Пясочная гульня ў радасць

- 12:39Нам пішуць

Першыя эксперыменты з пяском са сваімі выхаванцамі праводзіла ў пясочніцы. Любому дзіцяці гульня з пяском дастаўляе вялікае задавальненне. Натуральнае жаданне — дакрануцца, адчуўшы прахалоду, прапусціць паміж пальцаў.

Каляровы пясок надзвычай вабіць выхаванцаў. І да таго ж такі пясок здольны ўплываць праз колер: жоўты напаўняе цяплом, чырвоны дадае аптымізму, сіні ўздзейнічае заспакаяльна, зялёны натхняе свежасцю.

Дакранаючыся да пясчынак, дзеці развіваюць дробную маторыку і каардынацыю рухаў пальцаў, што наўпрост уплывае на развіццё іх гаворкі. Пясок валодае медытатыўнымі ўласцівасцямі, “зазямляе” адмоўную энергію, здымае ўзбуджэнне. Таму перад маляваннем каляровым пяском я праводжу гульню на рэлаксацыю “Пясочны дождж”.

Кожны дзень дзеці з цікавасцю ўсаджваюцца за свае працоўныя месцы і пачынаюць тварыць. Перад пачаткам заняткаў прадумваю тэму, што будзем маляваць, які фон і якога колеру пясок нам патрэбны.

Маляваць пяском надзвычай цікава: пасыпаць струменьчыкам, насыпаць жменьку і разраўняць яе пальцам, прышчыпваннем надаць малюнку аб’ём.

Я вельмі люблю гэты працэс і разам з дзецьмі падзяляю іх творчы палёт. А колькі радасці ў дзіцячых вачах, калі атрымліваецца тое, што задумалі!

Кацярына СІМАНКОВА,
выхавальнік-метадыст Смаргонскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.