Часта можа падавацца, што калі ў сям’і нейкага чалавека склалася прафесійная дынастыя, то ён абавязкова “асуджаны” стаць адным з яе прадстаўнікоў. Аднак нярэдка бывае так, што “схільнасць” сям’і да пэўнай прафесіі — гэта сродак, з дапамогай якога можна праверыць сваё рашэнне на трываласць. Так, як гэта зрабіў мінчанін Аляксей Баравік.
Аляксей Баравік — выпускнік педагагічнага класа сярэдняй школы № 32 Мінска. Сёлета ён стаў студэнтам факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (спецыяльнасць “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога”). Да субяседавання юнак падышоў з аб’ёмным партфоліа і сярэднім балам 9,2.
У звычайным жыцці Аляксею падабаецца іграць на гітары (ён скончыў музычную школу), таксама яго прываблівае кулінарыя. Як многія ў яго ўзросце, хлопец марыць пра ўсеагульнае шчасце. Таксама ён думае пра стварэнне ўласнага музычнага гурта.
Хлопец вырас у мнагадзетнай сям’і і заўсёды лёгка знаходзіў агульную мову з меншымі братамі. Таксама яму даводзілася шмат кантактаваць з аднагодкамі: юнак часта ездзіў у летнікі і імкнуўся ўзаемадзейнічаць з тымі, хто быў побач.
— Тады я пачаў задаваць сабе пытанні: “З якой прафесіяй я хацеў бы звязаць сваё жыццё?”, “Чаму мне так лёгка будаваць узаемаадносіны з іншымі?”. Шукаючы адказы, зразумеў, што трэба выбіраць спецыяльнасць, звязаную з работай з людзьмі. І калі пасля заканчэння 9 класаў паўстаў выбар, паступаць у педагагічны клас ці ісці ў звычайны дзясяты, я выбраў першае. Мне хацелася развівацца, я ведаў, што практыка і вопыт узаемадзеяння з дзецьмі будуць не проста цікавымі, але і карыснымі, чым бы я ні займаўся ў далейшым, — узгадвае Аляксей. — Пераканаўся, што, выбраўшы прафесію псіхолага ці сацыяльнага работніка, змагу больш разумець іншых, дапамагаць ім.
Будучы вучнем педагагічнага класа, хлопец не быў да канца перакананы ў тым, што стане настаўнікам. Ён разглядаў розныя варыянты — перавагу аддаваў спецыяльнасцям, звязаным з дапамогай людзям. З цягам часу ўпэўніўся, што хоча быць псіхолагам.
Блізкія адрэагавалі станоўча, але крыху здзівіліся: педагогаў-псіхолагаў у сям’і яшчэ не было. Так Аляксей, ідучы агульным шляхам сям’і, ступіў на ўласную прафесійную дарогу. Па яго словах, заняткі ў педагагічным класе дапамаглі яму сфарміраваць сістэму каштоўнасцей, на якой ён плануе выбудоўваць прафесійную кар’еру.
Маці Аляксея гаворыць, што ў падрыхтоўцы да паступлення сіла волі і мэтанакіраванасць сына праявіліся ў поўным аб’ёме. Ён самастойна шукаў спецыялістаў, якія маглі адказаць на яго пытанні, без рэпетытараў рыхтаваўся да цэтралізаванага тэсціравання, якое вырашыў здаваць “на ўсялякі выпадак”.
У падрыхтоўцы да паступлення сіла волі і мэтанакіраванасць Аляксея праявіліся ў поўным аб’ёме. Ён самастойна шукаў спецыялістаў, якія маглі адказаць на яго пытанні, без рэпетытараў рыхтаваўся да цэнтралізаванага тэсціравання, якое вырашыў здаваць “на ўсялякі выпадак”.
— Я разумеў, што, калі ў маёй сям’і столькі педагогаў, значыць, і ўва мне ёсць “настаўніцкія” гены, схільнасць да прафесіі. Безумоўна, пры паступленні была вялікая адказнасць перад людзьмі, якія ідуць наперадзе мяне, але я стараўся ацэньваць свае сілы, абапірацца ў першую чаргу на іх, — гаворыць Лёша.
Пра адказнасць будучы псіхолаг сказаў нездарма: за ім стаяць пяць пакаленняў педагогаў па лініі матулі. Многія з гэтых людзей скончылі ўніверсітэт, які выбраў Аляксей.
