Беларускай эканоміцы трэба ісці па шляху развіцця біятэхналогій. Гэта адзначыў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч, які 19 кастрычніка прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды адкрыцця навукова-даследчага цэнтра фармпрадпрыемства СТАА “Націвіта” ў Бешанковічах.
Міхаіл Мясніковіч пахваліў кіраўніцтва прадпрыемства. “Завод яшчэ не ўвялі ў эксплуатацыю, а шэраг прэпаратаў ужо зарэгістраваны і рэалізоўваецца на беларускім рынку. Працэс запушчаны. Будуць новыя магутнасці, з’явяцца новыя прэпараты, у першую чаргу з лінейкі імпартазамяшчэння, — сказаў спікер. — Пералік прадукцыі, якая выпускаецца, будзе істотна пашырацца, бо тут не толькі хімічны сінтэз, але і біятэхналогіі. Гэта ў цэлым добры напрамак для беларускай эканомікі. Калі пры невысокай энерга- і матэрыялаёмістасці маем вялікую ўдзельную вагу дабаўленай вартасці за кошт інтэлектуальнага ўкладу”.
Цяпер айчынныя лякарствы складаюць 52—53 працэнты ад агульнага аб’ёму рэалізацыі на ўнутраным рынку. “Дзякуючы такім партнёрскім прадпрыемствам, гэтая ўдзельная вага будзе значна павялічана. Тут трэба, каб было правільнае разуменне: у вытворчасці лякарстваў няма неабходнасці ўсё рабіць самім. Нам трэба рабіць высакакласную прадукцыю, якая ідзе і на ўнутраны рынак і з’яўляецца прадметам экспарту”, — сказаў спікер.
Ён падкрэсліў, што імпартазамяшчэннем трэба займацца вельмі сур’ёзна. “Вырабляючы пэўныя лекавыя прэпараты, няхай нават не па поўным тэхналагічным цыкле, а на базе вядомых субстанцый, на рынку з’яўляецца беларускі канкурэнт, існаванне якога сур’ёзна ўплывае на цэны на лякарствы. Замежныя партнёры бачаць, што яны не могуць праз манаполію цэн дамінаваць на беларускім рынку, і вымушаны ісці на зніжэнне. Такім чынам, гэта яшчэ і сацыяльная палітыка. Пытанне імпартазамяшчэння вельмі актуальнае”, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Прадаўжаючы тэму імпартазамяшчэння, Старшыня Савета Рэспублікі дадаў, што ставіцца да гэтага пытання крыху стрымана. “Не ўсё мы можам рабіць, ды і не трэба імкнуцца на ўсе 100 працэнтаў закрываць унутраную патрэбнасць. Нам трэба вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю, прадаўшы на знешніх рынках частку з якой, можна прыкупіць тое, што не робіцца ў сябе”, — перакананы Міхаіл Мясніковіч.
Фармкампанія “Націвіта” — завод па вытворчасці прэпаратаў для лячэння злаякасных пухлін, а таксама шэрага аўтаімунных і цяжкіх інфекцыйных захворванняў.