Пётр Апановіч: «Марафон адзінства» аб’ядноўвае нас у павазе да дзяржаўных сімвалаў, любові да Айчыны і малой радзімы

- 13:03Марафон единства, Новости

Адзін з самых маладых беларускіх гарадоў, дзе званне першабудаўніка ў ліку найшаноўнейшых, а трэць насельніцтва складае моладзь, змог пераканаць арганізатараў “Марафону адзінства” на два дні змяніць маршрут! Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Па словах старшыні гарвыканкама Ігара Бурмістрава, гэта быў калектыўны запыт жыхароў горада:

— Новапалачане — актыўныя, працавітыя, жыццярадасныя людзі. Мы старанна рыхтаваліся, і нам прыемна, што свята прыйшло да нас. Ды яшчэ напярэдадні старога Новага года: выдатны, сімвалічны падарунак! Заўсёды гатовы прымаць такія падзеі, бо толькі адзінства, згуртаванасць, патрыятызм, любоў да Радзімы і выбранай справы — надзейны падмурак будучыні. Наша краіна выбрала свой мірны шлях развіцця, за 30 гадоў пад кіраўніцтвам нацыянальнага лідара ператварылася ў квітнеючую, моцную. Мы разам нацэлены рабіць усё, каб Беларусь працягвала развівацца. Мы адзіныя, час выбраў нас.

Мерапрыемствы народнага марафону разгарнуліся на 16 асноўных лакацыях: цікавыя выставы і знакавыя сустрэчы, новыя знаёмствы і перспектыўныя кантакты, канцэрты, майстар-класы, масавая акцыя “Гэта мая краіна” на плошчы Будаўнікоў і, канечне ж, традыцыйныя “НЕсумныя НЕлекцыі” з Кацярынай Пятруцкай — іх пляцоўкамі сталі Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны і Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледжы. Адметна, што поруч з намеснікам міністра адукацыі спікерамі выступілі выхадзец з педагагічнай наваполацкай сям’і і знакаміты спартсмен, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў і рэктар ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай Юрый Раманоўскі, які, дарэчы, працоўную дзейнасць пачынаў у каледжы, дзе выкладаў матэматыку.

— Заўсёды выбірайце сваё, роднае, — звярнулася да моладзі Кацярына Пятруцкая. — У нацыянальным кодзе беларусаў, нашай культуры ляжыць прыказка, якую ўсе ведаюць з дзяцінства: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Дома як нідзе больш цябе любяць, шануюць, паважаюць, падтрымліваюць, даюць магчымасць развівацца і стаць тым, кім марыш. Вельмі важна для кожнага з нас рабіць правільны выбар, актыўна ўдзельнічаць у жыцці роднай краіны, несці адказнасць за яе лёс. Памятайце: вы патрэбны Радзіме!

Начальнік аддзела па адукацыі Наваполацкага гарвыканкама Пётр Апановіч адзначыў:

— Мы шчаслівыя ў родным горадзе прымаць і далучыцца да “Марафону адзінства”. У адукацыйным ключы, асабліва ў плане грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, гэта неацэнны рэсурс. Не кожны дзень ёсць час з’ездзіць у сталіцу на выставы і ў музеі,  а тут — калі ласка, побач: з дзецьмі прыйшлі, даведаліся новае, прасякнуліся незвычайнай энергетыкай і пазітыўным настроем! Таксама надзвычай каштоўна для дарослых, педкалектываў. Землякі, госці горада ў сацыяльных сетках выкладваюць фота, з гордасцю пішуць: “Мы на “Марафоне адзінства”. Проста па вуліцах ідзеш і бачыш: насамрэч свята для людзей! Нават ветэраны педагагічнай працы скаапераваліся і дружна разам паўдзельнічалі ў мерапрыемствах, наведалі выставы. “НЕсумныя НЕлекцыі” — класная форма работы з навучэнцамі: мы ўбачылі, якія эфектыўныя прыёмы ўзяць у практыку, чаму павучыцца. Хачу выказаць меркаванне, што гэтую акцыю неабходна зрабіць пастаяннай. Нашы педагогі, усе новапалачане так лічаць. Даў наш Прэзідэнт у Дзень народнага адзінства пачатак — і трэба працягваць, бо гэта добра для людзей і аб’ядноўвае нас у павазе да дзяржаўных сімвалаў, любові да Айчыны і малой радзімы, роднай краіны і сям’і.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара