Пяць жанчын-мастакоў — пяць паралельных гісторый

У мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” пачала працаваць выстава жывапісу і графікі “Паралельныя гісторыі”. У экспазіцыі прадстаўлены творы пяці беларускіх жанчын-мастакоў — Алы Кушнер, Наталлі Каржыцкай, Наталлі Шапавалавай, Марыны Канавалавай і Юліі Нявейка. Што аб’ядноўвае іх — такіх розных па ўзросце, па сваёй жаночай прыгажосці, па месцы нараджэння ад Крычава да Нарыльска і, вядома ж, па сваёй мастацкай манеры?

Куратар выставы вядомы мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн заўважыла на вернісажы, што хоць прадстаўленыя на выставе мастакі ўяўляюць сабой згуртаваны калектыў, але ў творчасці яны жывуць кожная сваім абсалютна самастойным жыццём, удзельнічаюць у розных выставах, па-рознаму знаходзяць сябе ў мастацтве. Невыпадкова выстава атрымала назву “Паралельныя гісторыі”. Як вядома, паралельныя ніколі не перасякуцца.

Ларыса Давідаўна дала кароткія характарыстыкі кожнай з удзельніц выставы. Ала Кушнер: самы моцны бок яе мастацтва — гэта ўменне праца-ваць з фактурамі, а фактура, як вядома, з’яўляецца формаўтваральным элементам. Марына Канавалава: незвычайная мяккая паэзія пастэлі, лірычная пастэльная натура, якая, аднак, валодае вельмі моцнай энергіяй. Наталля Шапавалава: надзвычай шырокая палітра прыёмаў ад тонкай дэталізацыі да лёгкага дотыку да палатна. Юлія Нявейка: вельмі кантрасная манера — паміж светлым і цёмным, паміж жанчынай-маці і жанчынай-вамп. Наталля Каржыцкая: суцэльная рамантыка і зямны постімпрэсіянісцкі рай з рамантычнымі доўгавалосымі жанчынамі, рамантычнымі пейзажамі, рамантычнымі нацюрмортамі.

Мастацтвазнаўца і гісторык мастацтва, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка ў сваю чаргу быў сам метафарычны ў ацэнцы творчасці мастакоў: “У Блока ёсць паэма “12”. А сёння мы гаворым пра паэму “5”. Гэта пяць розных творчых сцяжынак, пяць розных характараў, пяць розных талентаў, пяць розных адкрыццяў нечага важнага. Гэта культура свабоды, гэта культура традыцый, якія ідуць поруч з наватарствам. Кожны з гэтых мастакоў бачыць свет вельмі асабліва. І венецыянскія гандолы тут зусім не тыя, якія бачаць турысты, і Нясвіж тут зусім не той Нясвіж, па якім мы ходзім падчас экскурсій, і нават яблыкі прымаюць зусім незвычайны вобраз… Ва ўсялякім разе ўсе гэтыя жанчыны-мастакі паказваюць вельмі добры прыклад іншым жанчынам, якія яшчэ толькі шукаюць сябе ў мастацтве”.

Дарэчы, і Ларыса Фінкельштэйн, і Яўген Шунейка настойліва называлі прадстаўленых на выставе творцаў не мастачкамі, а менавіта мастакамі. Ларыса Давідаўна наўпрост сказала: “Не люблю я гэтага слова — “мастачка”. Яны не мастачкі, а мастакі. Наогул, няма жаночага ці мужчынскага мастацтва. Ёсць або мастацтва, або немастацтва. А тут сёння менавіта мастацтва”.

Але вернемся да нашага першапачатковага пытання: што аб’ядноўвае іх — такіх розных?

Не толькі тое, што ўсе яны — жанчыны-мастакі. І не толькі тое, што ёсць у іх адзін любімы пленэр, у якім яны разам удзельнічаюць ужо не першы год, — “Лета ў правінцыі” пад Смалявічамі.

Адна з удзельніц выставы Марына Канавалава прызналася, што спачатку экспазіцыю меркавалася назваць “Паролі”: “Нам хацелася, каб глядач разгадаў пароль кожнай з нас. Бо творчы працэс — гэта заўсёды двухбаковы рух. З боку мастака — гэта раскрыццё свайго захаплення светам і адкрыццё свету ў сабе. Тут і пішацца “пароль” з зашыфроўкай уражанняў і пачуццяў сваёй індывідуальнай аўтарскай мовай. З боку гледача — гэта імкненне зразумець, што хацеў сказаць мастак”.

