Пяцьдзясят адценняў чорнага

- 15:32Адукацыйная прастора

Значэнне адчуванняў і ўспрымання ў прафесіі

Сёння маладым людзям вельмі складана выбраць прафесію, якой бы яны маглі займацца ўсё жыццё.

У свеце налічваецца больш за 50 000 сучасных прафесій і спецыяльнасцей. Канечне, не існуе нейкага абсалютна надзейнага і дакладнага спосабу вызначэння схільнасцей і здольнасцей чалавека і спосабу заробку, які ім адпавядае. Але ёсць шэраг фактараў, якія проста неабходна ўлічваць, каб звесці верагоднасць памылак да мінімуму.

Усе хібы, якія дапускаюцца пры выбары прафесіі, можна падзяліць на тры групы: няведанне самога сябе, няведанне свету прафесій, няведанне правіл выбару прафесіі. Ці магчыма пазбегнуць памылак у прафесійным выбары і прыняць канчатковае, а галоўнае, правільнае рашэнне?

Каб пазнаць самога сябе, неабходна вывучыць сваё здароўе, інтарэсы і схільнасці, здольнасці, веды і ўменні. Дзевяцікласнікам сярэдняй школы № 2 Слаўгарада, напрыклад, падчас практычных заняткаў у рамках факультатыўнага курса “Мая прафесійная будучыня” на сваім вопыце ўдалося ўсвядоміць, што добра развітыя тактыльныя адчуванні — гэта наш “скурны зрок”, такі неабходны ў дзейнасці многіх прафесій, напрыклад, урача. Папрацаваўшы сваімі чуйнымі рукамі, спецыялісты ў белых халатах здольны імгненна вызначыць і ціск, і тэмпературу, і рэакцыі болю — яны практычна сканіруюць хворы орган і даюць інфармацыю пра стан здароўя чалавека.

Дзеці не сталі аспрэчваць важнасць зрокавых адчуванняў і ўспрымання, якія адыгрываюць вялікую ролю практычна ва ўсіх відах прафесій. Аднак падчас заняткаў яны даведаліся, што ў некаторых відах дзейнасці высокаразвітыя зрокавыя адчуванні адыгрываюць першарадную ролю. Прадстаўнікі шэрага прафесій павінны бачыць пры моцным і слабым асвятленні, распазнаваць ва ўсіх дэталях дробныя прадметы, мноства колеравых адценняў, фіксаваць на вялікай адлегласці прадметы, якія рухаюцца. Шліфоўшчыкі, напрыклад, вызначаюцца незвычайнай вастрынёй зроку: яны схільны бачыць прасвет да 0,0005 мм, у той час як нетрэніраваныя людзі — усяго да 0,1 мм. Спецыялісты па афарбоўванні тканін адрозніваюць ад 40 да 60 адценняў чорнага колеру. А вопытныя сталявары даволі дакладна па слабых колеравых адценнях расплаўленай сталі вызначаць яе тэмпературу і колькасць прымесей.

Будучыя выпускнікі з цікавасцю даведаліся, што пры парушэнні органаў зроку супрацьпаказана працаваць чарцёжнікам, зборшчыкам гадзіннікаў, вышывальшчыцай, зборшчыкам мікрасхем. Пры непаўнавартаснай рабоце органаў слыху нельга быць музыкантам, стэнаграфістам, аўтаслесарам, а органаў нюху — кухарам, дэгустатарам. Напрыклад, па статыстыцы, прыроднай здольнасцю да прафесійнага дэгуставання валодае не больш за 15% людзей. Навучыць адчувальнасці нельга, але калі здольнасці ёсць, то іх можна развіць. Дэгустатары мэтанакіравана працуюць над гэтым, практыкуючыся ў распазнаванні пахаў і смакаў.

На працягу ўсіх заняткаў дзеці добра працавалі, стараючыся вызначыць свой вакамер, слыхавую і тактыльную адчувальнасць, ацэньваючы дакладнасць свайго ўспрымання часу і інш. Пазнавальным аказалася і выкананне практыкаванняў для павышэння слыхавой адчувальнасці і ўспрымання, развіцця назіральнасці. Самапазнанне — гэта вывучэнне асаблівасцей функцыянавання свайго цела. Валодаючы рэальнымі ведамі пра сябе, мы не дазваляем разбурыць сябе, свой арганізм. Гэта важна і пры выбары прафесіі. Здольнасць адчуваць — гэта адзіная з’ява арганізма, праз якую знешні свет пранікае ў чалавечую свядомасць. Пры ўсёй сваёй неабходнасці і значнасці адчуванні (рухальныя, нюхальныя і інш.) даюць магчымасць арыентавацца ў навакольным свеце і на прасторы выбару прафесіі.

Святлана ФІЛІПАВА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Слаўгарада.