Пяцігадовы вопыт падрыхтоўкі кадраў для АЭС абмеркавалі на “Атамэкспа-Беларусь’2013”

Традыцыйна на спецыялізаванай міжнароднай выставе і канферэнцыі “Атамэкспа-Беларусь”, што прысвечана атамнай энергетыцы, абмяркоўваюцца і пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў для будучай беларускай АЭС. Выстава 2013 года не стала выключэннем: у яе межах прайшоў круглы стол “Падрыхтоўка кадраў для атамнай энергетыкі” з удзелам прадстаўнікоў расійскіх і ўкраінскіх адукацыйных і навуковых цэнтраў, дзеючых атамных станцый.

Як нагадаў кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Мікалай Маруда, Дзяржаўная праграма падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі ў нашай краіне рэалізоўваецца з 2008 года. Навучанне вядзецца ў чатырох установах вышэйшай адукацыі (БДУ, БДУІР, БНТУ і МДЭУ імя А.Д.Сахарава), а таксама ў чатырох каледжах. На ўзроўні вышэйшай адукацыі вучацца каля 800 чалавек, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай — больш за 900.

Падчас круглага сталаСёлета адбудзецца першы выпуск спецыялістаў для АЭС з 5- і 5,5-гадовым тэрмінамі навучання і, адпаведна, першае размеркаванне. “Пасля базавай падрыхтоўкі ва ўніверсітэтах выпускнікі (канечне, не ўсе) трапяць у Дырэкцыю будаўніцтва атамнай электрастанцыі і іншыя арганізацыі, якія будуць ствараць інфраструктуру ядзернай энергетыкі, — зазначыў М.С.Маруда. — Частка маладых спецыялістаў пройдзе дадатковае навучанне ў расійскіх, украінскіх арганізацыях па накіраванні дырэкцыі і пасля вяртання будзе ўдзельнічаць у будаўніцтве, мантажы абсталявання, а далей — у эксплуатацыі станцыі”.
Па словах кансультанта, намаганні Міністэрства адукацыі накіраваны на тое, каб расла якасць падрыхтоўкі спецыялістаў. Для гэтага выкладчыкі павышаюць кваліфікацыю за мяжой (больш за 30 чалавек штогод), студэнты праходзяць вытворчую практыку ў Расіі, Украіне, удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўніверсітэтаў і каледжаў.

За апошні год многа студэнтаў спецыяльнасцей ядзернай энергетыкі атрымалі магчымасць прайсці навучанне за мяжой. Напрыклад, студэнты 4 курса фізічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта выконвалі лабараторныя работы на ядзерным даследчым рэактары Севастопальскага нацыянальнага ўніверсітэта ядзернай энергіі і прамысловасці. Студэнты 2 курса хімічнага факультэта БДУ прайшлі ў гэтым жа ўкраінскім універсітэце тэарэтычны і практычны курс па тэхналогіі ядзернага паліва, а 5-курснікі — практыку ў Аб’яднаным інстытуце ядзерных даследаванняў, што ў Дубне. Акрамя таго, была наладжана студэнцкая практыка па рабоце з радыеактыўнымі адходамі ў Обнінску і ў вучэбна-трэніровачным цэнтры Балакоўскай АЭС, у Ніжагародскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце — па аварыйных рэжымах рэактараў, у Сочы — па курсе “Радыяцыйная бяспека і радыяцыйны кантроль”.
Студэнты БНТУ прайшлі вытворчую практыку ў Германіі. Яны наведалі Севастопальскі нацыянальны ўніверсітэт ядзернай энергіі і прамысловасці. Студэнты МДЭУ імя А.Д.Сахарава выканалі цыкл лабараторных работ па нейтроннай фізіцы ў Обнінскім інстытуце атамнай энергетыкі, а таксама пабывалі ў інфармацыйным цэнтры Чарнобыльскай АЭС.

Праблема якасці выкладання вырашаецца не толькі праз павышэнне кваліфікацыі беларускіх выкладчыкаў, але і праз прыцягненне замежных. У 2012 годзе расійскія і ўкраінскія спецыялісты прыязджалі з лекцыямі ў БДУ. Гэта былі выкладчыкі з Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Обнінскага інстытута атамнай энергетыкі, Севастопальскага нацыянальнага ўніверсітэта ядзернай энергіі і прамысловасці, Іванаўскага дзяржаўнага энергетычнага ўніверсітэта. Запрашаюць выкладчыкаў з-за мяжы і іншыя ўніверсітэты, якія навучаюць па спецыяльнасцях ядзернай энергетыкі.

