Уладзімір Пуцін сустрэўся з распрацоўшчыкамі канцэпцыі новага вучэбна-метадычнага комплексу па айчыннай гісторыі. У сустрэчы прынялі ўдзел Старшыня Дзяржаўнай Думы, старшыня Расійскага гістарычнага таварыства, кіраўнік рабочай групы па падрыхтоўцы канцэпцыі новага падручніка гісторыі Сяргей Нарышкін, памочнік прэзідэнта Андрэй Фурсенка, міністр адукацыі і навукі Дзмітрый Ліванаў, міністр культуры Уладзімір Мядзінскі, прадстаўнікі навуковай, адукацыйнай і экспертнай супольнасцей.
Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін прапанаваў прадумаць пытанне сінхранізацыі курсаў гісторыі Расіі і гісторыі замежных краін у расійскіх школах, паведамляе РІА Навіны.
“Трэба будзе падумаць і пра тое, каб сінхранізаваць курс гісторыі Расіі з выкладаннем гісторыі замежных краін, якую таксама праходзяць у школах”, — сказаў прэзідэнт на сустрэчы з распрацоўшчыкамі канцэпцыі новага вучэбна-метадычнага комплексу па айчыннай гісторыі.
Ён прапанаваў ужыць для гэтага вопыт і напрацоўкі шэрага расійскіх ВНУ, у тым ліку Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін. “Гісторыя — гэта складаны прадмет, ён патрабуе добрых, рознабаковых ведаў ад самога выкладчыка, ад самога настаўніка. Таму вельмі важна своечасова, належным чынам, на высокім прафесійным узроўні арганізаваць падрыхтоўку і перападрыхтоўку выкладчыцкіх кадраў, актыўна выкарыстоўваць відэа- і аўдыяматэрыялы, рэсурсы інтэрнэту для гэтых мэт”, — сказаў прэзідэнт.
Па словах кіраўніка дзяржавы, у расійскім грамадстве актыўна і зацікаўлена абмяркоўваюцца пытанні, звязаныя з гісторыяй і з яе выкладаннем у школах і ВНУ: “Уласна кажучы, зразумела, чаму. Таму што ад гэтых ацэнак у значнай ступені залежыць, як грамадства ставіцца да таго, што мы робім сёння, і тое, якія планы мы будуем на най-бліжэйшую сярэднетэрміновую і на больш аддаленую гістарычную перспектыву”.
На думку прэзідэнта, “менавіта ў гэтым заключаецца прычына таго запалу, які круціцца вакол гістарычных праблем”.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што настаўніку неабходна даць магчымасць гаварыць пра розныя погляды на гісторыю. “Адзіныя падыходы да выкладання гісторыі зусім не азначаюць казённае, афіцыёзнае, ідэалагізаванае аднадумства. Гаворка зусім пра іншае. Аб адзінай логіцы выкладання гісторыі, аб разуменні непарыўнасці і ўзаемасувязі ўсіх этапаў развіцця нашай дзяржавы і нашай дзяржаўнасці”, — заявіў Пуцін.
“Важна працягнуць прафесійную, неперадузятую дыскусію вакол найбольш спрэчных падзей гісторыі, каб, абапіраючыся на аб’ектыўныя факты, максімальна зблізіць тут нашы пазіцыі і ацэнкі. Пры гэтым перакананы, што нельга абмяжоўваць настаўніка ў яго імкненні як мага шырэй паказаць вучням розныя пункты гледжання на гістарычныя факты і падзеі, выкарыстоўваць у навучальным працэсе дадатковыя матэрыялы, зборнікі гістарычных дакументаў, дапаможнікі”, — сказаў прэзідэнт.
На базе новай канцэпцыі павінны быць сфармаваны ўсе экзаменацыйныя матэрыялы, у тым ліку пытанні Адзінага дзяржаўнага экзамену. Пуцін дадаў, што паралельна на базе новай канцэпцыі трэба пачаць фарміраваць новую лінейку падручнікаў па гісторыі. Работа па фарміраванні новай лінейкі падручнікаў, па словах прэзідэнта, павінна будавацца максімальна адкрыта. “Тут не павінна быць якога б там ні было манапалізму. Варта выкарыстоўваць як магчымасці ўжо наяўных калектываў, якія склаліся, так і патэнцыял іншых аўтарскіх груп, у тым ліку маладых гісторыкаў”, — лічыць Пуцін.
Паводле яго слоў, усе прадстаўленыя матэрыялы павінны праходзіць “глыбокую прафесійную і грамадскую экспертызу”. “Толькі пасля гэтага яны могуць быць рэкамендаваныя да выкарыстання”, — заявіў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён звярнуўся да прадстаўнікоў Расійскага гістарычнага таварыства з просьбай актыўна падключыцца да такой экспертызы і падумаць, як заахвоціць самыя дастойныя работы і іх аўтараў.
“Цяпер на базе канцэпцыі трэба прыступіць да падрыхтоўкі новых падручнікаў па гісторыі для ўсіх класаў. Пры гэтым відавочна, што да іх з’яўлення ў школах пройдзе час, і нам трэба прадугледзець пераходны перыяд”, — сказаў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі.
“Усё гэта трэба зрабіць да пачатку новага навучальнага года. Самае галоўнае заключалася ў тым, што ў той сістэме сертыфікацыі, умоўна скажу, вучэбнай літаратуры, якая паступала ў школы, праскоквалі такія рэчы, якія абсалютна непрымальныя не толькі для нашай краіны, нашага народа, — для любой краіны, любога народа гэта проста як плявок у твар”, — заявіў Пуцін.
“Упершыню ўдалося скласці пералік так званых цяжкіх пытанняў, звязаных з розным успрыманнем і трактоўкай розных фактаў нашай гісторыі, само існаванне цяжкіх пытанняў з’яўлялася перашкодай да падрыхтоўкі адзінага падручніка. Па большасці цяжкіх пытанняў удалося знайсці кампрамісныя фармулёўкі”, — паведаміў спікер Дзярждумы старшыня Расійскага гістарычнага таварыства Сяргей Нарышкін.
На яго думку, “у самой прафесійнай супольнасці пры ўсёй яе разнастайнасці маецца запыт і гатоўнасць да змястоўнай дыскусіі, ёсць настрой на пошук агульных рашэнняў. За бортам дыскусіі засталіся толькі тыя, для каго важная не гістарычная праўда, а прасоўванне сумнеўнай ідэалогіі і старых догмаў”.
Спікер Дзярждумы адзначыў, што завяршэнне работы над канцэпцыяй зусім не азначае завяршэнне дыскусіі аб айчыннай гісторыі. Нарышкін дадаў, што зараз у грамадстве існуе высокі попыт на гістарычныя даследаванні. У пацвярджэнне ён прывёў даныя сацыялагічных апытанняў, згодна з якімі 85% расіян ганарацца сваёй гісторыяй, а ў 59% пытанні гісторыі выклікаюць жывую цікавасць. “Падтрымка і рэсурснае забеспячэнне гістарычных даследаванняў павінны быць больш істотнымі, чым цяпер”, — мяркуе Нарышкін.
Ён падкрэсліў, што праведзенае грамадскае абмеркаванне новай канцэпцыі “апраўдала сябе”, і назваў падрыхтаваны дакумент “грамадскай дамовай па ўспрыманні гісторыі”.
Расійскія гісторыкі, якія працавалі над канцэпцыяй новага адзінага падручніка гісторыі, сутыкнуліся з шэрагам складанасцей, у тым ліку з-за пазіцыі калег з краін СНД, паведаміў кіраўнік рабочай групы дырэктар Інстытута ўсеагульнай гісторыі РАН Аляксандр Чубар’ян.
Сярод складаных тэм, з якімі сутыкнуліся спецыялісты, навуковец назваў тэму фарміравання Старажытнарускай дзяржавы. “Паходжанне Старажытнарускай дзяржавы аказалася адной з вострых тэм. Гэта была цяжкая тэма асабліва з улікам, можна сказаць шчыра, пазіцыі нашых украінскіх калег. Але ў рэшце рэшт мы знайшлі агульнае рашэнне, у тым ліку і з імі”, — сказаў Чубар’ян.
Яшчэ адной неадназначнай тэмай, якая па-рознаму трактуецца гісторыкамі ў краінах СНД, паводле яго слоў, стала фарміраванне шматнацыянальнай расійскай дзяржавы пасля далучэння Каўказа і Сярэдняй Азіі. “Гэта асноўная тэма дыскусій у нас з краінамі СНД. У некаторых краінах СНД лічаць, што гэта быў каланіяльны перыяд. Але ўкраінцы, армянская супольнасць, таджыкі, кіргізы і беларусы не стаяць на гэтым пункце гледжання”, — паведаміў дырэктар інстытута.
Паводле яго слоў, у гэтым годзе навукоўцы дамовіліся правесці дыскусію па гэтай тэме. Чубар’ян адзначыў, што расійскія вучоныя пры асвятленні праблемы ўдзялілі вялікую ўвагу не столькі самому факту далучэння, колькі яго наступствам для гэтых народаў з пункта гледжання эканомікі, іх палітычнай вагі і нацыянальнай самасвядомасці.
Сярод іншых складаных тэм Чубар’ян назваў падзеі 1917 — 1921 гадоў, якія атрымалі вызначэнне Вялікай расійскай рэвалюцыі 1917 года, якая ўключае ў сябе і грамадзян-скую вайну. Падзеі ва ўнутраным жыцці краіны ў 30-я гады, па словах гісторыка, тлумачацца як “савецкі варыянт мадэрнізацыі”, у якога былі як плюсы, так і мінусы.
У сваю чаргу міністр адукацыі і навукі Дзмітрый Ліванаў пацвердзіў, што падчас работы над канцэпцыяй праводзілася максімальна шырокае грамадскае абмеркаванне, толькі ад прадстаўнікоў прафесійнай супольнасці паступіла больш за тысячу заўваг. “Большая частка іх заўваг датычылася гісторыі ХХ стагоддзя”, — канстатаваў міністр.
Нагадаем, што ў красавіку 2013 года Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін даручыў ураду да снежня распрацаваць адзіную канцэпцыю курса гісторыі Расіі ў школах і пазбавіць падручнікі ад падвойных тлумачэнняў.
“Гісторыка-культурны стандарт, які ўключае ў сябе прынцыповыя ацэнкі ключавых падзей мінулага, асноўныя падыходы да выкладання айчыннай гісторыі ў сучаснай школе з пералікам абавязковых для вывучэння тэм, паняццяў і тэрмінаў, падзей і персаналій, закліканы садзейнічаць фарміраванню адзінай культурна-гістарычнай прасторы Расійскай Федэрацыі”, — лічаць у Мінадукацыі і навукі Расіі.