Пунсовыя ветразі надзеі

Выпускны вечар — апошняе свята дзяцінства і першы крок у новае, дарослае жыццё. На парозе гэтага вялікага жыцця кожны выпускнік поўны надзей і жаданняў, упэўнены, што здолее заваяваць увесь свет. Гэты час уваходзіць у асабістую гісторыю кожнага як першы дзень новага жыцця. Але нельга забываць і пра той шлях, які ўжо пройдзены. Знаходзячыся на вялікім жыццёвым скрыжаванні, важна азірнуцца, каб ацаніць увесь мінулы вопыт і веды, паглядзець наперад і ўбачыць магчымыя перспектывы. І не забыцца зірнуць уверх, на неба, дзе свеціць твая пуцяводная зорка!

9 чэрвеня ў нашай установе адукацыі адбыўся выпускны вечар “Пунсовыя ветразі надзеі”. Учарашнія адзінаццацікласнікі атрымалі атэстаты аб заканчэнні школы. Сёлета школа выпусціла 8 вучняў. Для дзевяцікласнікаў 9 чэрвеня таксама стала развітаннем са школай, з любімымі настаўнікамі і першым крокам у самастойнае жыццё. Яны атрымалі пасведчанні аб базавай адукацыi.

Павіншаваць выпускнікоў прыйшло шмат гасцей. Дырэктар установы С.І.Шушкевіч пажадала поспеху пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, ажыццяўлення ўсяго задуманага. Добрыя пажаданні — ад былога дырэктара У.У.Вярбіцкага, класных кіраўнікоў В.У.Булойчыка і Е.І.Пазнанскай, першай настаўніцы 11 класа Т.Я.Жызнеўскай. Са словамі падзякі да школы звярнуліся бацькі і самі выпускнікі.

Свята працягнулася і пасля заканчэння канцэртнай праграмы. Гэта была сапраўдная ўрачыстасць маладосці і прыгажосці, музыкі і танцаў, любові і надзеі, вечар бальных сукенак і элегантных касцюмаў.

У шчаслівы шлях, нашы дарагія выпускнікі!

Алена ГАЎРЫЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Гарадзечанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.