Пухнатыя туі і новыя лаўкі — для “Палітэхніка”

У мінулую суботу ў краіне прайшоў рэспубліканскі суботнік, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. Супрацоўнікі ведамства на чале з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам працавалі ў санаторыі-прафілакторыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта “Палітэхнік”.

Акрамя таго, на асобны банкаўскі рахунак Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта пералічаны грашовыя сродкі, якія будуць накіраваны на падрыхтоўку дзіцячых лагераў да лета, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, а таксама аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і вайсковай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны, на стварэнне адзінага музейнага квартала Нацыянальнага мастацкага музея і на рэканструкцыю брацкага пахавання на месцы спаленай вёскі Алы ў Светлагорскім раёне.

Прафілакторый БНТУ “Палітэхнік” быў выбраны невыпадкова. Міністр адукацыі ўжо не першы год патрануе гэты санаторый. У навучальным годзе тут адпачываюць студэнты, а летам — дзеці, пяць змен па 240 чалавек.

Трэба адзначыць, што санаторый-прафілакторый знаходзіцца ў вельмі маляўнічым месцы. Здраўніца размешчана на беразе Заслаўскага вадасховішча (Мінскае мора) за 10 кіламетраў ад Мінска. На тэрыторыі санаторыя абсталяваны стадыён, спартыўныя пляцоўкі для міні-футбола, баскетбола, валейбола, бадмінтона, праводзяцца культурна-забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы. Існуе сцежка здароўя.

Як заўважыў рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Харытончык, у прафілакторыі пастаянна ідзе абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Тут жа можна і падлячыцца. Профільнымі для санаторыя з’яўляюцца хваробы сі­стэмы кровазвароту, органаў дыхання, органаў стрававання, касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі, хваробы нервовай сістэмы.

— Суботнік — гэта выдатная традыцыя нашай краіны, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Тым больш што мы сваімі рукамі прыводзім да ладу нашу зямлю, нашу тэрыторыю пасля зімы. Гэта добрая дапамога для маладых людзей, з намі працуюць студэнты БНТУ, якія бачаць, як старэйшае пакаленне і моладзь клапоцяцца пра свой дом, які называецца Беларуссю.

Разам з калегамі па ведамстве міністр адукацыі садзіў туі ў двары прафілакторыя, а затым удзельнікі суботніка дапамагалі супрацоўнікам і студэнцкаму педагагічнаму атраду БНТУ прыбіраць леташнюю лістоту, усталёўваць лаўкі.

Адказваючы на пытанні журналістаў наконт вучэбнага працэсу, Ігар Карпенка звярнуў увагу, што пры атэстацыі ўсе рашэнні будуць прыняты на ка­рысць школьнікаў і будучых абітурыентаў. Акрамя таго, кіраўнік ведам­ства расказаў пра арганізацыю заняткаў у чацвёртай чвэрці:

— Мы працуем. Сёння (25 красавіка. Заўвага аўтара.) школьнікі вучацца за панядзелак (27 красавіка). Учора (24 красавіка) на занятках было каля 37 працэнтаў дзяцей. Тыя, хто не наведвае школу, атрымліваюць заданні для самастойнай адпрацоўкі. У любым выпадку мы ўсіх ацэнім. Ніякіх праблем тут не бачу. Канечне, крыху складаней выпускнікам, бо ім трэба завяршыць навучальны год і падрыхтавацца да ўступнай кампаніі. Але ўсе рашэнні будуць прыняты на карысць вучняў і будучых абітурыентаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.