Пяць любімых “А”

Гэтая гісторыя пачалася 15 гадоў назад. Калі мінчанка Ганна Левіна вучылася на 1 курсе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, яна пазнаёмілася з будучым эканамістам Сашам Ігнаценкам. Праз 4 гады маладыя людзі сталі сям’ёй: Саша зрабіў Ганне прапанову выйсці замуж. А яшчэ праз год у маладых бацькоў нарадзіўся маленькі Антошка. 

Сёння Ганна і Аляксандр Ігнаценкі жывуць у вёсцы Белая Дрыбінскага раёна і выхоўваюць сваіх пяцярых любімых і доўгачаканых “А”: Антона, Арсенія, Андрэя, Арцёма і Артура. На пытанне, ці не было страшна ёй, карэннай мінчанцы, 15 гадоў назад пераязджаць у вёску, Ганна адказвае, што не шкадуе ні аб якім рашэнні, што было калісьці ёй прынята. 

“З Сашам нас пазнаёмілі агульныя сябры, — расказвае гісторыю сваёй вялікай сям’і Ганна Ігнаценка. — Антон нарадзіўся, калі я вучылася на 5 курсе. У гэты час мы яшчэ жылі ў Мінску. Мой муж Аляксандр працаваў у банку, а калі звольніўся, пераехалі да яго на радзіму, у Дрыбінскі раён. Саша пастаянна гаварыў, што яго цягне да зямлі, што хоча на ёй працаваць. Яго старэйшыя браты і бацька займаліся фермерскай дзейнасцю. Муж таксама вырашыў развівацца ў гэтым кірунку, таму, па прыкладзе сваякоў, заснаваў уласную фермерскую гаспадарку, якая сёння спецыялізуецца на раслінаводстве”.  

На пераезд у вёску Ганна згадзілася лёгка: з такім клапатлівым і гаспадарлівым мужам ёй нічога не страшна. А на работу ўладкавалася ў дзіцячы сад музычным кіраўніком. 

“Пачынаць жыць у вёсцы пасля Мінска не было страшна. У Белай, калі пераехалі, было ўсё для камфортнага жыцця: школа, пошта, банк, магазіны, — успамінае Г.Ігнаценка. — Што тычыцца вакансій, звязаных з педагогікай, то на той час выбару асабліва не было. Праз некаторы час работы ў дзіцячым садзе перавялася працаваць у школу педагогам-псіхолагам, — гэта дазваляла атрыманая спецыяльнасць”.

Праз 1 год і 9 месяцаў у Антошкі з’явіўся брацік Арсеній. А потым у сям’і нарадзіліся яшчэ трое хлопчыкаў. 

“Мой муж з мнагадзетнай сям’і, яго бацькі выхоўвалі 4 дзяцей, — працягвае дзяліцца сямейнай гісторыяй мнага­дзетная мама. — Ён ведае, як гэта цудоўна, калі ў сям’і многа малых. І мне ён адразу сказаў, што адно дзіця — гэта не сям’я. Муж хацеў быць мнагадзетным татам, і я яго ў гэтым таксама падтрымала”. 

Антон, старэйшы сын Ганны Генадзьеўны, вучыцца ў 10 класе. У школе ён выдатнік, і на будучыню ў яго ўжо ёсць свае планы. Арсеній вучыцца ў 8 класе, яму 13 гадоў. Хлопчык захапляецца футболам, а яшчэ вельмі любіць хімію і біялогію. 10-гадовы Андрэй вучыцца ў 5 класе, а Арцём і Артур яшчэ ходзяць у дзіцячы сад. Дарэчы, Арцёму паслязаўтра, 16 кастрычніка, споўніцца 6 гадоў.

“У мяне часта пытаюцца, ці не хацела б я дзяўчынку, — апярэджвае маё пытанне мама Ганна. — Я заўсёды адказваю, як ёсць: муж думаў пра тое, што, магчыма, у нас будзе адна дачка і 4 сыночкі. Але я была ўпэўнена, што ў мяне дома будзе выхоўвацца выключна мужчынскі калектыў. Так яно і атрымалася. Дарэчы, я сябе цудоўна адчуваю сярод сваіх мужчын, і мяне не засмучае быць мамай пяці хлопчыкаў”.  

Як удаецца Ганне Генадзьеўне арганізаваць свой дзень, каб паспяваць усё — і са сваімі дзецьмі спраўляцца, і праца­ваць з вучнямі ў школе?

“Як ні дзіўна, але я паспяваю многа чаго, — прызнаецца Ганна Гена­дзьеўна. — Безумоўна, у многім дзякуючы таму, што мае сыночкі самастойныя. Яны заўсёды дапамагаюць адзін аднаму і нам з мужам таксама. Дарэчы, ім вельмі падабаецца праца­ваць з бацькам па гаспадарцы. Наш тата выкарыстоўвае ў рабоце розную тэхніку — трактары, камбайны, на якіх хлопчыкі любяць праехацца па палях”. 

У выхаванні сваіх маленькіх мужчын Г.Ігнаценка карыстаецца простым прынцыпам: паказвае ўсё на ўласным прыкладзе і выхоўвае перш за ўсё сябе. Гэта з пункту гледжання псіхалогіі правільна, бо дзеці ў першую чаргу будуць падобныя да бацькоў. 

“Усе мае дзеці вельмі доб­рыя, з імі заўсёды можна дагаварыцца, — працягвае Ганна Генадзьеўна. — Яны вельмі камунікабельныя і сябруюць паміж сабой”.

Сваімі сынамі Ганна і Аляксандр Ігнаценкі ганарацца, і гэта невыпадкова: у іх дома многа грамат за ўдзел у раённых прадметных алімпіядах, а таксама творчых конкурсах.

“Лічу, што бацькоўскі прыклад — самы правільны для любога дзіцяці, — упэўнена Ганна Генадзьеўна. — Як можна нечага патрабаваць ад дзяцей, калі ты сам гэтага не робіш? Дарэчы, у выхаванні хлопчыкаў вялікая роля адводзіцца менавіта мужчыну. Муж, безумоўна, вельмі заняты на рабоце, але дзецям заўсёды ўдзяляе ўвагу, размаўляе з імі. Калі дзеці застаюцца адны дома, я за гэта ніколі не перажываю, бо ведаю, што ўсё будзе добра. Лічыцца, што паміж хлопчыкамі павінна быць канкурэнцыя, што яны б’юцца адзін з адным. Але гэта не пра нас. Дзеці заўсёды пытаюцца, калі прыходжу з работы, чым мне дапамагчы, што зрабіць па гаспадарцы”. 

У сям’і Ігнаценкаў ёсць свае традыцыі — як жа без іх?! 

“Дзеці вельмі любяць, калі мы ўсе разам збіраемся за сямейным сталом, і не важна, што гэта — дзень нараджэння ці звычайная вячэра ў будні дзень, — працягвае расказваць пра сваю сям’ю гаспадыня. — У мяне ўсе без выключэння любяць салодкае і вельмі радуюцца, калі мы гатуем пірагі, тарты. Калі адзначаем чыйсьці дзень нараджэння, то гэта абавязкова цэлае свята. Дзеці самі ўпрыгожва­юць дом, вешаюць гірлянды, купляюць адзін аднаму падарункі. А ўяўляеце, што ў нас адбываецца на Новы год?! У нас усё ўпрыгожана. Яшчэ ў нас ёсць адна цудоўная традыцыя наведваць бабуль і дзядуляў — маіх бацькоў, якія жывуць у Мінску. Калі ­ездзім да іх, то абавязкова стараемся ўключаць у сваю праграму наведванне знакавых і культурных месцаў. Апошнім разам былі ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці, канечне, былі ўражаны ўбачаным. А яшчэ мы любім усе разам бываць у цырку”.

Пра што можа марыць мнага­дзетная мама? Думаеце, пабыць у цішыні і адзіноце хаця б адзін дзень? А вось і не. Яе адзінае і вялікае жаданне — каб дзеці былі здаровымі і шчаслівымі. Прынамсі, аб гэтым баліць сэрца кожнай мамы, якая любіць сваіх дзяцей і клапоціцца пра іх.

“Для мяне самае важнае, каб мае сыночкі былі здаровымі і дасягнулі ў жыцці таго, што яны хочуць, — дзеліцца Ганна Генадзьеўна. — А ўсім мамам, якія выхоўваюць дзетак, сёння, у Дзень маці, жадаю пабольш усмешак і заўсёды быць шчаслівымі. Іначай нельга, бо ў нас ёсць сапраўднае  шчасце — нашы дзеці”.

Наталля САХНО.
Фота прадастаўлена аддзелам па адукацыі, спорце і турызме Дрыбінскага райвыканкама.