Птушка ў аб’ектыве

На мінулым тыдні былі аб’яўлены вынікі міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”. Беларусь заняла 2-е месца сярод 59 краін-удзельніц (у мінулым годзе было 3-е месца сярод 58 краін). Як паведамілі ў грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, сёлета з усіх краін-удзельніц на сайт кампанii “Жывая вясна” паступіла 11 669 назіранняў птушак — вестуноў вясны, з іх ад нашай краіны — 1734.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ: “Сярод птушак “Жывой вясны” — толькі далёкія мігранты. Яны найбольш пакутуюць ад чалавека — браканьерства, знішчэнне месцапражыванняў на міграцыйным шляху, разлівы нафты і г.д. Да гэтых праблем дабавілася і змена клімату”.

Месцы, занятыя краінамі, вызначаліся па колькасці назіранняў адносна колькасці насельніцтва. На 1-е месца выйшла Ірландыя (1157 назіранняў), на 2-е — Беларусь (1734) і на 3-е — Чэхія (1155).

Ганна Лычкоўская, бёрдвотчар: “Любоў да птушак пачынаецца не з вызначальнiка птушак на стале, а з зусiм простых рэчаў: смецце — у спецыяльны кантэйнер, на ката — ашыйнiк са званочкам, на вокны — наклейкі, каб птушкі не разбіваліся аб шыбу, у кармушкі не класці батон. Птушак падчас назiрання, вядома, не турбуйце, птушанят рукамi не чапайце i абавязкова расказвайце сябрам пра гэтыя правілы! Добра, калi вы да таго ж распаўсюджваеце iнфармацыю пра птушак. Праекты па ахове дзікай прыроды — гэта цiкава i карысна. Шмат людзей не ведаюць, што гіль жыве побач не толькi ўзiмку, крумкач i варона не “муж і жонка”, а частаваць качак булкамi ўвогуле нельга. Толькі пасля гэтага поспех у вызначэннi птушак па выглядзе цi па голасе можна залічваць”.

Падчас міжнароднай кампаніі ўдзельнікі заносілі на інтэрактыўную карту свае першыя сёлетнія назіранні за вясновымі вестунамі. Больш за ўсё назіранняў у Беларусі набраў белы бусел (927). Вясковую ластаўку зафіксаваў 331 удзельнік акцыі, стрыжа — 266, зязюлю — 173. Ластаўка-берагавушка сабрала 28 назіранняў, залацістая шчурка — 5 і гальштучнік — 4. Чым больш назіранняў дабаўлялася на карту, тым больш насычаным станавіўся колер краін-удзельніц, паказваючы, як вясна прыходзіць у розныя куткі Еўропы, у тым ліку Беларусь.

У сёлетняй “Жывой вясны” былі свае асаблівасці. Напрыклад, за апошніх 11 гадоў назіранняў упершыню значна раней звычайнага ў Беларусь прыляцелі белы бусел, вясковая ластаўка і стрыж.

Падрыхтавала Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва АПБ.