Пачынальнікам вялікай дынастыі ў XIX стагоддзі стаў прапрадзед нашага героя Аляксей Гарбачэўскі. Аляксей Мікалаевіч працаваў настаўнікам гісторыі ў царкоўнапрыходскай школе. Па яго шляху пайшла і прабабуля Аляксея Баравіка — Любоў Яўстаф’еўна Міронава, якая таксама выкладала гісторыю і вяла заняткі па нямецкай мове. Прафесійная дарога Любові Яўстаф’еўны ішла праз розныя навучальныя ўстановы — Шчалканаўскую, Гербіняцкую і Заскавіцкую сямігадовыя школы. Таксама педагог рэалізавала сябе на розных пасадах — настаўніка-прадметніка, дырэктара школы і інспектара райана.
Дынастычнае дрэва сям’і разрасталася з пакалення ў пакаленне — і колькасцю педагогаў, і іх дасягненнямі. Трэцяе пакаленне прадстаўлена пяццю настаўнікамі — роднымі і стрыечнымі бабулямі Аляксея.
Тамара Мірончык — педагог з 43-гадовым стажам. Тамара Віктараўна выкладала англійскую мову ў Жодзішкаўскай сярэдняй школе Смаргонскага раёна і сярэдняй школе № 5 Смаргоні. Зараз педагог займае пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце 5-й школы.
Зінаіда Савіцкая працавала выхавальніцай у Антапольскім дзіцячым доме-інтэрнаце і настаўніцай пачатковых класаў у Самальскай пачатковай школе раёна. Вельмі блізкім у прафесійным плане да шляху Зінаіды Іванаўны стаў шлях яе сястры — Таццяны Зайко. Стаж Таццяны Аляксандраўны, якая працавала выхавальніцай, — 41 год. 8 гадоў прысвяціла педагогіцы і апошняя прадстаўніца трэцяга пакалення — педагог-арганізатар Галіна Козел.
36-гадовая педагагічная біяграфія роднай бабулі Аляксея Баравіка Любові Гарбачэўскай вельмі насычаная і разнастайная. Любоў Іванаўна выкладала гісторыю, рускую мову і літаратуру, была настаўніцай пачатковых класаў, педагогам-арганізатарам, доўгі час займала пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Станаўленне педагога адбывалася ў Турэцбаярскай сярэдняй школе Маладзечанскага раёна — школе перадавога вопыту. Настаўніца праводзіла семінары для маладых калег, давала адкрытыя ўрокі. Прафесійны талент Любові Іванаўны не мог застацца незаўважаным: пасля наведвання яе заняткаў інспектары прынялі рашэнне прысвоіць настаўніцы вышэйшую катэгорыю. Далей было мноства ўзнагарод, медаль “За доблесную працу”, званне “Выдатнік адукацыі”. І, вядома, вялікі аб’ём работы з вучнямі.
Чацвёртае пакаленне дынастыі складаецца з 4 педагогаў: матулі Наталлі Баравік і яе родных і стрыечных сясцёр — Таццяны Апанасёнак, Вольгі Малашка і Таццяны Вільбік.
Таццяна Апанасёнак — выхавальніца дзіцячага садка, доўгі час была намеснікам загадчыка па асноўных відах дзейнасці, з 2016 года — выхавальніца спецыяльнай групы дзіцячага садка № 8 Смаргоні. Стаж работы Таццяны Чаславаўны складае 39 гадоў. Вольга Алегаўна Малашка на працягу 18 гадоў выкладае біялогію ў Маладзечанскай сярэдняй школе № 10. Таццяна Вільбік прысвяціла педагогіцы 30 гадоў. Яна працавала настаўніцай пачатковых класаў у Лудчыцкай і Граніцкай сярэдніх школах, а зараз Таццяна Станіславаўна — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ў сярэдняй школе № 2 Смаргоні.
Наталля Баравік — матуля Аляксея — не па чутках ведае, што такое педагагічны клас. Калісьці ў Турэцбаярскай школе такія класы, як своеасаблівыя філіялы БДПУ, працавалі на поўную моц. Будучы школьнікамі, дзеці вучыліся і ва ўніверсітэце: ездзілі ў Мінск на летнія, зімовыя і пераводныя сесіі, здавалі экзамены. Пры добрай паспяховасці пасля школы залічваліся на першы курс БДПУ.
