Эфектыўная работа прадпрыемстваў магчыма нават у няпростых знешнеэканамічных умовах. Такое меркаванне выказаў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць.
Паводле слоў прэм’ер-міністра, складаныя ўмовы работы існуюць для ўсіх — ці гэта вытворчасці, стварэнне якіх вядзецца па дзяржпраграмах, ці прадпрыемствы, створаныя з прыцягненнем замежнага капіталу, ці беларускія вытворчасці, якія пастаянна мадэрнізуюцца і за кошт гэтага паспяхова працуюць на рынку. “Нават у няпростых знешніх эканамічных умовах можна нармальна і эфектыўна працаваць”, — упэўнены Андрэй Кабякоў.
З канкрэтнымі вытворчымі прыкладамі кіраўнік урада азнаёміўся ў час рабочай паездкі. Першым пунктам яго праграмы стала ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Слоніммэбля”, дзе размова ішла аб рабоце арганізацый холдынга па выпуску экспартаарыентаванай прадукцыі. “Прадпрыемства грунтуецца на традыцыях, вопыце і ведах, бачыць перспектывы свайго развіцця і нармальна працуе. У прынцыпе, умовы цяпер для ўсіх аднолькавыя, але, тым не менш, прадпрыемства нарошчвае аб’ёмы вытворчасці, актыўна рэалізуе прадукцыю, экспартуючы яе ў Расію, Казахстан, Азербайджан, Малдову. Ёсць перспектыўныя кантракты і за межамі СНД”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Як далажылі прэм’ер-міністру, штогод адбываецца значнае абнаўленне таварнага рада, асвойваецца выпуск новай прадукцыі. “У гэтых няпростых умовах — дэвальвацыя ў партнёраў, спад валютнага эквіваленту за экспартную выручку — яны працуюць над змяншэннем затрат, упісваюцца ў рынак”, — канстатаваў прэм’ер-міністр.
Андрэй Кабякоў таксама наведаў ЗТАА “БЕЛ-ОБСТ” у Ваўкавыску, дзе рэалізоўваецца інвестыцыйны праект па стварэнні імпартазамяшчальнай вытворчасці фруктова-ягадных напаўняльнікаў для малочных прадуктаў. “Мы вельмі разлічваем на тое, што гэта будзе сур’ёзнае структураўтваральнае прадпрыемства. Яно ў максімальнай ступені зможа забяспечыць поўнае імпартазамяшчэнне гэтых напаўняльнікаў. Зразумела, будзе канкурэнцыя некаторым нашым прадпрыемствам, але гэта нават і добра”, — лічыць Андрэй Кабякоў.
Прадпрыемства плануе далейшае нарошчванне вытворчых магутнасцей, а больш за палову прадукцыі будзе экспартавацца. “Яны ведаюць, куды будуць прадаваць, з кім будуць працаваць, і ўпэўнены ў сваёй кампетэнцыі”, — сказаў прэм’ер-міністр. Паводле яго слоў, рэалізацыя гэтага праекта з’яўляецца добрым прыкладам паспяховага ўзаемадзеяння мясцовай улады і замежнага інвестара па стварэнні імпартазамяшчальнай і экспартаарыентаванай вытворчасці.
Прэм’ер-міністр адзначыў, што ў якасці сыравіны для новага прадпрыемства будуць у тым ліку выкарыстоўвацца здадзеныя насельніцтвам дзікаросы. Цяпер яны часам здаюцца камерсантам па заніжанай цане, якія ў сваю чаргу рэалізуюць іх на экспарт. “А потым прадукты перапрацоўкі мы завозім у выглядзе дарагога імпарту, — заўважыў Андрэй Кабякоў. — Цяпер лагістыка будзе выбудоўвацца так, каб максімальна выкарыстаць тое, што расце ў Беларусі, а таксама наладзіць адносіны перш за ўсё з фермерскімі і больш буйнымі гаспадаркамі, якія маглі б вырошчваць ягады адпаведных сартоў. Прычым прадугледжваецца актыўна заняцца і сортаабнаўленнем, каб вырошчваць менавіта тое, што можа быць потым правільна перапрацавана і запатрабавана на рынку”.
“Гэта значыць, ствараецца своеасаблівы кластар — імпартазамяшчальнае экспартаарыентаванае прадпрыемства, якое будзе вакол сябе фарміраваць групы прадпрыемстваў, што працуюць на яго забеспячэнне. Ёсць і добрая сувязь з навукай. Гэта ўсё патрабуе сучасных тэхналогій. Гэта мікрабіялогія, якая забяспечвае гарантыю якасці. За такімі праектамі будучыня. Гэта тыя пункты росту, на якія мы разлічваем”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Заключным пунктам рабочай паездкі Андрэя Кабякова стала наведванне свінагадоўчага комплексу “Пачуйкі” РС КУП “Ваўкавыскае”, дзе разглядалася пытанне аб выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада па аднаўленні пагалоўя свіней і вытворчасці свініны ў Гродзенскай вобласці. Прадпрыемства разлічана на 24 тысячы галоў. Планавалася, што тэрмін яго будаўніцтва складзе 18 месяцаў, аднак усе работы фактычна ўдалося завяршыць за 8 месяцаў. Пры гэтым выкарыстоўваліся айчынныя матэрыялы, у тым ліку прадукцыя мадэрнізаваных цэментных заводаў.