Пускавы ток для пачынаючых спецыялістаў

Маладых спецыялістаў, якія першы год выкладаюць у сталіцы фізіку і астраномію, 3 гады назад узяла пад сваё крыло намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы імя Янкі Купалы № 19 Мінска, кандыдат педагагічных навук, настаўніца фізікі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Святлана Васільеўна Дзюбенка. Мы пагаварылі з ёй пра сістэму работы, якая склалася ў школе маладога настаўніка фізікі і астраноміі, сакрэты прафесійнага росту і вырашэнне злабадзённых праблем.

— Святлана Васільеўна, напэўна, вопытным вокам вы можаце адразу ўбачыць найбольш перспектыўнага маладога настаўніка.

— Са свайго вопыту магу сказаць: настаўнік дасягае вялікіх вынікаў і становіцца прафесіяналам, калі галіна яго творчасці супадае з прафесійнай сферай.  Адна справа, калі спецыяліст імкнецца спраўляцца з усім на рабоце якасна і добра. І зусім іншая, калі чалавеку цікава тварыць у прафесіі, хочацца прыдумваць штосьці новае, выконваць справу нестандартна, па-асабліваму, творча. Тады ў чалавека будуць гарэць вочы, ён будзе з цікавасцю падключацца да розных праектаў, прапаноўваць свае ідэі і з часам ён дакладна стане прафесіяналам.

Калі б сёння да нас у школу прыйшоў малады настаўнік на субяседаванне, то я абавязкова задала б яму наступныя пытанні: “А ці цікава вам прыдумваць для дзяцей заданні творчага плана? Ці хочацца рэалізоўваць у камандзе нейкія праекты? Ці важна імправізаваць на ўроку і, калі патрабуе сітуацыя, адыходзіць ад плана і хутка рэагаваць на пазнавальную патрэбу дзяцей?”. Калі такія жаданні ёсць, то скажу адназначна: гэта наш чалавек, яму будзе цікава працаваць, бо ў яго ёсць унутраная патрэба тварыць у прафесіі. Значыць, будзе актыўнасць у самаадукацыі, і школа маладога настаўніка, а пасля цьютарскае суправаджэнне будуць мець важнае значэнне для яго.

— Чым, на ваш погляд, адрозніваецца новае пакаленне маладых педагогаў?

— Мне заўсёды прыемна бачыць маладое папаўненне. Настаўнікаў фізікі ў сталічныя ўстановы адукацыі штогод прыходзіць нямнога: 10—15 чалавек. Некаторыя ўжо набылі першы невялікі працоўны вопыт: на старшых курсах яны не толькі вучыліся, але і выкладалі. Як правіла, размова ідзе пра невялікую колькасць гадзін і не ў старшых класах. Калі работа не перашкаджае маладому чалавеку вучыцца, у яго застаецца рэсурс часу і сіл, то такая дадатковая практыка стане толькі плюсам. Такім чынам набываецца неабходны вопыт камунікатыўнай дзейнасці, узаемадзеяння, кіравання дзіцячым калектывам — і пасля старт працоўнай дзейнасці будзе больш  простым і спакойным.

Увогуле ў нашу школу маладога настаўніка фізікі і астраноміі штогод прыходзяць выдатныя маладыя педагогі. Прык­ладна палова з іх — прадстаўніцы прыгожага полу. Адметна, што часцей за ўсё ў дзяўчат ёсць жаданне расці па кар’ернай лесвіцы гарызантальна, павышаць сваю кваліфікацыйную катэгорыю і майстэрства. У мужчын жа часцей назіраецца схільнасць да пабудовы вертыкальнай кар’еры, каб з часам стаць намеснікам дырэктара ці кіраўніком установы.

Мне падабаецца, што новае пакаленне маладых педагогаў не заціснутае, адкрытае да дыялогу і абмеркавання любых праблем. Яны адрозніваюцца тым, што маюць і смела выказваюць свае меркаванні, не саромеюцца задаваць пытанні. У іх таксама можна і трэба вучыцца. Молада не заўсёды значыць зелена. Яны разбіраюцца ў інфармацыйных тэхналогіях. Падчас нашых размоў, аналізу ўрыўкаў урокаў задаю пытанне:  а як бы вы гэта зрабілі ў сябе на ўроку, магчыма, нешта арганізавалі б па-іншаму? Радуе, што яны і­мгненна выказваюць свае прапановы, у іх шмат ідэй, звязаных з сучаснымі інфармацыйнымі рэсурсамі. Пераканана: трэба не толькі перадаваць вопыт маладым, але і самім вучыцца ў іх, пераймаць у іх крэатыўнасць, смеласць, актыўнасць, кампетэнтнасць у інфармацыйнай сферы. Сёлета з радасцю чакаем у школе, дзе я працую, маладых, энергічных, ініцыятыўных настаўнікаў.

— Якія падыходы ў рабоце з маладымі педагогамі вы прымяняеце?

— На першае месца ў рабоце з маладымі педагогамі я, безумоўна, стаўлю асобасна арыентаваны, індывідуальны і рэфлексійна-дзейнасны падыходы. Часта пачынаючыя спецыялісты самі не ведаюць, у чым іх патрэбы, якіх ведаў і навыкаў ім не хапае. Гэтая прыступка прафесійнага развіцця называецца неасэнсаванай некампетэнтнасцю. У той жа час ёсць маладыя педагогі, якім здаецца, што яны ведаюць усё. Яны нават часам у анкетах сама­аналізу ацэньваюць сябе вышэй, чым настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Такія навічкі знаходзяцца на іншай прыступцы росту — і гэта таксама неасэнсаваная некампетэнтнасць. У такім выпадку мая задача — вывесці іх у стан асэнсаванай некампетэнтнасці, абудзіць жаданне запаўняць свае праблемы, расці прафесійна. Пазней да іх прыйдзе неасэнсаваная кампетэнтнасць. Хацелася б, каб усе педагогі заўсёды заставаліся ў такім стане. Гэта значыць, што настаўнік ужо дасягнуў высокага ўзроўню ў прафесіі, але ў той жа час у яго пастаянна ёсць адчуванне: трэба нешта ўдасканаліць, асвоіць новае. На жаль, здараецца так, што вопытныя настаўнікі здаюць на вышэйшую катэгорыю і супакойваюцца, лічаць сябе прафесіяналамі. Гэта так, але ж час не стаіць на месцы, а значыць, ёсць рызыка зноў трапіць на ранейшую прыступку неасэнсаванай некампетэнтнасці.

— Якія праблемы часцей за ўсё хвалююць моладзь?

— У самым пачатку абавязкова праводжу дыягностыку. Маладыя спецыялісты пішуць і расказваюць пра тое, што іх хвалюе. Адной з агульных праблем нязменна застаецца дысцыпліна, а значыць, праблема кіравання дзіцячым калектывам, уменне будаваць узаемадзеянне, арганізоўваць урок так, каб усе дзеці былі ўключаны ва ўзаемадзеянне, успрымалі маладога настаўніка як настаўніка. Напэўна, для навічкоў гэта не менш складаная задача, чым паглыбіцца ў прадметны змест урока фізікі ці астраноміі.

— Як арганізавана работа школы пачынаючага настаўніка фізікі і астраноміі?

— У першы год работы неабходна дапамагчы настаўніку асвоіць арганізацыю, планаванне, правядзенне вучэбных заняткаў. Гэта трэба зрабіць за пяць пасяджэнняў, якія ладзяцца на працягу навучальнага  года. Першае часцей за ўсё праводзім у фармаце круглага стала. Знаёмімся з нарматыўнымі дакументамі, інструктыўна-метадычным пісьмом на новы навучальны год, падрабязна прагаворваем усе пытанні, з якімі можа сутыкнуцца малады спецыяліст.

На другіх занятках мая задача — паказаць, што ўрокі не існуюць самі па сабе, а ўзаемазвязаны і павінны стаць пэўнай дыдыктычнай сістэмай настаўніка. Таму маладому педагогу неабходна адразу думаць не толькі пра тое, як правесці канкрэтныя вучэбныя заняткі, але і пра тое, які вынік ён хоча атрымаць пры вывучэнні раздзела, у канцы чвэрці, года. Тлумачу, што важна ўвесь час памятаць пра ўстаноўку на прадметныя, метапрадметныя ці асобасныя вынікі, да якіх настаўнік хоча прывесці дзяцей. Тады і ўсю работу ён бу­дзе будаваць для дасягнення гэтых мэт. Гэта называецца працаваць у рэжыме развіцця, самому кіраваць працэсам. Так, калі я, напрыклад, хачу, каб у маіх вучняў развівалася логіка, то мэтанакіравана прадумваю, якія задачы, пытанні сістэмна і сістэматычна ўключаць ва ўрокі. І ў такім выпадку я магу праг­назаваць, што ў выніку адбудзецца развіццё лагічнага мыслення вучняў. Перш-наперш мне вельмі хочацца, каб маладыя настаўнікі бачылі гэтую сістэму, адразу прадумвалі свае стратэгічныя і тактычныя планы, каб удала ажыццяўлялі гэтую мэтавую ўстаноўку.

На наступных занятках мы пагружаемся ў матывацыйна-мэтавы этап урока. На сустрэчу абавязкова рыхтую прэзентацыю. Затым адбываецца сумеснае вывучэнне праблемы, ладзіцца майстар-клас. Рыхтую матэрыялы, каб маладым спецыялістам трэба было нешта дадумаць, дабудаваць, абмеркаваць. Яны заўсёды ўключаны ў актыўную дзейнасць. Напрыканцы заняткаў падчас рэфлексійна-ацэначнага этапу яны выказваюць свае думкі.

Далей таксама разам і пакрокава разбіраемся ва ўсіх тонкасцях арганізацыйна-дзейнаснага этапу. Паглыбляемся ў мноства форм, метадаў, вывучаем, як можна найбольш эфектыўна арганізаваць работу вучняў. Раю: ідучы на ўрок, вы павінны адказаць сабе на некалькі пытанняў, якія пачынаюцца са слоў “Што будуць рабіць дзеці, калі…?”. Напрыклад, “Што будуць рабіць дзеці ў той час, як я тлумачу матэрыял ля дошкі” (запаўняць табліцу ці разам  шукаць адказ на ключавое пытанне, ці ў тлумачэнне ўбудаваныя нейкія заданні, якія трэба выканаць, ці, магчыма, гэта праблемная лекцыя і г.д.). На працягу ўсяго ўрока дзеці павінны ду­маць і быць уключаны ў асэнсаваную дзейнасць. Калі ў пачатку пастаўлена мэта, то на працягу ўрока мы да яе вяртаемся (прагаворваем: на якія пытанні мы ўжо можам адказаць, што мы будзем рабіць далей, над чым працаваць). Гэта дапамагае вучням не губляць сувязь, ланцужок у тым, што адбываецца.

Простае пытанне “Што будуць рабіць дзеці, калі …?” дапамагае трымаць увесь клас у полі зроку. Так, калі групы працуюць над дыферэнцыраванымі заданнямі і затым прэзентуюць свае праекты, то многія педагогі дапуска­юць тыповую памылку. Калі адна група выходзіць прэзентаваць сваю работу, то чым жа заняты астатнія? Як правіла, у гэты час яны ці хвалююцца перад сваім адказам, ці ўжо расслабіліся і нічога не слухаюць. Трэба проста загадзя праду­маць гэты момант так, каб усе былі задзейнічаны. Так, можна даць заданне: запоўніць табліцу на падставе выступленняў усіх груп. Важна папярэдзіць, што работа на ўроку будзе ацэньвацца па выніках асэнсавання ўсіх пытанняў. У такім выпадку ўсе групы ўвесь час будуць актыўнымі, і калі нешта будзе незразумела, дзеці будуць самі задаваць пытанні выступаючым.

— Якім яшчэ вопытам вы найперш імкняцеся падзяліцца з моладдзю?

— Удзяляю вялікую ўвагу сучасным тэхналогіям і метадам. Каб інфармацыя ўспрымалася лягчэй і прапускалася праз сябе, рыхтую карткі для заняткаў. Напрыклад, маладыя спецыялісты адзначаюць у спісе метады, якія б яны выбралі, каб матываваць дзяцей на ўцягненне ў дзейнасць ці каб сістэматызаваць матэрыял. Акрамя таго, прапаную гатовыя распрацоўкі ўрокаў, з якіх я выдаліла нейкія часткі. Непасрэдна на пасяджэнні пачынаючыя настаўнікі дабудоўваюць урок, прапануюць свае варыянты, падбіраюць заданні. Напрыканцы я ім даю першапачатковы варыянт. Затым ідзе этап рэфлексіі: параўноўваем, знаходзім плюсы і мінусы ў кожным плане. Дарэчы, адзін з важных прынцыпаў: мы ніколі не кажам слова “дрэнна”, калі аналізуем нечыю дзейнасць. Прывучаю да таго, што сітуацыю варта разглядаць у іншым ключы: гаварыць пра тое, што б вы зрабілі па-іншаму для таго, каб павялічыць эфектыўнасць. Таксама няправільна казаць “дрэнны прыём”, магчыма, гэты прыём не падыходзіць пэўнаму настаўніку, не ўпісваецца ў яго сістэму выкладання.

Важна падзяліцца з моладдзю сваімі лайфхакамі, каб можна было эканоміць час і не губляцца ў вялікім патоку інфармацыі. Раю завесці папку па пэўнай тэме ці ўроку і пастаянна папаўняць яе новай каштоўнай інфармацыяй, якая сустракаецца. Штогод падчас падрыхтоўкі да ўрокаў у ёй будуць з’яўляцца новыя ідэі, прыклады, цікавыя выразы і факты. Гэты каштоўны матэрыял я называю матывацыйнай скарбонкай.

Адным з самых няпростых момантаў для моладзі з’яўляецца кантрольна-ацэначная дзейнасць. Гэтай тэме прысвячаем асобныя заняткі. Прычым увагу звяртаем на кантрольна-ацэначную дзейнасць і настаўніка, і вучняў. На мой погляд, унутраны катроль — рухавік усяго ўвогуле, самаразвіцця любой асобы. Чалавек павінен ажыццяўляць самаацэнку, тады ён для сябе робіць высновы, што варта дапрацаваць ці змяніць у рабоце.

Трэба разглядаць гэтае важнае пытанне ў розных кірунках: і які кантроль павінен быць пасля выканання пэўнай задачы, і як наладзіць убудаваны кантроль, і як скласці самастойную работу. Калі казаць пра адзнаку, то ацэначная дзейнасць мае шмат функцый. Важна паказаць дзецям іх шлях: што ў іх атрымліваецца, а што не, і што трэба зрабіць, каб палепшыць свой вынік.

На апошнія абагульняючыя заняткі, якія ладзяцца на­прыканцы года, настаўнікі прыносяць свае распрацоўкі ўрокаў. Разам мы мадэлюем цэласны ўрок. Гаворым аб праблемах, перспектывах, крыніцах, дзе можна знайсці патрэбную інфармацыю для прафесійнага росту і натхнення. Мне падабаецца, што не толькі я нешта даю пачынаючым педагогам. Дзякуючы школе маладога настаўніка ў іх наладжваюцца зносіны, на пасяджэннях яны абмяркоўваюць паміж сабой усе праблемы з улікам уласнага вопыту, гавораць, што яны зрабілі б у той ці іншай сітуацыі.

— У пэўны перыяд з-за эпідэмічнай сітуацыі, напэўна, праходзілася працаваць з маладымі спецыялістамі дыстанцыйна?

— Сёлета ў асноўным ладзілі вочныя пасяджэнні. Толькі адно з іх, па кантрольна-ацэначнай дзейнасці, праходзіла ў форме вэбінара. Такія заняткі прыносяць не менш карысці. Да таго ж, адзначыла для сябе яшчэ адзін важкі плюс: вэбінар ахапіў нашмат большую аўдыторыю, прычым сярод ­удзельнікаў былі не толькі маладыя спецыялісты.

У мінулым годзе прыйшлося зрабіць стаўку на дыстанцыйнае навучанне. Кожны ўдзельнік нашай школы атрымліваў пісьмы на электронную пошту. Кожны раз там быў пакет дакументаў, напрыклад, відэаўрок, прэзентацыя, спіс літаратуры для вывучэння і кантрольныя заданні, якія неабходна было выканаць. У любы час неабходны і індывідуальныя кансультацыі. Маладыя педагогі могуць атрымаць іх як пры асабістай сустрэчы, так і па тэлефоне. Пры любым фармаце зносін галоўнае правіла адно: кожная сустрэча з маладымі педагогамі павінна, нібы пускавы ток, стаць для іх штуршком да самаадукацыі і самаразвіцця.

— Што вы параілі б маладым спецыялістам і тым, хто іх накіроўвае?

— Маладога спецыяліста трэба па-максімуме ўцягваць у мерапрыемствы, якія ладзяць вопытныя педагогі. Важна, каб ён часта наведваў урокі, майстар-класы, спрабаваў пакрыху сам недзе выступаць, заяўляць пра сябе.

Сваім маладым калегам даю парады са свайго вопыту: на ўрок нельга ісці, пакуль сам не прарашаеш усе задачы параграфа, не прадумаеш, якія пытанні могуць задаць табе дзеці. Акрамя гэтага, варта дэталёва распланаваць урок, падаб­раць дадатковы матэрыял, каб быць цікавым вучням. Ведамі нельга наесціся раз і назаўсёды. Адукацыя павінна ісці ўсё жыццё і быць бесперапыннай. Гэта варта прыняць як догму і атрымліваць задавальненне ад працэсу.

Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.