У падлеткавым узросце Наталлю заўсёды цягнула да хіміі і біялогіі — яе ўражвала, як класны кіраўнік настаўніца біялогіі Ала Якуновіч распальвала цікавасць дзяцей да розных прыродных з’яў і свайго прадмета. Таксама дзяўчыне падабалася анатомія — у далейшым гэта паўплывала на тое, што яна дадаткова атрымала медыцынскую адукацыю. На захапленне прадметамі паўплывала і атмасфера, у якой расла школьніца: матуліны заняткі з дзецьмі, узаемаадносіны настаўніка з вучнямі, падрыхтоўка планаў.
— Матуля была выдатніцай ва ўсім. Яна той чалавек, які не стаў педагогам, а нарадзіўся ім. Педагог — гэта сёр’ёзная прафесія, якая патрабуе вялікай аддачы ад таго, хто яе выбірае, бо чалавек уключаны ў працэс 24 гадзіны ў суткі без выхадных. Гледзячы на маму, я разумела, што кожны настаўнік павінен расці над сабой, ведаць новыя павевы ў сваёй галіне і абавязкова дзяліцца ўласным вопытам з іншымі, — расказвае Наталля Іванаўна. — Яна ахутвала сваіх вучняў любоўю. Калі бачыла, што нехта не разумее матэрыял — тлумачыла зноў і зноў, калі нехта не паспяваў — займалася дадаткова. Прытым матуля заўсёды ведала, чым захапляюся я, была побач, калі я здавала сесіі, паступала. Заняткі Алы Андрэеўны і назіранні за мамай у значнай ступені вызначылі маё рашэнне стаць настаўніцай біялогіі і паўплывалі на маё прафесійнае станаўленне.
Пачынальнікам вялікай дынастыі ў XIX стагоддзі стаў прапрадзед нашага героя Аляксей Гарбачэўскі. Сёння агульны працоўны стаж сям’і — больш за два стагоддзі.
Наталля Баравік узгадвае, што пасля заканчэння ўніверсітэта самым цікавым і запамінальным для яе стала тое, што працаваць з дзецьмі цяпер можна было пастаянна і без перапынкаў. Як і Любоў Гарбачэўская, яна пачынала працаваць у Турэцбаярскай сярэдняй школе. Тут жа разгарнуліся яе педагагічныя пошукі: экалагічны гурток, догляд прышкольнага ўчастка і клумб. Малады спецыяліст імкнулася патлумачыць свой прадмет не толькі з пункта гледжання тэорыі, але і паказаць розныя працэсы на практыцы. Дзякуючы гэтаму, дзеці вучыліся берагчы і разумець прыроду. Поплеч са сваёй настаўніцай дзеці праходзілі летнюю практыку, удзельнічалі ў розных конкурсах, пісалі даследчыя работы. У 2007 годзе педагагічны шлях прывёў настаўніцу ў сталічную гімназію № 3.
Тата Аляксея — Сяргей Баравік — таксама звязаў жыццё з педагогікай. З дзяцінства ён займаўся гімнастыкай і гэтае захапленне вырашыў выкарыстаць пры выбары будучай прафесіі. Сяргей Леанідавіч паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, развіваўся па гімнастычным напрамку, а пасля выпуску стаў выкладаць фізічную культуру. Гэтым педагог займаецца на працягу 16 гадоў.
Самае маладое — пятае! — пакаленне сямейнай дынастыі — гэта Аляксей Баравік і яго стрыечныя браты — Аляксандр Апанасёнак і Ягор Вільбік. Ягор — таксама выпускнік педагагічнага класа, сёлета скончыў 2 курс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Аляксандр — выпускнік Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. У 2004 годзе малады чалавек прадстаўляў Беларусь у складзе нацыянальнай зборнай на летняй алімпіядзе ў Афінах. На цяперашні час ён ужо 10 гадоў працуе трэнерам па боксе.
Агульны працоўны стаж дынастыі — больш за два стагоддзі. Кожны з яе прадстаўнікоў — як галінка на педагагічным дрэве, а іх педвопыт — лістота. Ужо зараз дынастычнае дрэва гэтай сям’і нагадвае малады моцны дуб. Хто ведае, якім волатам ён стане ў будучыні?!
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.