Пяцёрка лепшых

- 11:58Навіны рэгіёнаў

Пяць студэнтаў з устаноў вышэйшай адукацыі Гомельскай вобласці, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці, атрымалі штогадовыя прэміі аблвыканкама. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Смірноў адзначыў, што сярод лаўрэатаў — дыпламанты міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, конкурсаў, актыўныя ўдзельнікі навукова-даследчай і грамадскай дзейнасці.

Маргарыта Краўчанка, Вадзім Прыходзька, Ангеліна Аксёнчыкава-Бірукова, Васіліса Буздалкіна.

— Многія з іх маюць дзясяткі навуковых публікацый. Гэта лепшыя з лепшых, гордасць вобласці. Упэўнены, што сённяшнія лаўрэаты будуць актыўна развівацца і далей, дасягнуць новых вышынь у сваіх кірунках.

Усмешлівая чарнавокая Маргарыта Краўчанка з Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога — аўтар праекта “Аўтобус прадказанняў”. Ён увайшоў у лік лепшых на рэспубліканскім маладзёжным конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Выпускніца гуманітарна-эканамічнага факультэта спецыялізуецца на маркетынгу ў спорце і турызме. Яе дыплом, прысвечаны ўдасканаленню і развіццю фестывальнага турызму, чакае толькі абароны. Дарэчы, дзяўчына апантана можа расказваць пра тое, як зрабіць родную Беларусь больш прывабнай для турыстаў. У яе ёсць і прапанова свайго, новага фестывалю:

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Смірноў і студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Настасся Карнеева.

— Фестываль незвычайны — ства­рыць віртуальную рэальнасць славянскіх гульняў. Людзі змогуць вывучаць славянскую міфалогію, звычаі і традыцыі ў гульнявой камп’ютарнай форме. Трэба толькі надзець спецыяльныя акуляры. Гэта будзе пазнавальна і цікава як дарослым, так і моладзі, і дзецям. Увогуле, у мяне шмат ідэй, і некаторыя з іх я ўжо ўвасабляю, бо працую маркетолагам у прыватнай кампаніі.

Да таго ж студэнтка ўдзельнічала ў праекце “Садзейнічанне Ураду Рэспублікі Беларусь пры ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю праз узмацненне экспертнага і інстытуцыянальнага патэнцыялу”, стартап-школе Be Clever With Politekh.

А вось Ангеліна Аксёнчыкава-Бірукова, якая прадстаўляе Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны, з’яўляецца пераможцай II Рэспубліканскай студэнцкай алімпіяды па кітайскай мове. Студэнтка мае 29 публікацый, 10 з якіх выдадзены за мяжой:

— Я актыўна цікаўлюся супрацоўніцтвам Беларусі і Кітая. Чатыры гады вывучаю кітайскую мову, сумяшчаю вучобу ва ўніверсітэце, напісанне навуковых работ з выкладаннем кітайскай у гомельскіх сярэдніх школах № 71 і № 8. Тэма майго дыплома — “Рэпрэзентацыя нацыянальных канцэптаў радасці і смутку ў рускай і кітайскай мовах”. Праводжу супастаўляльны аналіз дзвюх моў.

Будучы ўрач Васіліса Буздалкіна — дыпламант рэспубліканскіх конкурсаў навуковых работ студэнтаў. Студэнтка Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта мае 11 друкаваных работ. Яе хапае і на актыўны ўдзел у грамадскіх мерапрыемствах.

На рахунку студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Настассі Карнеевай — перамога ў намінацыі “Візуальнае святло” на міжнароднай выставе сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў “Грані творчасці”, на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Архнавацыя” ў намінацыі “Архітэктурнае макетаванне”. Дзяўчына ўдзельнічае ў аглядах-конкурсах па до­браўпарадкаванні дваровых тэрыторый, у добраахвотніцкіх акцыях па аднаўленні і даследаванні помнікаў архітэктуры.

— Маё правіла па жыцці — рабіць усё своечасова, — гаворыць дзяўчына. — Напэўна, таму і паспяваю многа. Яшчэ трэба не баяцца, бо заўсёды можна знайсці падтрымку. Мы павінны працягваць адно аднаму руку дапамогі.

Неаднойчы станавіўся ўдзельнікам рэспубліканскіх студэнцкіх навукова-практычных канферэнцый, Тураўскіх епархіяльных адукацыйных чытанняў Вадзім Прыходзька — студэнт Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Юнак мае пяць навуковых публікацый і з’яўляецца адным з аўтараў гісторыка-біяграфічнага праекта “Дзеці вайны”, які летась прызналі лепшым на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

Хтосьці з юных талентаў пакуль разважае, як распарадзіцца прэміяй, а вось Маргарыта Краўчанка ўпэўнена, што выкарыстае бонус выключна для адукацыі. Яе, гаворыць, мала не бывае:

— Я лічу, што ўкладваць грошы трэба ў анлайн-адукацыю: мне цяпер вельмі цікава заняцца таргетынгам у сацыяльных сетках. Буду вучыцца.

Гэта — наш авангард, наша будучыня, — начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Смірноў з гонарам глядзіць на юных, прыгожых і таленавітых. — Мы адсочваем шлях нашых зорачак, якія загараюцца яшчэ ў школе. Дзяржава ўсё робіць, каб падтрымаць такіх дзяцей. Адміністрацыя вобласці падстаўляе плячо такой моладзі, каб у перспектыве ўдасканальваць прамысловы, навуковы і вучэбны патэнцыял рэгіёна.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.