“Пушкінскія дні” ў гімназіі

- 12:16Нам пішуць

У кожнай установы адукацыі ёсць свае традыцыі. У гімназіі № 3 горада Віцебска — традыцыі, звязаныя з імем Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, імя якога наша гімназія носіць з 2007 года. Штогод “Пушкініяна” ахоплівае ўсе кірункі работы гімназіі: агульнаадукацыйны, музычны, харэаграфічны, мастацкі.

Падчас “Пушкінскіх дзён” вучні могуць праявіць сябе і на літаратурнай ніве, і ў музыцы, і ў мастацкай творчасці. Нашы вупускнікі, наведваючы гімназію, з удзячнасцю ўспамінаюць якраз тыя мерапрыемствы.

Шматгранную работу з гімназістамі па вывучэнні жыццёвага шляху і літаратурнай спадчыны А.С.Пушкіна праводзяць настаўнікі рускай мовы і літаратуры. Так, у фармаце “Пушкінскіх дзён” Т.А.Ісаенка разам з вучнямі 9 класаў правяла пасяджэнне літаратурнага клуба “Сугучча”. Незабыўныя ўражанні атрымалі наведвальнікі ад прагляду тэатральна-літаратурнай кампазіцыі “Гучы, чароўная ліра”, а ў вучняў 6-х класаў выклікала зацікаўленасць прэзентацыя паэтычнага зборніка “Слова аб слове”.

Актыўны ўдзел у літаратурным дайджэст-турніры “Паэтычны радок” узялі вучні 10—11 класаў. Інтэлектуальнае спаборніцтва ладзілі настаўніца рускай мовы і літаратуры А.М.Багімава і кіраўнік Пушкінскага цэнтра гімназіі І.В.Бабенка.

Жыццё і дзейнасць вялікага паэта натхняе вучняў гімназіі на скрупулёзнае вывучэнне яго творчасці, шматлікія даследаванні. Так, з вучнямі чацвёртых класаў праводзіліся ўрокі-даследаванні “Поры года ў вершах А.С.Пушкіна”, а вучні 10-х класаў правялі даследванні па тэме “Геаграфія пушкінскіх назваў на тэрыторыі Беларусі”, стварыўшы картасхему “Пушкінскія назвы на тэрыторыі Беларусі”.

У шматлікіх мерапрыемствах, прысвечаных А.С.Пушкіну, удзельнічалі вучні ўсіх класаў. Настаўнікі пачатковых класаў правялі цікавую гульню “Падарожжа ў краіну пушкінскіх казак”.

З вучнямі 5-х класаў у гімназіі праводзіўся інтэлектуальны марафон “Там на невядомых сцяжынках”, а вучні 6 і 7 класаў узялі ўдзел ў брэйн-рынгу “Ліцэя братству верны я”.

Класныя кіраўнікі разам з вучнямі 4—11 класаў праводзілі экспрэс-конкурс “Жыццё А.С.Пушкіна ў датах і падзеях”. Самыя незвычайныя ідэі па запамінанні найбольш значных дат у жыцці і творчасці паэта прадставілі Іван Максімішын з 6 “А” і Максім Фадзееў з 8 “А” класаў.

З нагоды “Пушкінскіх дзён” у гімназіі ладзіліся дзве экспазіцыі: выстава работ вучняў пачатковых класаў “У Лукамор’я”, дзе былі прадстаўлены творчыя работы па казках А.С.Пушкіна, а таксама выстава мастацкіх твораў вучняў 5—8 класаў “Пушкін вачыма дзяцей”.

Праявіць яскравыя таленты чытальнікаў вучні мелі магчымасць на конкурсе дыкламавання вершаў “Тут Пушкіным усё дыхае”, а заявіць пра свае паэтычныя амбіцыі — на гарадскім паэтычным конкурсе “Душы чароўныя парывы”, на які было прадстаўлена 168 паэтычных твораў, аўтарамі якіх з’яўляюцца юныя паэты з 25 устаноў адукацыі Віцебска. Нашы навучэнцы Алег Шалха, Аляксандра Суслава, Дар’ я Хацкевіч і Паліна Сарока ўвайшлі ў шэраг пераможцаў гэтага конкурсу.

Паэзія Пушкіна шматгранная і непаўторная. Яго літаратурныя творы натхнялі многіх кампазітараў. Кожны год пры правядзенні гімназічнай філармоніі “Я к вам лячу ўспамінам” пад кіраўніцтвам В.І.Собалевай у гімназіі гучаць музычныя творы на пушкінскія матывы. Сёлета наведвальнікі філармоніі змаглі паслухаць фартэпіянны дуэт вучаніц 8 класа Кацярыны Гапеевай і Уладзіславы Ермашкевіч (М.Глінкі “Я помню чудное мгновенье”). Духавы аркестр гімназіі выканаў урывак з оперы М.Глінкі “Руслан і Людміла”. Парадавалі слухачоў удзельнікі дзіцячага хору “Мара”, якія выканалі ўрывак з оперы П.І.Чайкоускага “Яўгеній Анегін”, іншыя музычныя творы.

Шэраг мерапрыемстваў “Пушкінскіх дзён” праводзілася ў рамках супрацоўніцтва гімназіі № 3 з Віцебскім аддзяленнем Саюза пісменнікаў Беларусі, Брэсцкім ліцэем № 1 імя А.С.Пушкіна. Цесна супрацоўнічаем з рускім цэнтрам “Русь”, музеем-запаведнікам “Міхайлаўскае”, а таксама са школай № 353 Масквы.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўнік геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.