Пытанне абмену не знімаецца з павесткі дня

Магчымыя далейшыя крокі па абмене ўтрымліваемымі асобамі абмяркоўваліся на пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы (ТКГ) па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны ў Мінску. Аб гэтым 31 студзеня паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ ў ТКГ Марцін Сайдзік.

“Рабочая група па гуманітарных пытаннях яшчэ раз адзначыла абмен утрымліваемымі асобамі ў канцы снежня мінулага года як вялікае дасягненне. У прысутнасці Віктара Медзведчука група абмеркавала далейшыя крокі”, — сказаў Марцін Сайдзік.

Адным з асноўных пытанняў эканамічнай рабочай групы было аднаўленне работы аператара мабільнай сувязі Vodafone ва Украіне на тэрыторыі АРДВ (Асобныя раёны Данецкай вобласці). “Бакі згадзіліся, што гэта жыццёва важна для грамадзянскага насельніцтва. Неабходна тэрмінова знайсці рашэнне — гэта сапраўды комплексная праблема, — адзначыў дыпламат. — Акрамя таго, удзельнікі эканамічнай групы прадоўжылі абмеркаванне пытанняў водазабеспячэння ў сістэмах “Карбаніт” і “Вада Данбаса”, пагашэння запазычанасці былым супрацоўнікам Украінскай чыгункі ў АРДВ і АРЛВ. Таксама абмяркоўваліся пытанні экалагічнай бяспекі, звязаныя з затапленнем вугальных шахт у зоне канфлікту”.