Пучдэмон ініцыіруе фарміраванне дыстанцыйнага ўрада

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Экс-лідар Каталоніі Карлес Пучдэмон на сустрэчы з прадстаўнікамі палітычных сіл новага парламента аўтаноміі агучыў свой план па стварэнні двайнога ўрада: аднаго — у Барселоне, другога — за межамі Іспаніі. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкайна іспанскую газету La Vanguardia.

Згодна з інфармацыяй выдання, Карлес Пучдэмон сустрэўся ў Бруселі з прыхільнікамі партыі “Левыя рэспубліканцы Каталоніі” і крайне левымі “Кандыдатамі за народнае адзінства”. Ён прапанаваў стварыць так званы Савет рэспублікі, які сам К.Пучдэмон і ўзначаліў бы, а таксама правесці 18 лютага ў бельгійскай сталіцы працэдуру яго ўступлення на пасаду.

30 студзеня павінна было адбыцца пасяджэнне па кандыдатуры Карлеса Пучдэмона на пасаду лідара аўтаноміі. У апошні момант старшыня парламента рэгіёна Ражэ Тарэн аб’явіў аб адтэрміноўцы дэбатаў у сувязі з тым, што Канстытуцыйны Суд Іспаніі выступіў супраць таго, каб Пучдэмон заняў гэтую пасаду дыстанцыйна. Канстытуцыйны Суд Іспаніі настойвае на тым, каб палітык асабіста з’явіўся ў парламент рэгіёна.

Карлес Пучдэмон збег у Бельгію ў канцы кастрычніка 2017 года. На тэрыторыі Іспаніі дзейнічае ордэр на яго арышт. Пракуратура абвінавачвае К.Пучдэмона ў бунце, мяцяжы і растраце пасля спроб дабіцца незалежнасці Каталоніі.