Што да матэрыяльнай базы падрыхтоўкі спецыялістаў, то прадстаўнік міністэрства прывёў такія звесткі: з 2008 года ўніверсітэты закупілі абсталявання больш чым на 10 мільярдаў рублёў. Хоць дзяржпраграма фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту, але ўніверсітэты ўкладваюць і свае сродкі ў павышэнне якасці падрыхтоўкі кадраў.
БДУ і БДУІР, напрыклад, набылі камп’ютарныя лабараторыі (трэнажоры) па рэактарнай фізіцы, кіраванні і бяспечнай эксплуатацыі ядзерных энергетычных установак. Такія трэнажоры ўяўляюць сабой праграмныя комплексы, на якіх можна мадэляваць працу ўсяго энергаблока станцыі, уключаючы рэактарнае аддзяленне. З іх дапамогай студэнты могуць вывучыць розныя рэжымы работы рэактара, у тым ліку і пры парушэнні нармальнай эксплуатацыі.

На круглым стале прэзентавалі новыя спецыяльнасці для атамнай галіны, якія з 2013 года прапануюць абітурыентам Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. У БДУ сёлета пачнецца прыём на спецыяльнасці “Хімія высокіх энергій” і “Ядзерныя фізіка і тэхналогіі”, а ў БДУІР — “Электронныя і інфармацыйна-кіруючыя сістэмы фізічных установак”.
У БДУІР у межах новай спецыяльнасці пачнуць рыхтаваць інжынераў па электронных сістэмах. Што для гэтага зроблена, на мерапрыемстве расказалі прадстаўнікі ўніверсітэта. Нагадаем, што дагэтуль БДУІР навучаў студэнтаў па спецыяльнасці “Прамысловая электроніка” са спецыялізацыяй “Электронныя сістэмы кантролю і кіравання на атамных электрастанцыях”. Назапашваючы вопыт, універсітэт вырашыў пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай кваліфікаваных выкладчыцкіх кадраў, стварэннем вучэбна-лабараторнай базы і распрацоўкай вучэбных матэрыялаў для новых дысцыплін спецыялізацыі.
“Нашы выкладчыкі вывучалі асаблівасці аўтаматызаванай сістэмы кіравання тэхналагічнымі працэсамі АЭС, што праектуюць арганізацыі карпарацыі “Расатам”, удзельнічалі сумесна з іх спецыялістамі ў распрацоўцы праектаў вучэбных лабараторый. Такія праекты былі рэалізаваны сумесна з Усерасійскім НДІ аўтаматыкі імя М.Л.Духава, спецыялізаваным НДІ прыборабудавання, Нацыянальным даследчым ядзерным універсітэтам “МІФІ”. Запланаваны падобны праект з Усерасійскім НДІ эксплуатацыі АЭС”, — расказала прарэктар па вучэбнай рабоце і менеджменце якасці БДУІР Алена Жывіцкая.
Ва ўніверсітэце вызначылі, якімі кампетэнцыямі павінны валодаць спецыялісты, здольныя займацца праектаваннем, распрацоўкай і эксплуатацыяй спецыялізаваных электронных прылад, кантрольна-вымяральных прыбораў, электронных і інфармацыйна-кіруючых сістэм, алгарытмічных і праграмна-тэхнічных сродкаў для ядзерных і фізічных установак, аб’ектаў і ўстановак ядзернай і традыцыйнай энергетыкі, сістэм аўтаматызаванага кіравання тэхналагічнымі лініямі і працэсамі ў ядзернай і традыцыйнай энергетыцы і прамысловасці. Уласна, гэтым і будуць займацца інжынеры па электронных сістэмах, якіх БДУІР хутка пачне рыхтаваць у межах новай спецыяльнасці.
Па словах А.М.Жывіцкай, адкрыццё спецыяльнасці папярэдне ўзгаднілі з арганізацыямі — патэнцыяльнымі спажыўцамі такіх спецыялістаў. У іх падрыхтоўцы зацікаўлены беларуская АЭС, цеплавыя электрастанцыі, прадпрыемствы Міністэрства энергетыкі і інш. Вызначаны месцы праходжання практыкі. Дарэчы, існуе ўстойлівая англамоўная назва гэтай спецыяльнасці (паводле МАГАТЭ) — Instrumentation and Control Systems for Nuclear Power Plant.

Аб тым, як ішоў працэс падрыхтоўкі да адкрыцця новых спецыяльнасцей у Белдзяржуніверсітэце, расказаў прарэктар па вучэбнай рабоце БДУ Аляксей Толсцік. Нагадаем, што да апошняга часу ўніверсітэт рыхтаваў фізікаў-інжынераў па спецыяльнасці “Фізіка (напрамак — ядзерныя фізіка і тэхналогіі)”. Прарэктар паведаміў, што ў БДУ распрацаваны вучэбныя праграмы агульных і спецыяльных курсаў па новых спецыяльнасцях, метадычныя ўказанні да лабараторых работ, цэлы шэраг новых лекцыйных курсаў, уведзены новыя лабараторныя работы. Акрамя таго, падрыхтаваны міждысцыплінарны курс на англійскай мове, створаны электронныя адукацыйныя модулі і тэставыя заданні на платформе Web 2.0 па шэрагу тэм, відэакурс з серыяй лекцый дырэктара Міжнароднага цэнтра ядзернай адукацыі прафесара Мурагава (Расія).
“Намаганнямі фізічнага і хімічнага факультэтаў рэалізоўваецца вялікая праграма стажыровак студэнтаў і выкладчыкаў у профільных навукова-адукацыйных, даследчых і тэхналагічных цэнтрах Расіі і іншых краін, уключаючы наведванне дзеючых ядзерных аб’ектаў, — дадаў А.Л.Толсцік. — Вядзецца глыбокая мадэрнізацыя тэхнічнай базы для выканання лабараторных работ. Таксама арганізавана падрыхтоўка курсавых работ у Аб’яднаным інстытуце ядзерных даследаванняў у Дубне, дзе ў студэнтаў ёсць магчымасць выкарыстоўваць унікальнае навуковае абсталяванне і абараніцца на англійскай мове”.
У той жа час, нягледзячы на дасягнутае, асноўнай праблемай, па меркаванні прарэктара БДУ, застаецца няпэўнасць з фарміраваннем дзяржаўнага заказу на падрыхтоўку інжынераў-фізікаў для АЭС.

Расійскія і ўкраінскія ўдзельнікі круглага стала паказалі магчымасці сваіх арганізацый, расказалі аб адукацыйных паслугах, якімі, напэўна, давядзецца скарыстацца нашай краіне для таго, каб забяспечыць беларускую АЭС кваліфікаваным персаналам. “Пасля таго, як Беларусь вызначылася з пастаўшчыком тэхналогіі для станцыі, на першы план выходзіць роля менавіта краіны-вендара ў навучанні персаналу”, — падкрэсліў прарэктар Цэнтральнага інстытута павышэння кваліфікацыі, вядучага цэнтра дадатковай адукацыі ў атамнай галіне Расіі Уладзімір Арцісюк.
Тым не менш рацыянальная і эфектыўная праграма развіцця ядзернай энергетыкі можа базіравацца толькі на трывалым фундаменце ўсёй сістэмы адукацыі краіны. Гэтую думку падкрэсліў яшчэ адзін прадстаўнік Расійскай Федэрацыі — дырэктар вучэбна-метадычнага цэнтра Усерасійскага НДІ эксплуатацыі АЭС Андрэй Южакоў. Па яго словах, для станаўлення сістэмы падрыхтоўкі і падтрымання кваліфікацыі спецыялістаў першай у краіне АЭС патрэбен цэлы комплекс лагічна звязаных мерапрыемстваў: навучанне персаналу ядзернай інфраструктуры, падрадных арганізацый; стварэнне і запуск вучэбнага працэсу ў вучэбна-трэніровачным цэнтры пры АЭС, распрацоўка вучэбна-метадычнага забеспячэння і вучэбных праграм на прынцыпах сістэмнага падыходу; стварэнне структур па тэхнічным абслугоўванні і рамонце сістэм і абсталявання станцыі і інш.
Беларускаму боку было карысна пазнаёміцца з меркаваннямі і парадамі замежных спецыялістаў наконт Дзяржпраграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі Беларусі. Зараз дакумент, разлічаны да 2020 года, праходзіць карэкціроўку з удзелам экспертаў МАГАТЭ, таму дадатковая знешняя ацэнка ёй не пашкодзіць.

Вольга ІВАНОВА.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *