Птушкі прыляцелі

Гукалі вясну і ладзілі “Саракі” ўдзельнікі абласнога фальклорна-экалагічнага свята, якое арганізуе Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі.

Першай на сцэне гімназіі № 4 Гродна, дзе традыцыйна праводзяцца “Саракі”, з’явілася птушка года Беларусі. Вучні сярэдняй школы № 17 Ліды прадставілі шчыгла чорнагаловага і расказалі ў тэатралізаванай пастаноўцы аб характары, паводзінах птушкі, месцах гнездавання і карысці, якую яна нясе прыродзе.

— У гэтым годзе ў фестывалі ўдзельнічалі 18 каманд са школ, гімназій, устаноў дадатковай адукацыі Гродна, Ліды, Ашмян, Шчучына, Навагрудка, Зэльвы, Свіслачы, Слоніма, Мастоў, Бераставіцкага, Воранаўскага, Іўеўскага, Карэліцкага, Дзятлаўскага і Астравецкага раёнаў, — расказала дырэктар эколага-біялагічнага цэнтра Святлана Грэйба. — Яны падрыхтавалі праграмы, якія расказваюць аб біялагічных асаблівасцях птушак, а таксама выканалі заданне завочнага тура, які называўся “Птушкі — нашы сябры” — змайстравалі птушак з прыроднага матэрыялу: галінак, моху, кары, пладоў.

А на сцэне расказвалі аб птушках Беларусі, якія вясной вяртаюцца на радзіму, аб народных традыцыях іх сустракаць, аб тым, як неабходна зберагаць прыроднае багацце. Дзеці паведамілі аб кнігаўцы, белым бусле, зязюлі, малінаўцы, сінічках, жаўруках і яшчэ аб 10 птушках, паказаўшы і танцавальныя нумары, і нешта з народнага, і казку, нават рэп прагучаў — так навучэнцы Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна расказалі пра берасцянку.

Гледачамі былі не толькі школьнікі, але і ветэраны — жыхары мікрараёна, якіх на свята запрасіла адміністрацыя гімназіі № 4.

Лепшым на фестывалі было прызнана выступленне каманды “Савяняты” з гімназіі № 1 Зэльвы, на другім месцы — “Жаўрукі” з сярэдняй школы № 2 Слоніма і каманда сярэдняй школы № 17 Ліды. 3-е месца — у каманды “Чаротаўкі” з гімназіі № 4 Гродна і “Белы бусел” Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна. Пераможцай завочнага тура “Птушкі — нашы сябры” стала навучэнка сярэдняй школы № 14 Ліды Ульяна Кароль, якая змайстравала з прыроднага матэрыялу куліка.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *