Пуцяводная зорка духоўнасці

- 9:20Адукацыйная прастора

Прэзентацыя дапаможніка для факультатыўных заняткаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” адбылася падчас Рэспубліканскага педагагічнага савета. Ён прызначаны для школьнікаў 5—6 класаў; першая частка разлічана на паўгоддзе. Якія былі перадумовы для стварэння дапаможніка, якое ён мае зместавае напаўненне, хто ўваходзіць у калектыў аўтараў і ўвогуле як тэма духоўна-маральнай культуры і патрыятызму будзе прадстаўлена ў школьнай праграме — на гэтыя пытанні адказвае прарэктар па навуковай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, прафесар кафедры сучасных методык і тэхналогій адукацыі, доктар педагагічных навук Г.І.НІКАЛАЕНКА.

— Галіна Іванаўна, наша школа ўступае ў гэты навучальны год з новым камплектам вучэбна-метадычнай літаратуры, у якім пачэснае месца займае  дапаможнік для факультатыўных заняткаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Стварэнне гэтага дапаможніка стала своечасовым і актуальным.

— Ёсць цудоўны і ёмісты выраз: “Тое, што нас з’ядноўвае”. Духоўнасць і патрыятызм — галоўнае, што павінна з’ядноўваць нацыю. Гэта адзінства не толькі тых, хто зараз жыве на беларускай зямлі, але і наша адзінства з тымі, хто жыў у часы былыя… Выхаванне духоўнасці  і патрыятызму, мяркую, можна лічыць асноўнай задачай выхавання падрастаючага пакалення ва ўсе часы. Апошнія дзесяцігоддзі такога роду дзейнасць вядзецца ў тым ліку на аснове Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой  па духоўна-маральным выхаванні дзяцей і моладзі. А зараз па­трэба ў выхаванні духоўна-маральнай культуры і патрыятызму істотна ўзрастае, становіцца  злабадзённай, сугучнай рэчаіснасці.

У факультатыў, як сведчыць яго назва, павінен быць закла­дзены вялікі духоўны патэнцыял, а каб ён быў рэалізаваны, каб захапіць ім нашых дзяцей, сфарміраваць асобу на высокіх пачуццях і якасцях, трэба стварыць такі прадукт, які б сапраўды ў­збагачаў і натхняў кожнага. Іншымі словамі, матэрыялы факультатыўных заняткаў павінны быць прыцягальнымі і для вучняў, і для іх бацькоў, і для настаўнікаў. Гэта не проста павучанні, гэта тое, што дае магчымасць разважаць (прычым у шэрагу выпадкаў сумесна, дапамагаючы адно аднаму), адчуваць, запамінаць, выкарыстоўваць у сваім жыцці. І калі мы слушна гаворым аб выхаваўчым навучанні на ўроках, то на названым факультатыве на першы план выходзіць ідэя  навучальнага выхавання. Наша мэта — сфарміраваць духоўна-маральную культуру і патрыятызм у навучэнцаў на аснове адвечных традыцый і каштоўнасцей беларускага народа. Таму кожная тэма факультатыву прадугледжвае паглыбленае вывучэнне духоўнай спадчыны, яе ролі ў фарміраванні беларускай дзяржаўнасці і патрыятызму. Вектарамі разгляду і асэнсавання тэм факультатыву з’яўляюцца развіццё ў дзяцей адказных паводзін, пазітыўных адносін да жыцця, прафілактыка негатыўных праяўленняў і залежнасцей, пабуджэнне школьнікаў да духоўнага самаразвіцця, маральнага ўдасканалення, выхаванне любові да людзей, Айчыны, імкненне рабіць дабро, удасканальваць жыццё ў адпаведнасці з духоўна-маральнымі  ідэаламі. Звяртае на сябе ўвагу вялікая колькасць стваральнікаў матэрыялаў для факультатыўных заняткаў. Гэта амаль тры дзясяткі чалавек, прычым прадстаўнікоў розных канфесій — вопытных настаўнікаў, метадыстаў, навукоўцаў, святароў. Але гэта толькі “вяршыня айсберга”. Насамрэч намі быў выкарыстаны вопыт, назапашаны, без перабольшання, сотнямі нашых педагогаў і пры рэалізацыі інавацыйных праектаў, і пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў, і пры выкладанні школьных прадметаў. Гэты вопыт вызначаўся, аналізаваўся і сістэматызаваўся Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі на працягу многіх гадоў. У стварэнні факультатыву актыўна ўдзельнічалі і супрацоўнікі Сінадальнага аддзела па ўзаемадзеянні са свецкімі ўстановамі адукацыі БПЦ. Неацэнную падтрымку аказвалі Міністэрства адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі.Так што можна гаварыць пра “саборнасць” праведзенай работы.

— Як распачыналася гэтая работа?

— Перш за ўсё былі вызначаны мэта і задачы факультатыўных заняткаў, прынцыпы іх пабудовы. Факультатыў, як і любы іншы, падразумявае добраахвотнасць, сістэмнасць, даступнасць, практыка-арыентаванасць. Асобна думалі пра нагляднасць, су­праваджэнне матэрыялу ілюстрацыямі, рэпрадукцыямі, пра магчымасць праслухоўвання музычных твораў і мастацкага чытання. Хацелася, каб высокая духоўная этыка была высокаэстэтычнай.

Каб зрабіць дапаможнік для гэтага факультатыву высакаякасным, правялі  папярэднюю  грунтоўную работу. Прааналізавалі існуючы вопыт па гэтай тэматыцы, правялі кансультацыі з кіраўнікамі навучальных устаноў, педагогамі, прадстаўнікамі Праваслаўнай царквы, выслухалі шмат парад, меркаванняў, новых ідэй. Мы ўсе былі аб’яднаны адной думкай: такі дапаможнік павінен быць, ён вельмі  патрэбны, і яго зместавае напаўненне павінна быць актуальным, насычаным, даступным для педагога і школьніка. І яшчэ было адчуванне вялікай адказнасці, сумеснай творчасці, узаемаўзбагачэння, супрацоўніцтва духоўных і свецкіх арганізацый.

Нашы задумы мы пачалі рэалізоўваць на практыцы пры стварэнні матэрыялаў для вучняў. Было вырашана, што іх змест будзе скіраваны не на рэлігійную абрадавасць, катэхізацыю, а менавіта на выхаванне ў нашых дзяцей асноў духоўнасці, маральнасці і патрыятызму з адценнем адвечных традыцый і каштоўнасцей беларускага народа. Безумоўна, стварэнне такога дапаможніка патрабавала не проста глыбокай прадуманасці, але і вытанчанасці, далікатнасці, бо мы закранаем душу чалавека, яго высокія пачуцці. Акрамя таго, мы імкнуліся прывесці работу па духоўна-маральным выхаванні ў сістэму, звязаць адной тэматыкай усе ўзроўні школьнай адукацыі. Імкнуліся закласці ў кнігу, якую стваралі, міжпрадметныя сувязі, улічваць веды вучняў па гісторыі, геаграфіі, мовах, літаратуры і іншых прадметах.

— Як структурна выглядае дапаможнік?

— Фактычна трэба гаварыць не проста  пра дапаможнік для вучняў, а пра кампаненты  вучэбна-метадычнага комплексу для правядзення факультатыўных заняткаў. Комплекс ствараўся па прынцыпе, які ў педагогіцы называецца “мінімакс”. Па-першае, гэта кніга для чытання вучняў (своеасаблівы падручнік). Па-другое, гэта рабочы сшытак для навучэнцаў. Ён, так бы мовіць, ін­круставаны ў тэкст асноўнай кнігі і непарыўна звязаны з яе зместам, пашыраючы і канкрэтызуючы яго. Кожнае з заданняў сшытка мае асобную назву, што дапамагае лягчэй арыентавацца. Сшытак быццам знітаваны з кнігай для чытання, і гэта дае магчымасц­ь аптымальна яго выкарыстоўваць. Пры выкананні практычных заданняў дзеці не толькі будуць пісаць, але і маляваць, майстраваць.Трэці кампанент — ілюстраваны слоўнік духоўна-маральнай тэматыкі, бо пры правядзенні факультатыву сустракаецца шмат новых слоў і паняццяў, якія патрабуюць тлумачэння. Адметна тое, што тытульныя назвы, ключавыя словы прадстаўленых тэм у дапаможніку пададзены як на рускай, так і на беларускай мове (перш за ўсё  для школ з беларускай мовай навучання). А ілюстрацыі дапамагаюць зрабіць тлумачэнне больш наглядным, дакладным і лёгкім для запамінання. Для зручнасці выкарыстання і кніга для чытання, і рабочы сшытак, і ілюстраваны слоўнік змешчаны пад адной вокладкай.

Тэксты для чытання ў кнізе падрабязна каменціруюцца, да іх даюцца адпаведныя заданні. Істотную ролю ў дапаможніку адыгрывае рубрыкацыя: “Духоўнае азарэнне”, “Найважнейшая выснова” і г.д. Пад  рубрыкай “Запомні” надрукаваны цытаты з глыбокім сэнсам. Напрыклад, у рамках першай тэмы курса ў абазначаным месцы можна прачытаць: “Ёсць яшчэ адна важная прыступка, падымаючыся на якую, кожны з нас павінен успомніць, што ён не толькі сын ці дачка, брат ці сястра, школьнік ці студэнт, ён яшчэ і грамадзянін сваёй краіны, сын сваёй А­йчыны”. Далей дзеці пачынаюць чытанне тэксту “Святое пачуццё”. Яны чытаюць яго па частках, кожная з якіх выдзелена і нясе пэўную думку для  асэнсавання і запамінання. Сама назва тэксту тлумачыцца ў слоўніку. Для замацавання тэксту і ўзмацнення тых уражанняў, якія вучань атрымаў ад чытання, прапаноўваецца верш, які дазваляе  яшчэ раз замацаваць у памяці вялікія словы: А­йчына, Вернасць, Брацтва, Сумленне, Гонар. Яны спецыяльна напісаны з вялікіх літар, каб падкрэсліць іх важнасць, каб дзеці пранікліся іх сэнсам і добра запомнілі.

У рубрыцы “Духоўнае азарэнне” змешчаны словы  Якуба Коласа: “Няма ў чалавека нічога прыгажэйшага і даражэйшага за Радзіму. Чалавек без Радзімы — жабрак”. Гэтае выказванне выразна  адлюстроўвае пачуццё патрыятызму. Яно дадаткова  тлумачыцца ў ілюстраваным слоўніку як любоў да Радзімы, павага да Айчыны, гатоўнасць абараняць сваю краіну. Паняцце патрыя­тызму можна замацаваць праз пытанні школьніку: як дзіця яго разумее, якія прыклады патрыятызму можа прывесці, у чым бачыц­ь патрыятызм, ці лічыць сябе патрыётам. Сімвалы нашай краіны прадстаўлены ў дапаможніку на здымках пра гісторыю і культуру нашай Радзімы, пра спадчыну, гістарычныя карані і традыцыі. У рабочым сшытку змешчаны малюнак магутнага дрэва — сімвала Радзімы, дзе вучні  могуць упісаць для запамінання словы: сумленнасць, вернасць, патрыятызм, братэрства, адданасць, любоў.

Разам з матэрыяламі для дзяцей рыхтаваўся і дапаможнік для настаўніка. Знамянальна, што калі ў дапаможніку для вучняў вывучэнню кожнай тэмы папярэднічае пералік тых мэт, якія ставяцца перад дзецьмі, то ў дапаможніку для педагога даюцца мэты для выкладання, арыентаваныя на канкрэтныя заняткі. А­крамя таго, тут змешчана некалькі сцэнарыяў для батлейкі, якія маюць духоўна-маральны патэнцыял.

— Разам з выкарыстаннем традыцыйных форм у выкладанні факультатыву ці выйшлі вы на сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі?

— Безумоўна, так. Мы ўлічылі тое, што сёння нашы школьнікі выдатна валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, асвоілі інтэрнэт, выкарыстоўваюць новы інфармацыйны кантэнт. Таму ў факультатыў уключаны аўдыя- і відэаматэрыялы, распрацоўваюцца інтэрактыўныя карты, віртуальныя экскурсіі. У дапаможніку прадстаўлены QR-коды, і настаўнік, які вядзе факультатыўныя заняткі, з дапамогай гэтых кодаў можа прапанаваць дзецям а­ўдыя- і відэазапіс па той ці іншай тэме, даць ім прагледзець урыўкі з фільмаў, малюнкі, карціны, якія дапаўняюць веды ві­зуальна, што дазваляе зрабіць нагляднасць захапляючай і максімальна мабілізаваць увагу навучэнцаў.

— Як вы адбіралі матэрыялы для праграмы факультатыву? З чаго яна складаецца?

— Праграма  для 5 класа разлічана на  35 гадзін: 18 гадзін — у першым паўгоддзі і 17 — у другім. Яна пабудавана на аснове лінейна-канцэнтрычнага прынцыпу. Гэта азначае, што тыя ці іншыя тэмы вывучаюцца ў пэўным парадку, потым да іх зноў вяртаюцца з іншай нагоды, і яны вывучаюцца больш паглыблена. Разгледзім, напрыклад, тэму “Біблія — крыніца духоўных і маральных законаў, жыццёвы даведнік і дарадца. Роля Бібліі ў гісторыі Беларусі”. Вывучэнне гэтай тэмы патрабуе, у прыватнасці, азнаямлення дзяцей з дзесяццю запаведзямі. Але на дадзеным узроставым этапе гэта толькі азнаямленне, бо дакладна характарызаваць кожную запаведзь яшчэ рана. Дастаткова проста звярнуць увагу вучняў на асобныя кампаненты запаведзей, а вярнуцца да іх зместу мэтазгодна пазней, калі дзеці падрастуць і можна будзе расказваць ім аб кожнай запаведзі больш глыбока, падрабязна, прыводзіць прыклады з жыцця.

Усё пачынаецца з любові, таму і першую тэму факультатыву мы прысвяцілі любові: любові да бліжняга, сваёй Радзімы, што, па сутнасці, з’яўляецца сэнсам жыцця. Гэтую выснову ў час заняткаў трэба прадставіць дзіцяці так, каб яно зразумела сэнс слова “любоў”, каб гэтае пачуццё ў яго душы пачало расці і развівацца, спрыяць у далейшым духоўна-маральнаму росту асобы.

І яшчэ адзін прыклад адбору зместу. Па праграме факультатыву ў другім паўгоддзі разглядаецца свята Грамніцы. Лічыцца, што яно азначае сустрэчу Старога і Новага Заветаў, калі праведныя Сімяон і Ганна выступаюць пераемнікамі нованароджнага Іісуса. На вывучэнне тэмы адводзіцца 5 гадзін з улікам таго, што гэты евангельскі сюжэт мае вялікае духоўнае значэнне, адлюстроўвае сувязь пакаленняў як духоўнай каштоўнасці, бацькоўскага блаславення, шанавання і павагі да бліжніх, духоўнага адзін­ства. Гэта вельмі сугучна з сённяшнім днём, з важнымі задачамі выхавання сучасных дзяцей. Сюды, аднак, уваходзіць не толькі наша сучаснасць, але і гісторыя, спадчына, духоўныя карані беларусаў. Мы імкнуліся, каб народнае адзінства было прадстаўлена ў факультатыве найбольш яскрава, грунтоўна. У ім даступна адлюстравана, як духоўна-маральны складнік выхавання падрастаючага пакалення ўплывае на развіццё нашай краіны.

— Якія яшчэ задачы ставяцца перад настаўнікам у выкладанні факультатыву? На што б вы звярнулі найбольшую ўвагу?

— Факультатыў — гэта заняткі па інтарэсах. Яго выбіраюц­ь самі дзеці і іх законныя прадстаўнікі з улікам індывідуальных асаблівасцей, жаданняў і імкненняў. Мы падзялілі вучэбны матэрыял па тэмах, улічваючы, што настаўнік на працягу ўсяго тэрміну навучання можа сам пераразмяркоўваць гадзіны на іх вывучэнне ў залежнасці ад асаблівасцей сваіх навучэнцаў. Матэрыял у дапаможніку дае педагогу такія магчымасці.

Настаўнік жа павінен захапіць вучня тэмай, даступна растлумачыць яе, выклікаць жаданне спазнаць тую ці іншую з’яву. Вельмі важна ўважліва працаваць з тэкстамі духоўнага і патрыятычнага зместу, якія прапаноўваюцца ў кнізе для чытання. Абапіраючыся на тыя веды і ўменні, якія вучні ўжо атрымалі на ўроках мовы, настаўніку мэтазгодна стымуляваць дзяцей на работу з тэкстам, каб яны вызначалі яго галоўную думку, ключавыя словы, ставілі да тэксту пытанні, давалі назву, дзялілі на часткі, чыталі па ролях для засваення важнага ў выхаваўчым плане зместу.

З улікам выбранай тэмы мы рэкамендуем настаўніку выкарыстоўваць самыя розныя формы заняткаў. Гэта можа быць парная і групавая работа, праблемныя і эўрыстычныя пытанні, сітуа­цыйныя заданні маральнага зместу, элементы тэатралізацыі з выкарыстаннем нацыянальнай сімволікі. У ліку іх, напрыклад, беларуская батлейка. Мы прапаноўваем дзецям самім паспрабаваць напісаць сцэнарый, размаляваць батлейку для пастаноўкі і нават правесці адпаведны конкурс. Гэта ж такая цікавая і прыгожая нацыянальная традыцыя!

Весці факультатыў могуць не толькі выкладчыкі гісторыі, беларускай, рускай мовы і літаратуры, але і выкладчыкі іншых прадметаў, усе тыя педагогі, хто адчувае ў сабе сілы і здольнасці перадаваць духоўныя каштоўнасці сваім выхаванцам, перадаваць такім чынам, каб духоўнасць загучала ў кожным з іх, каб выхаванцы загарэліся і пранікліся высокімі пачуццямі. Вынік тут залежыць перш за ўсё ад педагога. Толькі асоба можа выхаваць асобу, патрыёт можа выхаваць патрыёта, і толькі духоўны чалавек можа выхавац­ь духоўнасць. Менавіта такі настаўнік, высокамаральны і з багатай душой, можа стаць для дзяцей пуцяводнай зоркай духоўнасці.

— Раскажыце аб перспектывах далейшай работы.

— Вельмі важна  адпаведным чынам падрыхтаваць тых педагогаў, якія будуць весці факультатыў. Гатовы і праходзіць экс­пертызу “Кароткі слоўнік духоўных паняццяў і тэрмінаў для настаўнікаў”. Акадэмія паслядыпломнай адукацыі разам з рэгіянальнымі інстытутамі развіцця адукацыі пачынае актыўнае навучанне педагогаў па каскаднай сістэме. Праведзены загалоўны семінар “Духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў: праблемы, вопыт, перспектывы”. На семінар былі за­прошаны метадысты  і педагогі, якія рэалізоўваюць гэты кірунак і ў якіх назапашаны эфектыўны вопыт па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. Іх здабыткі будуць  распаўсюджвацца ў тым ліку ў электроннай форме.

Узмацняецца роля адпаведных рэсурсных цэнтраў. Рэсурсныя цэнтры па духоўна-маральным выхаванні павінны аб’ядноўваць аднадумцаў, акумуляваць існуючы вопыт і матэрыялы, а ўсе новыя здабыткі зрабіць рэсурсам для далейшых распрацовак. Наша задача — забяспечыць іх паспяховае функцыянаванне і сістэмнасць падрыхтоўкі кадраў па праблеме духоўнага і патрыятычнага выхавання. Плануецца, што  менавіта цэнтры будуць весці маніторынг рэалізацыі праграмы гэтага факультатыву, што дапаможа ўдасканаліць гатовы матэрыял, улічыць асаблівасці практычнай рэалізацыі вучэбна-метадычнага комплексу.

Хоць асноўныя падыходы акрэслены, мы разумеем складанасць і маштабнасць таго, што запланавана, што яшчэ належыц­ь зрабіць. Гэтая работа аб’ёмная і доўгатэрміновая, але яе значнасць натхняе, падтрымлівае і дае сілы.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.