Дарэчы, па словах Марыны Канавалавай, канцэпцыя пароляў прыдумвалася крыху ў незвычайных умовах. Аднойчы яны сабраліся ўпяцёх у рыжскай кавярні, пілі каву, весела шчабяталі пра сваё жаночае і пра ўсіхняе мастацкае. А потым, як у добрым фільме, узялі дый напісалі канцэпцыю выставы… на кафэшных сурвэтках.
Пяць жанчын-мастакоў, пяць паралельных гісторый, пяць пароляў… Вось гэта найперш іх і аб’ядноўвае — усе яны паролі, загадкі, якія трэба разгадаць.

А тым часам…

Днямі стала вядома, што мастацкая галерэя “Універсітэт культуры” атрымала грант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі на ажыццяўленне праекта “Правядзенне маштабнай выставы творчых дасягненняў навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў Беларусі і выданне каталога мастацкіх твораў маладых аўтараў”. Дырэктар галерэі і куратар праекта Павел САПОЦЬКА расказаў нашаму карэспандэнту пра сутнасць і мэты гэтага праекта.

— Наша галерэя працуе ў розных кірунках, — патлумачыў Павел Сапоцька, — але прыярытэтам для нас з’яўляюцца менавіта падтрымка таленавітай моладзі, стварэнне ўмоў для раскрыцця яе творчага патэнцыялу. У гэтым плане мы праводзім розныя мерапрыемствы. Напрыклад, ужо традыцыйнымі сталі нашы выставы ў межах Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі ЮНЕСКА, выставы па выніках рэспубліканскіх конкурсаў, а таксама персанальныя выставы студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў. Хацеў бы падкрэсліць, што гэта заўсёды вельмі цікавыя праекты, якія вельмі прыемна ажыццяўляць.

Ладзілі выставы твораў і навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, у прыватнасці, два гады назад у нашай галерэі праходзіла комплексная выстава твораў навучэнцаў чатырох мінскіх школ. Але каб ахапіць у адной экспазіцыі ўсе ДШМ Беларусі (а яны ёсць у кожным раёне нашай краіны) — такога, безумоўна, яшчэ ніколі не было. І ўвогуле, трэба адзначыць, што для правядзення буйных выстаў дзіцячых твораў у нас усё-такі малавата пляцовак. Натуральна, наш Нацыянальны мастацкі музей гэтым не будзе займацца, іншыя буйныя музеі кшталту Нацыянальнага гістарычнага — таксама. Вельмі вялікую работу ў гэтым сэнсе робіць Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, але яго выставачная пляцоўка ўсё-такі больш камерная, разлічаная на наведванне яе найперш самімі дзецьмі і іх настаўнікамі, а не шырокай грамадскасцю.

Вось мы і вырашылі зрабіць маштабную выставу творчых дасягненняў навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў Беларусі, каб максімальна і сістэмна ахапіць гэты сектар дзіцячай мастацкай адукацыі. Гэты праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. На падрыхтоўку нам адведзена некалькі месяцаў, выстава пройдзе ў чацвёрты тыдзень мая — якраз на працягу Міжнароднага тыдня мастацкай адукацыі ЮНЕСКА.

Хацеў бы падкрэсліць, што гэта не конкурс, а своеасаблівая выбарка лепшых твораў навучэнцаў, якую будуць праводзіць на пасяджэннях журы і аргкамітэта прафесійныя эксперты: куратары выстаў, выкладчыкі, мастацтвазнаўцы, сябры творчых саюзаў. Яны будуць карыстацца рознымі крытэрыямі. Гэта і тэхніка выканання, і, як кажуць, ідэйны змест, і эстэтычны складнік. Але канчатковымі задачамі мы ставім самаактуалізацыю, самаразвіццё і самарэалізацыю юнай і маладой творчай асобы. І, канечне, папулярызацыю дзіцячай творчасці. Усё-такі мы знаходзімся ў цэнтры Мінска. Штодня нашу галерэю наведвае шмат людзей: мінчане, госці сталіцы і госці краіны. І нам будзе вельмі прыемна, калі яны ўбачаць надзвычай шчырыя, цёплыя і, я сказаў бы нават, харызматычныя творы нашых навучэнцаў.

Яшчэ адзін важны складнік праекта — стварэнне каталога лепшых дзіцячых і юнацкіх твораў. Не сумняваюся, што зробім якасны прадукт — каб тое лепшае, што ствараюць у мастацкай творчасці нашы дзеці і падлеткі, захавалася ў гісторыі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *