавязковай умовай размяшчэння ўсіх матэрыялаў са сваёй практыкі я лічу ананім­насць: на фота і відэа, размешчаных у суполцы, няма дзяцей, іх імёнаў і прозвішчаў, паколькі для стварэння даверу да псіхолага важна прытрымлівацца прынцыпу канфідэнцыяльнасці. 

Інфармацыя ў суполцы падаецца па пэўнай схеме. Па паня­дзелках праводзіцца апытанне, падчас якога адбываецца замацаванне пройдзенай тэмы або актуалізацыя той, што плануецца да разгляду. На працягу тыдня я дабаўляю тэкставыя публікацыі. Калі артыкул запазычаны, то абавязкова называю аўтара тэксту. Перыядычна запісваю відэакансультацыі на заяўленую тэму або тыя, што дапаўняюць, абагульняюць папярэднія публікацыі.

Аналізуючы статыстыку праглядаў і пастаўленых публікацыям лайкаў, я зрабіла выснову, што чым карацейшы тэкст, чым больш пазітыўная тэма, тым большай папулярнасцю ён карыстаецца. Напрыклад, публікацыя да Дня маці з яўрэйскай прытчай “Шчаслівая мама” набрала 15 лайкаў, а публікацыя пра сіндром адчужэння — траўму, якую атрымлівае дзіця, калі адзін з бацькоў настройвае яго супраць другога, — 2 лайкі. Вялікую колькасць праглядаў збіраюць відэакансультацыі. У Viber ёсць абмежаванне па памеры відэа, таму боль­шасць тэм раскрываецца ў некалькіх роліках. Акрамя таго, я часта размяшчаю фота ці відэа, тэкст, што дапаўняе і ілюструе тэму. Напрыклад, тэма “Прафілактыка жорсткага абыхо­джання з дзецьмі. Як на самай справе любіць дзяцей” разбіта на дзве часткі, паміж імі — фота і тэкст фрагмента заняткаў з дзіцем, якое падверглася жорсткаму абыхо­джанню ў сям’і. Ролік “Як на самай справе лю­біць дзяцей” быў прагледжаны 52 разы, спада­баўся 9 людзям, і адзін чалавек падзя­ліўся ім з іншымі карыстальнікамі.

Што хвалюе бацькоў

У суполцы на гэты момант ужо сабрана вялікая колькасць, на мой погляд, важнай і карыснай інфармацыі. Умоўна яе можна разбіць на наступныя блокі.

  1. Асаблівасці падлеткавага ўзросту: “Пра што гаварыць з падлеткам?”, “Сэлфхарм. Што гэта і як справіцца?”, “Як дапамагчы дзіцяці перажыць канфлікт”, “Цкаванне ў школе. Як зразумець, што дзіця стала ахвярай булінгу?” і інш.
  2. Аказаліся даволі запатрабаванымі тэмы, звязаныя з развіццём вучэбных навыкаў: відэазапіс заняткаў з бацькамі “Як дапамагчы дзіцяці вучыцца”, вучэбнае відэа “Практыкаванні для адпачынку”, “Развіццё ўвагі і памяці малодшых школьнікаў” і г.д.
  3. Вялікі блок інфармацыі аб узаемаадносінах дарослых у сям’і і іх уплыве на дзіця: “Дзеці разводу”, “Другі шлюб”, мультфільм “Дзіця і пачвара”, публікацыі “Крызісы ў сям’і”, “Як распазнаць алкагольную залежнасць”, “10 дзіцячых траўм, якія перашкаджаюць будаваць адносіны”, “Роля бацькі ў выхаванні дзіцяці” і інш.
  4. Акрамя ўзаемаадносін па­між дарослымі, увага была ўдзелена і адносінам паміж сіблінгамі: “Простыя парады бацькам, як пасябраваць братоў і сясцёр”, “Што рабіць з дзіцячымі сваркамі, калі ўжо нічога больш не дапамагае”. 
  5. Серыя публікацый, накіраваная на развіццё эмацыянальнага інтэлекту: “Мае пачуцці важныя”, “Агрэсіўныя паводзіны: як дапамагчы дзіцяці”, ілюстраваны аповед пра работу педагога-псіхолага з агрэсіяй, дзіцячымі страхамі і школьнай трывожнасцю.
  6. Публікацыя пра псіхалагічныя межы, бяспеку дзяцей, абарону ад сексуальнага насілля: “Прафілактыка жорсткага абыхо­джання з дзецьмі. Як на самай справе любіць дзяцей”, “Правіла бялізны”, “Правіла “не-ады­дзі-раскажы”.
  7. З мэтай сексуальнай асветы былі размешчаны артыкулы “Засталі дзіця за праглядам порна: як рэагаваць” (для бацькоў малодшых школьнікаў), “Парнаграфія: забараніць нельга растлумачыць” (для бацькоў падлеткаў), “Узрост сексуальнай згоды”.
  8. Шырокі водгук атрымалі публікацыі аб рабоце з пачуццямі: “Тэхніка псіхалагічнай бяспекі”, “Як гаварыць з дзецьмі пра тое, што зараз адбываецца ў свеце?” і інш.
  9. З мэтай прафілактыкі ўзнікнення інтэрнэт-залежнасці і развіцця культуры анлайн-зносін былі размешчаны матэрыялы “Топ-12 правіл карыстання гаджэтамі”, “Экранны час: дзецям і дарослым”, “Лічбавы этыкет”.
  10. Выклікаюць цікавасць тэматычныя публікацыі да свят. Да Дня маці — прытча “Шчаслівая мама”, да Новага года — “Як арганізаваць сабе і дзіцяці чароўны Новы год”, да 14 лютага — “Пяць моў кахання” і г.д.

Нягледзячы на працяглае існаванне пасады педагога-псіхолага ва ўстановах адукацыі, захоўваецца шмат забабонаў і недаверу ў адносінах да псіхолагаў і асоб, якія да іх звяртаюцца.

Мяне асабліва радуе, калі ­ўдзельнікі ўступаюць у дыялог, задаюць пытанні ці дапаўняюць тэму сваімі публікацыямі.

Будзем працягваць

Гэтую форму псіхалагічнай асветы можна лічыць удалай і запатрабаванай. Анкетаванне, праведзенае падчас адзінага дня школьных бацькоўскіх сходаў, паказала, што 46% апытаных баць­коў лічаць “несумненным дасягненнем у гэтым навучальным годзе ў рабоце школы” дзейнасць суполкі “Псіхолаг на сувязі”.

Нягледзячы на адносна невялікую колькасць лайкаў і лю­дзей, якія ўдзельнічаюць у апытаннях, статыстыка суполкі паказвае каля 100 актыўных карыстальнікаў на працягу тыдня, 110 — за 14 дзён і больш як 120 за месяц, г.зн. усе падпісчыкі рэгулярна заходзяць і праглядаюць інфармацыю суполкі.

Першы год работы суполкі падышоў да канца, зараз час адпачынку і перазагрузкі. І хаця актыўнасць зніжаецца, але гэта не азначае, што суполка пастаўлена на паўзу, пошук новых ідэй працягваецца!

Алеся АКУЛАВА, 
педагог-псіхолаг вышэйшай катэгорыі 
сярэдняй школы № 1 Ганцавіч.