Пяшчотнае слова — добрага дня аснова

На працягу месяца ў нашай дашкольнай установе праходзіла акцыя “Пяшчотнае слова — добрага дня аснова”, ініцыятарамі якой выступілі намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Г.М.Прыбыш і настаўнік-дэфектолаг І.У.Крыволь. Першапачаткова акцыя задумвалася як творчая форма распаўсюджвання вопыту выкарыстання інтэрактыўных гульняў сярод выхавальнікаў, але ў выніку стала асновай для ўдасканалення інклюзіўнай дзейнасці.

Cімвалы мерапрыемства — зробленыя рукамі дзяцей і педагогаў папяровыя сэр­цы, якія ўвасабляюць дабрыню і хараство думак і памкненняў. Згодна з умовамі акцыі, усе важныя справы ў групах пачыналіся толькі тады, калі кожнае дзіця атрымлівала талісман — бліскучае сэрца, якое перадавалася па коле і суправаджалася кампліментамі, пажаданнямі, добрымі словамі ці абдымкамі.

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі акцыі сталі дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія наведваюць пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ці займаюцца ў групе інтэграванага навучання і выхавання. На карэкцыйных занятках яны трэніраваліся гаварыць кампліменты, параўноўваць свой настрой з прыроднымі з’явамі, дарыць рэальныя і фантастычныя падарункі, агучваць пажаданні. На іх прыкладзе і па ўзоры іх выказванняў астатнія дзеці вучыліся ствараць пазітыўны настрой для сябе і тых, хто побач.

Цэлы месяц у кожнай групе з рук у рукі вандравала папяровае сэрца, з дапамогай якога дзеці дарылі адно аднаму добры настрой, ласкавыя словы: “Я дару табе сэрцайка, бо ты мая сяброўка”, “Я дару табе сэр­цайка, бо ты хутчэй за ўсіх ясі суп”, “Я дару табе сэрцайка, бо ў цябе прыгожая прычоска”, “Я дару табе сэрцайка і жадаю не хварэць”, “Я дару табе сэрцайка і жадаю спрытна бегаць”, “Я хачу, каб табе купілі новага робата”, “Трымай сэрцайка і не сумуй па маме”, “Я цябе люблю”…

Дзецям было прыемна не толькі чуць у свой адрас, але і самім гаварыць добрыя словы, што стварала камфортную псіхалагічную атмасферу ў калектыве. На гэта былі накіраваны інтэрактыўныя гульні “Камплімент”, “Завяршы фразу” і “Кола пажаданняў”. 

Акцыя дазволіла кожнаму дзіцяці адчуць сябе важным, значным, прынятым і зразуметым. Гэтыя якасці — базавыя кампаненты талерантнасці. Фарміруючы талерантныя адносіны і паводзіны, педагогі развіваюц­ь інклюзіўную культуру, без якой немагчыма працаваць з дзецьмі, якія носяць розную вопратку, гуляюць з рознымі цацкамі, любяць розныя казкі, маюць розны ўзровень маўленчага ці пазнавальнага развіцця, але аднолькава радуюцца, калі чуюць у свой адрас прыемныя словы.

Акцыя завяршылася, але не завяршыліся добрыя справы. Кожная раніца ў групах пачынаецца з пажаданняў ці кампліментаў. Педагогі майструюць “дзіўныя кветкі”, “цудоўныя цукеркі”, “кубікі настрою” і “капелюшы пажаданняў”, каб дзеці зноў і зноў перадавалі адно аднаму сімвалічныя прадметы ці пяшчотныя словы, робячы нават самы пахмурны дзень ясным і добрым.

Ірына КРЫВОЛЬ,
настаўнік-дэфектолаг Антопальскага ясляў-сада Драгічынскага раёна.