Пункт адліку для паступальнага руху

- 10:45Актуальна

Значнай падзеяй у сістэме адукацыі стала падпісанне Прэзідэнтам краіны закона, якім зацверджана новая рэдакцыя Кодэкса об адукацыі. Пра значнасць новага дакумента, а таксама новых законапраектаў, якія нядаўна былі разгледжаны ў парламенце, гаворыць І.М.Рынейская, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

— Ірына Мікалаеўна, віншую вас з прыняццем кодэкса. Для вас, заканатворцаў, як і для вашых калег, час падрыхтоўкі гэтага закона быў напружаным. І вось, нарэшце, мы маем гатовы дакумент, з якім сістэма адукацыі будзе працаваць у новым навучальным годзе.

— Прыняцце кодэкса сапраўды стала для нашай краіны знакавай падзеяй. Гэта маштабны, вельмі ўзважаны, дакладна вывераны дакумент. Прыняццю кодэкса ў новай рэдакцыі папярэднічала яго ўсеагульнае абмеркаванне з грамадскасцю ўсіх рэгіёнаў краіны. Праект выклікаў вялікую цікавасць у педагогаў, навучэнцаў, бацькоў, у грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, органаў выканаўчай і распарадчай улады. Аб ініцыятыве і актыўнасці грамадзян сведчылі шматлікія прапановы, якія паступалі ў профільную камісію Палаты прадстаўнікоў. Яны тычыліся розных бакоў развіцця адукацыйнай галіны ў шырокім сэнсе, непасрэдна дзейнасці навучальных устаноў, арганізацыі адукацыйнага працэсу і выхаваўчай работы. Дэпутаты актыўна абмяркоўвалі дакумент у сваіх выбарчых акругах разам з педагогамі і кіраўнікамі ўстаноў адукацыі. А што можа быць лепш, чым стварэнне законапраекта разам з практыкамі?! Хто, як не практыкі, можа агучыць рэальныя праблемы і ўнесці прапановы па іх заканадаўчым урэгуляванні?

Адукацыя — гэта сфера, якая закранае кожнага грамадзяніна і яго сям’ю. Таму відавочна, што кодэкс мае народны падтэкст, у яго стварэнні паўнавартасна ўдзельнічалі грама­дзяне. Важна і тое, што гэты дакумент не абмежаваны дзейнасцю толькі сістэмы адукацыі. Закон дае магчымасць як для ўдасканалення адукацыйнай галіны, так і для кадравага забеспячэння галін эканомікі і сацыяльнай сферы, развіцця нашай краіны ў цэлым. Кодэкс — гэта пункт адліку для паступальнага руху адукацыйнай сферы і паспяховага развіцця ўсёй Беларусі. Нормы гэтага дакумента ста­нуць неад’емнай часткай штодзённага жыцця педагогаў, навучэнцаў, бацькоў і ўвогуле ўсіх грамадзян.

— Кодэкс уступае ў сілу ў Год гістарычнай памяці. І гэта сімвалічна. Менавіта гістарычная памяць — бясспрэчная аснова ўсіх маральных арыенціраў, духоўных каштоўнасцей. У прымяненні да адукацыі — гэта базіс выхаваўчай работы як навучальнай установы, так і адукацыі ў шырокім сэнсе слова.

— Згодна з кодэксам, выхаваўчы патэнцыял сістэмы адукацыі выхо­дзіць на першы план. У артыкуле 10 прапісаны асноўныя мэты адукацыі, перш-наперш фарміраванне грама­дзянскасці, патрыятызму, інтэлектуальнае і духоўна-маральнае развіццё, прафесійнае развіццё асобы навучэнца. Гэтыя напрамкі забяспечваюцца за кошт актыўнай, творчай, стваральнай занятасці дзіцяці. Навучэнец павінен ужо ў школе адчуваць сваю запатрабаванасць, датычнасць да жыцця як свайго калектыву, так і сваёй краіны. Фарміраванне асобы дзіцяці пачынаецца з дашкольнага ўзросту, а стартавымі пляцоўкамі ў гэтым з’яўляюцца дашкольныя ўстановы. Адзначу, што новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі прадугледжвае рэалізацыю адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўжо на дашкольным узроўні. Гэтая норма ўпершыню ўнесена ў дакумент і дае выдатную магчымасць з самага ранняга ўзросту развіваць у дзіцяці матывацыю да працы. Аб значнасці працы гаварыў і кіраўнік дзяржавы ў час нядаўняга паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Настаўніцтва — надзейная апора краіны, а яго статус — яго аўтарытэт. Таму і патрабаванні да настаўніка дастаткова высокія.

— І роля настаўніка ў гэтым працэсе толькі ўзмацняецца.

— Настаўніцтва — надзейная апора краіны, а яго статус — яго аўтарытэт. Таму і патрабаванні да настаўніка дастаткова высокія. Аб гэтым сведчаць адпаведныя нормы, прадстаўленыя ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Так і павінна быць. Выкананне пастаўленых задач залежыць ад асобы педагога, яго жыццёвай грамадзянскай пазіцыі, яго ўдзе­лу ў грамадскім жыцці. Прыклад настаўніка — гэта самы эфектыўны метад выхавання. Настаўнік заўсёды знаходзіцца ў цэнтры павышанай увагі, на яго асобу пастаянна накіраваны пільныя позіркі. Таму кожны яго крок, кожнае дзеянне павінны адпавядаць таму ўзору, які зададзены сістэме адукацыі. Маладыя людзі, якія выбралі прафесію настаўніка, павінны гэта ўліч­ваць.

— Нядаўна прайшла пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў, дзе быў разгледжаны шэраг новых законапраектаў. Які з іх вы б адзначылі ў першую чаргу?

— Я адзначу адзін праект, які мае дачыненне да сферы адукацыі. Гэта праект Закона “Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”, унесены Саветам Міністраў. На гэтай сесіі законапраект прыняты ў першым чытанні. Мэтай яго падрыхтоўкі з’яўляецца прывядзенне палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх” у адпаведнасць з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях, які ўступіў у сілу 1 сакавіка 2021 года.

— Ірына Мікалаеўна, наша краіна знаходзіцца ў чаканні знакавай падзеі — правя­дзення рэферэндуму па прыняцці новай Канстытуцыі. Ці будуць зменены або дапоўнены паўнамоцтвы парламента ў выпадку яе прыняцця?

— У праекце новай Канстытуцыі дзейнасці парламента прысвечана асобная глава. Склад парламента застаецца ранейшым, але зменіцца тэрмін паўнамоцтваў. Ён будзе складаць 5 гадоў (цяпер 4 гады). У новы парламент па-ранейшаму будуць увахо-­
дзіць 2 палаты — Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Істотна зменіцца парадак правядзення сесій парламента. Цяпер штогод право-
дзіцца 2 сесіі — вясенняя і асенняя. Згодна з праектам новай Канстытуцыі, парламент будзе збірацца толькі на адну сесію, якая будзе адкрывацца ў трэці аўторак верасня і закрывацца ў апошні рабочы дзень чэрвеня наступнага года. Такім чынам, парламент будзе працаваць бесперапынна на працягу года. Такі графік дазволіць праводзіць заканатворчую дзей­насць больш аператыўна. Акрамя таго, у парламенце будзе праводзіцца штогадовае заслухоўванне інфармацыі Генеральнага пракурора, старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю, старшыні праўлення Нацыянальнага банка аб выніках дзейнасці гэтых органаў. Таксама будуць разглядацца праекты законаў аб рэспубліканскім бюджэце і зацвярджацца справаздачы яго выканання. Трэба адзначыць, што ў выпадку прыняцця новай Канстытуцыі дэпутацкаму корпусу неабходна правесці вялікую работу па абнаўленні заканадаўства.

— Які, на ваш погляд, галоўны пасыл новай Канстытуцыі?

— Асноўныя кірункі новай Канстытуцыі для нас, грамадзян краіны, застаюцца нязменнымі, непахіснымі. Галоўны пасыл накіраваны на развіццё дзяржаўнасці, умацаванне суверэнітэту Беларусі, паляпшэнне дабрабыту грамадзян. Гэта найвышэйшыя нацыянальныя прыярытэты, стрыжань развіцця дзяржавы. Нормы Канстытуцыі праламляюцца праз жыццё кожнага чалавека, яго сям’ю, дзяцей. Людзей хвалююць тэрытарыяльная цэласнасць, захаванне гістарычнай памяці, духоўна-маральныя каштоўнасці, умацаванне сацыяльных гарантый.Трэба адзначыць, што ўпершыню гарантыі моладзі сталі канстытуцыйнай нормай. Гэта сведчыць аб тым, што дзяржава клапоціцца аб маладым пакаленні і ўскладае на моладзь вялікія надзеі ў будучыні.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.