Пяць міжнародных медалёў на рахунку юных беларускіх хімікаў

- 11:48Якасць адукацыі

На 54-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе па хіміі беларускія школьнікі заваявалі пяць медалёў. У выпускнікоў Ліцэя БДУ ў скарбонцы тры медалі: залатым прызёрам стала Настасся Шаляпіна, сярэбраны медаль заваяваў Ягор Васілеўскі, а бронзавы — Мацвей Кіслюк. Сярэбранымі прызёрамі сталі выпускнікі гімназіі № 10 Маладзечна Мацвей Навасёлаў і гімназіі № 1 Віцебска Андрэй Крысанаў.

У 2020 годзе Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі адбылася ў дыстанцыйным фармаце. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 130 школьнікаў з 27 краін: Аўстрыі, Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Балгарыі, Венгрыі, Грузіі, Ізраіля, Ірана, Казахстана, Кіргізіі, Кітая, Латвіі, Літвы, Македоніі, Манголіі, Расіі, Саудаўскай Аравіі, Сербіі, Сірыі, Славакіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Украіны і Эстоніі.

У склад аргкамітэта і метадычнай камісіі алімпіяды ўваходзяць прафесары і выкладчыкі вядучых УВА, а таксама настаўнікі хіміі агульнаадукацыйных школ краін-удзельніц. Задачы для алімпіяды складае міжнароднае журы з ліку вядучых вучоных-хімікаў усяго свету. У кожным з тураў сёлета было прадстаўлена па адной беларускай задачы. Іх аўтар — член журы міжнароднай алімпіяды, кандыдат хімічных навук, дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта БДУ Віктар Мікалаевіч Хвалюк.

“Спаборніцтвы для беларускіх школьнікаў прайшлі на хімічным факультэце БДУ ў камп’ютарным класе, — адзначае Віктар Мікалаевіч. — За ходам алімпіяды вялося дбайнае назіранне з боку арганізатараў — у памяшканні працавалі тры відэакамеры. Заданні прыйшлі па электроннай пошце. Дзеці выконвалі іх пісьмова на паперы. Лісты з адказамі былі адсканіраваны і адпраўлены на разгляд журы. Адзін дзень быў прадугледжаны для апеляцый.

Сёлета замест двух тэарэтычных і эксперыментальнага тура прайшлі два тэарэтычныя туры па 5 гадзін кожны. У першым туры школьнікам трэба было рашыць 8 задач, у другім — 15 задач на выбар. У кожным з пяці раздзелаў было па тры задачы, неабходна было рашыць адну задачу з кожнага раздзела. Па жаданні можна і больш. У залік з кожнага раздзела ішла задача, за рашэнне якой школьнік набраў больш балаў. Гэта былі задачы па неарганічнай, арганічнай, аналітычнай і фізічнай хіміі, а таксама тыя, што тычыліся навукі аб жывым”.

На алімпіядзе разыграна 39 бронзавых, 26 сярэбраных і 13 залатых медалёў. Абсалютным пераможцам прызнаны адзінаццацікласнік з Магнітагорска (Расія) Ілья Чайка, якога ўзнагародзілі прэміяй імя акадэміка Валерыя Луніна, заснаванай арганізатарамі ўпершыню ў гэтым годзе.

У 2021 годзе спаборніцтвы плануецца правесці ў звычайным рэжыме ў Будапешце (Венгрыя).


Выпускніца Ліцэя БДУ Настасся Шаляпіна — залаты прызёр 54-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды. Яна родам з Ваўкавыска, дзе вучылася ў гімназіі № 1. Хіміяй захапілася дзякуючы бацькам-медыкам і настаўніцы Валянціне Іосіфаўне Навумік. У 7 класе пачала перамагаць на школьных і раённых алімпіядах. У 9 класе атрымала дыплом І ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, у 10 класе ў яе быў дыплом І ступені на рэспуб-ліцы і ўдзел у Мендзялееўскай алімпіядзе, у 11 класе — дыплом ІІ ступені на рэспубліцы і залаты медаль Мендзялееўскай алімпіяды. У Ліцэі БДУ з Насцяй працавалі педагогі з кафедры хіміі — Вадзім Эдвардавіч і Віталь Эдвардавіч Матулісы, Яўгенія Валер’еўна Матуліс, Андрэй Вячаслававіч Кульша.                 

“Усе алімпіядныя задачы складаныя, часам патрабуюць неардынарнага падыходу да рашэння, — гаворыць Настасся. — На-прыклад, на апошніх спаборніцтвах вельмі цікавай мне здалася задача па арганічнай хіміі. Быў дадзены ланцужок пераўтварэнняў (пачатковае і канчатковае рэчыва), трэба было расшыфраваць усе рэагенты і прамежкавыя рэчывы. У мяне атрымалася расшыфраваць увесь ланцужок, толькі калі я пачала разглядаць яго з канца, паступова ад канчатковага рэчыва ішла да пачатковага. Задача па аналітычнай хіміі сёлета мела практычны характар — трэба было правесці аналіз лекаў. Была дадзена таблетка з трыма дзеючымі рэчывамі, якія неабходна было вылучыць, вызначыць іх змест і разлічыць колькасць кожнага з рэчываў”.

Пра сваю перамогу дзяўчына даведалася дома ў анлайн-фармаце, а сапраўдныя дыплом і медаль ёй даслалі звычайнай поштай. Настасся Шаляпіна ўжо студэнтка лячэбнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дзе вучыліся ў свой час яе бацькі, якія сёння працуюць у бальніцах, тата — хірургам, а мама — анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Дачка плануе працягнуць іх справу.

Надзея ЦЕРАХАВА.