Пункт адпраўлення валанцёрскіх спраў

Валанцёрскі студэнцкі рух, як і валанцёрскі рух наогул, развіваецца ў Беларусі ўжо доўгі час — у краіне больш за 76 тысяч валанцёраў толькі ва ўстановах адукацыі. Цяпер, а дакладней, з канца 2019 года, адзіны пункт аб’яднання валанцёрскіх спраў агульнанацыянальнага штаба сканцэнтраваны ў Рэспубліканскім валанцёрскім цэнтры, створаным пад эгідай Міністэрства адукацыі (дакладней — Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы). Размяшчаецца цэнтр, дарэчы, у зручным і сімвалічным месцы — Студэнцкай вёсцы ў Мінску, у адным з тутэйшых студэнцкіх інтэрнатаў.

Начальнік цэнтра Наталля Валер’еўна Апанчук асаблівасці валанцёрскага руху ведае добра. Найвялікшы праект, у якім яна была задзейнічана нядаўна, — ІІ Еўрапейскія гульні, дзе мая сённяшняя суразмоўніца была начальнікам аддзела па наборы і сэрвісах упраўлення па рабоце з валанцёрамі.

— Пасля Гульняў мяне і іншых людзей, якія там працавалі, запрасілі заняцца развіццём валанцёрскага цэнтра, бо ў нас быў і вопыт, і бачанне канцэпцыі развіцця валанцёрскага руху ў краіне, — гаворыць Наталля Валер’еўна. — Мы бачым яго ў сумеснай рабоце, таму і на адкрыццё запрасілі кіраўніка галіновага міністэрства, членаў міжведамаснага каардынацыйнага Савета па развіцці валанцёрскага руху ў Рэспубліцы Беларусь (прадстаўнікоў валанцёрскага руху “Добрае сэрца” Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, Лігі добраахвотнай працы моладзі, ЮНЕСКА).

Сёння Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр ажыццяўляе поўны комплекс інфармацыйных, кансультатыўных і метадычных паслуг установам адукацыі, арганізацыям і грама­дзянам у сферы валанцёрскай дзейнасці. Калі падрабязней, то цэнтр дзейнічае ў кірунках па стварэнні кадравых, арганізацыйных, навуковых, інфармацыйных і метадычных умоў для развіцця валанцёрскага руху; стварае ўмовы для яго кардынацыі і развіцця; збірае адзіную базу даных аб валанцёрах; падтрымлівае кіраўнікоў валанцёрскіх цэнтраў ва ўстановах адукацыі, аказвае ім метадычную і практычную дапамогу; распрацоўвае меры і гарантыі па ўдасканаленні заканадаўчай і прававой базы, якая стымулюе развіццё валанцёрскага руху.

Што да апошняй з пералічаных мэт, то ёй кіраўнік цэнтра надае асаблівае значэнне.

— Наша задача — паказаць, што валанцёр — гэта не толькі бясплатная рабочая сіла. Гэта часта спецыяліст, які прыходзіць у гэты рух са сваімі кампетэнцыямі і сваімі інтарэсамі, — заўважае Наталля Валер’еўна.— Валанцёры могуць і дапамагчы, і рэалізаваць, напрыклад, свае арганізатарскія здольнасці, пазнаёміцца з людзьмі з тымі ж інтарэсамі, што і ў сябе, палепшыць веданне замежнай мовы, удзельнічаючы ў дабрачынных праектах. А чаму б не? Нам важна ўлічваць розныя інтарэсы і патрэб­насці валанцёраў. У Еўропе, напрыклад, удзел у валанцёрскай дзейнасці вельмі цэняць работадаўцы, саіскальнікі абавязкова адзначаюць яго ў рэзюмэ. І мы хочам прывучыць беларусаў да такога стаўлення да валанцёрскай работы.

Цэнтр ужо распрацаваў сайт і з яго дапамогай збіраецца, у тым ліку, супрацоўнічаць з валанцёрамі з усёй краіны, аказваць метадычную і іншую дапамогу, размяшчаць інфармацыю аб валанцёрскіх праектах розных устаноў, каб жадаючыя маглі да іх далучыцца. Семінары-практыкумы пры гэтым плануюцца і непасрэдна ў цэнтры, і выязныя. Прычым да іх правядзення рэспубліканскі цэнтр далучыць людзей з вялікім практычным вопытам валанцёрскай работы — з грамад­скіх аб’яднанняў-партнёраў і інш. А нядаўна ў Пінску, які аб’яўлены новай маладзёжнай сталіцай Беларусі, абноўлены цэнтр зрабіў сваю прэзентацыю і на прыкладзе ПалесДУ паказаў розныя моманты арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ва ўстанове вышэйшай адукацыі.

Акрамя таго, у цэнтры рыхтуюць прапановы па далейшым развіцці валанцёрскага руху ў Беларусі, наладжваюць партнёрскія сувязі з маладзёжнымі арганізацыямі і грамадскімі фондамі для сумеснай сацыяльна значнай дзейнасці, а таксама актывізуюць супрацоўніцтва з Еўрапейскай валанцёрскай службай для абмену вопытам па заахвочванні моладзі да валанцёрскай дзейнасці і са­дзейнічанні ўдзелу валанцёраў Рэспублікі Беларусь у міжнародных праектах.

У кожным рэгіёне, у кожнай навучальнай уста­нове ёсць свае валанцёрскія праекты, як звязаныя са спецыфікай навучання (напрыклад, педагагічнай накіраванасці ў БДПУ, павышэння камп’ютарнай дасведчанасці і г.д.), так і іншыя, у тым ліку рэгіянальнага маштабу. А ёсць праекты рэспубліканскага і нават міжнароднага значэння, якія маюць на ўвазе ўдзел прадстаўнікоў розных УВА. Рэспубліканскі цэнтр валанцёр­скага руху ўжо атрымаў запыты ад Міністэрства культуры на дапамогу ў правядзенні міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Купалля ў Александрыі, ад Міністэр­ства спорту і турызму, Міністэрства замежных спраў. Усе добра ведаюць, да каго можна звярнуцца, каб атрымаць кваліфікаваную дапамогу.

А зусім нядаўна цэнтру ўдалося арганізаваць тэлемост паміж беларускімі валанцёрамі “сярэбранага” ўзросту і іх расійскімі аднадумцамі-пенсіянерамі з Санкт-Пецярбурга. Так пачынаецца абмен вопытам валанцёраў з розных краін. Яшчэ адна задача міжнароднага кштал­ту — накіраванне беларускіх валанцёраў на работу па падрыхтоўцы і правядзенні УЕФА-2020. Раней, у лістапа­дзе, дзякуючы сувязям з Асацыяцыяй валанцёрскіх цэнтраў Расіі, беларуская дэлегацыя пабывала на Міжнародным форуме добраахвотнікаў у Сочы. У перспектыве — наладжванне сувязей з валанцёрамі Азербайджана. Ды і наогул — планаў і перспектыў шмат, пачатак іх рэалізацыі да­дзены.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.