Пуцёўкі ў працоўнае лета — 2021

- 12:05Навіны рэгіёнаў

У Гомелі байцам студэнцкіх атрадаў уручылі пуцёўкі ў працоўнае лета — 2021. Каля тысячы студэнтаў рэгіёна сабраліся на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Гомелі.

Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў перадаў пуцёўкі камандзірам атрадаў, якія прымуць удзел у рэспубліканскіх праектах “Атлант-2021” і “Горад маладосці — 2021”. Сімвалічныя накіраванні атрымалі камандзір замежнага атрада “Арляня”, а таксама камандзіры і камісары тэрытарыяльных штабоў студэнцкіх атрадаў і штабы працоўных спраў УВА.

Профільным атрадам пуцёўкі перадалі лаўрэат прэміі Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза моладзі “За дасягнутыя поспехі ў сацыялістычным спаборніцтве” Пётр Сітайла і ветэран студатрадаўскага руху камісар атрада “Юнацтва” у 1967 годзе Валянцін Чэпелаў. Яны прызналіся, што са светлым сумам успамінаюць сваё студэнцкае юнацтва.

Дарэчы, экалагічны атрад “Чысты бераг” прыступіць да працы ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, вытворчы атрад “Айран” імя двойчы Героя Савецкага Саюза Рыгора Краўчанкі адправіцца на ААТ “Мілкавіта”, педагагічны атрад “Аптымісты” імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Мураўёва правядзе працоўную змену ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, будаўнічы атрад “Дарожнікі” імя Героя Савецкага Саюза Емяльяна Барыкіна прыйдзе на дапамогу пры ўзвядзенні сярэдняй школы ў 96-м мікрараёне Гомеля. Таксама сёлета працягне працу адзіны ў краіне сэрвісны атрад матросаў-ратавальнікаў імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Сіліна. Навінкай гэтага працоўнага лета ў рэгіёне стане медыцынскі атрад.

Летась у 229 студэнцкіх атрадах вобласці працавалі больш 2,8 тысячы чалавек. Сёлета гэты паказчык маюць намер павялічыць. Запланаваны абласны злёт студатрадаў Гомельскай вобласці і маладзёжны квест.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.