Псіхолагі выходзяць у інтэрнэт

- 11:41Якасць адукацыі

У Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы адкрыта новая спецыяльнасць перападрыхтоўкі

У сістэме дадатковай адукацыі дарослых з’явілася новая спецыяльнасць перападрыхтоўкі — “Вэб-псіхалогія” (на базе вышэйшай адукацыі). Як запэўнілі на кафедры псіхалогіі і педагагічнага майстэрства РІВШ, гэта ўнікальная прапанова не толькі ў нашай краіне, але і ў Еўропе.

— Неабходнасць такой падрыхтоўкі выклікана тымі сацыяльнымі і інфармацыйна-тэхнічнымі працэсамі, што адбываюцца ў грамадстве, — гаворыць загадчык кафедры псіхалогіі і педагагічнага майстэрства РІВШ кандыдат псіхалагічных навук Аляксандр Сізанаў. — У нашай краіне ёсць усе праблемы развітога, урбанізаванага, лічбавага грамадства. Таму спецыялісты абавязаны ўключацца ў інтэрнэт-прастору, дзе сёння ў асноўным ажыццяўляецца сацыяльнае ўзаемадзеянне як дарослых лю­дзей, так і дзяцей, падлеткаў.

Паводле праграмы перападрыхтоўкі, будучыя вэб-псіхолагі атрымаюць дастатковыя кампетэнцыі для ажыццяўлення прафілактычнай, дыягнастычнай, кансультацыйнай і карэкцыйнай работы з навучэнцамі, студэнтамі, бацькамі і дарослымі не толькі ў рэальных зносінах, але і ў вэб-прасторы, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Слухачы навучацца працаваць у воблачнай прасторы, авалодаюць тэхнікамі і прыёмамі аказання псіхалагічнай дапамогі праз інтэрнэт і змогуць аператыўна рэагаваць на ўсе выклікі лічбавага свету.

А.М.Сізанаў: “Для псіхолага ёсць дзве абавязковыя рэчы: вучыць свайго падапечнага канструктыўным бесканфліктным зносінам і дапамагаць яму стаць цікавай асобай. А цікавым чалавек становіцца тады, калі ён нешта ўмее: вышываць крыжыкам, расказваць анекдоты, іграць на гітары — ды што заўгодна. Людзі часта гэтага не ведаюць і нават не імкнуцца дэманстраваць свае навыкі, а мы павінны ім пра гэта сказаць. Калі ўсё атрымліваецца, то аўтарытэт псіхолага ўзрастае, статус яго падапечнага ў грамадстве — таксама”.

— Калі да псіхолага трэба доўга дабірацца, то ёсць небяспека ўвогуле не дачакацца дапамогі, — заўважыў Аляксандр Мікалаевіч. — Сучасная псіхалагічная служба павінна быць экстраннай і ажыццяўляцца ўсімі магчымымі спосабамі, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі, розныя месенджары, электронную пошту. Моладзь, падлеткі даўно пайшлі наперад, а бацькі і педагогі пачалі адставаць — і гэты разрыў трэба ліквідаваць. Успомніце нашумелыя трагедыі ў Стоўбцах, Керчы, Пскове і іншыя — усе канцы так ці інакш вядуць у інтэрнэт. Таму трэба вучыць псіхолагаў выходзіць у сетку, быць прадстаўленымі там, працаваць з падлеткамі і іх бацькамі, ведаць асновы бяспекі і, што асабліва важна, займацца прафілактыкай. Як казаў вядомы рускі хірург і педагог Мікалай Пірагоў, “адзін грам прафілактыкі роўны аднаму кілаграму лячэння”. Лепш папярэдзіць любую праблему, чым потым спрабаваць яе вырашыць.

Першая група ў колькасці 19 чалавек ужо прыступіла да заняткаў. Напера­дзе ў іх — 19 месяцаў цікавай інтэнсіўнай працы (навучанне ажыццяўляецца ў завочнай форме з чатырма сесіямі). Усе, хто адужае гэты інтэлектуальны марафон, атрымаюць кваліфікацыю “псіхолаг”.

— Псіхалагічнае мысленне фарміруецца не хутка, — тлумачыць Аляксандр Сізанаў. — Больш за тое, псіхалагічныя веды адразу трэба замацоўваць на практыцы, інакш яны вельмі хутка вытхнуць, таму вялікая ўвага будзе ўдзяляцца практычнай дзейнасці слухачоў. Падрыхтоўка вэб-псіхолага — гэта сапраўды штучная работа, у кожным выпадку патрэбен індывідуальны падыход.

Па словах загадчыка кафедры, сярод слухачоў — прадстаўнікі як гуманітарных, так і тэхнічных прафесій. Узрост — ад 23—24 (сёлетнія выпускнікі ўніверсітэтаў) да 45 гадоў. Многія з тых, хто прыйшоў на вучобу ці пакуль толькі цікавіцца ёй, прызнаюцца, што разглядаюць перападрыхтоўку як новую магчы­масць для прафесійнага росту або пачатку ўласнай справы.

А.М.Сізанаў: “Рэктар БДУІР, цяпер — старшыня Савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі Вадзім Богуш, калі працаваў на пасадзе першага намесніка міністра адукацыі, даручыў установам вышэйшай школы падумаць і ўнесці прапановы наконт прафесій будучыні. Мы адразу вырашылі, што такой перспектыўнай прафесіяй, безумоўна, з’яўляецца вэб-псіхалогія. Рэктар РІВШ Віктар Гайсёнак падтрымаў нашу ідэю — і пачалася работа”.

— Нашы слухачы добра ве­даюць інфармацыйныя тэхналогіі і хочуць гуманізаваць сваю прафесію, выкарыстоўваць ІТ у рабоце з людзьмі, — гаво­рыць Аляксандр Мікалаевіч. — Перападрыхтоўка па спецыяльнасці “Вэб-псіхалогія” дазволіць ім стаць прафесійнымі псіхолагамі для ўстаноў адукацыі ўсіх тыпаў, дзяржаўных і прыватных арганізацый, а таксама праводзіць уласныя псіхалагічныя кансультацыі. Гэта будзе перадавы элітарны атрад, які зможа аказваць псіхалагічную дапамогу там, куды іншыя яшчэ не дайшлі.

Перш чым ад­крыць праграму перападрыхтоўкі “Вэб-псіхалогія”, былі праведзены маркетынгавыя даследаванні і прааналізаваны попыт на адпаведных спецыялістаў. Аляксандр Сізанаў кажа, што большасць арганізацый і ўстаноў розных форм уласнасці пацвердзіла патрэбу ў спецыялістах, здольных весці псіхалагічную дзейнасць у вэб-прасторы.

— Час такі, што без камп’ютара ўжо нікуды, тым больш псіхолагу, — гаворыць Аляксандр Мікалаевіч, — таму наша праграма перападрыхтоўкі вельмі запатрабавана. У пачатку зімы плануем адкрыць яшчэ адну групу (увогуле, падрыхтоўка можа быць бесперапыннай: збіраецца, напрыклад, група жадаючых — і можна пачынаць). Плануем апрабаваць праграму перападрыхтоўкі тут, а праз некаторы час выйсці на прастору СНД і прапанаваць там нашы магчымасці ў падрыхтоўцы вэб-псіхолагаў і паляпшэнні якасці экстраннай псіхалагічнай дапамогі. Беларусь лічыцца вельмі прасунутай у ІТ-сферы, нам давяраюць, і наш адукацыйны праект можа быць прывабным для краін-суседак.

Безумоўна, адкрыццё згаданай спецыяльнасці на базе РІВШ стала магчымым дзякуючы наяўнасці высокакваліфікаваных кадраў. Вучэбна-метадычная і матэрыяльна-тэхнічная базы інстытута таксама адпавядаюць устаноўленым патрабаванням і дазваляюць праводзіць перападрыхтоўку будучых вэб-псіхолагаў.

— Нядаўна мая аспірантка правяла даследаванне, — гаворыць Аляксандр Сізанаў, — і аказалася, што кожны трэці беларускі псіхолаг скончыў школу ці ўніверсітэт з адзнакай. Уявіце, якая гэта інтэлектуальная сіла! Цяпер нашы псіхолагі будуць валодаць тэхнікамі і прыёмамі аказання псіхалагічнай дапамогі праз інтэрнэт. А яшчэ я мару, каб кожны з іх ведаў замежную мову. Усё гэта дае нам вельмі вялікія перавагі. Трэба ўсё гэта як след адпрацаваць — і мы ўжо зможам выходзіць на Еўропу, прадаваць там свае адукацыйныя паслугі.

Бліцінтэрв’ю

— Аляксандр Мікалаевіч, псіхалогія — гэта дакладная навука?

— Хутчэй творчая. Справа ў тым, што псіхалагічныя з’явы не памацаеш і не памераеш. Нават тэсты не вымяраюць, а толькі прыбліжана арыентуюць псіхолага на нейкі вынік. Усё, з чым мы працуем, існуе выключна ў галаве чалавека — і ў гэтым складанасць вывучэння псіхалогіі.

— Калі ёсць таленавітыя псіхолагі, значыць ёсць і тыя, каму не паказана такая дзейнасць?

— Каб працаваць псіхолагам, павінна быць вельмі моцная матывацыя. Гэтую матывацыю мы і павінны сфарміраваць у слухачоў, або яны самі сфарміруюць яе, зыходзячы з жыццёвай сітуацыі. Напэўна магу сказаць, што псіхалагічныя веды за плячыма не носяць. Яны здольны ўзмац­ніць любую прафесію і адкрыць перад чалавекам новыя перспектывы для самарэалізацыі.

— Людзі часта прыходзяць у тую ці іншую прафесію, каб вырашыць уласныя праблемы. Наколькі гэта тычыцца тых, хто выбірае псіхалогію?

— А чаму б і не, няхай вырашаюць! Да нас часта прыходзяць людзі з нізкай самаацэнкай і за кошт псіхалогіі павышаюць яе, бо вучацца ўзаемадзейнічаць, уплываць на іншых, паляпшаць уласны статус. Яны становяцца цікавымі як асобы, што вядзе да змены іх становішча ў грамадстве. І калі, напрыклад, жанчына ў разво­дзе, хоча знайсці нарачонага і лічыць, што псіхалогія дапаможа, то гэта нармальная матывацыя. У любым выпадку лепш, чым сядзець склаўшы рукі і чакаць, калі пры­скача прынц на белым кані.

— У інтэрнэце вельмі шмат бясплатнай інфармацыі, у тым ліку псіхалагічных тэстаў, практыкаванняў, парад. Як гэта ўплывае на запатрабаванасць псіхолагаў і іх магчымасць зарабляць?

— А трэба яшчэ ўмець узяць гэтую бясплатную інфармацыю! Сутнасць псіхалагічнай дапамогі ў тым, што яна персаніфікаваная. Кожная сітуацыя ўнікальная, кожны чалавек таксама ўнікальны, і толькі прафесійны псіхолаг можа ўлі­чыць усе нюансы, убачыць агульную карціну і знайсці правільнае рашэнне для гэтай канкрэтнай праблемы. У інтэрнэце вы знойдзеце адказы на якія заўгодна псіхалагічныя пытанні, але не на сваё. Таму колькі б псіхолагаў мы ні выпускалі, усе яны знойдуць магчымасць працаваць і зарабляць.