Пытанні мадэрнізацыі — пытанні развіцця

Дзяржава павінна падтрымліваць прадпрыемствы, якія прайшлі глыбокую мадэрнізацыю. Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч перад пасяджэннем Брэсцкага аблвыканкама.

Паводле слоў спікера, пытанні мадэрнізацыі — гэта пытанні развіцця. Яны вырашаюцца не без праблем, асабліва ў частцы пагашэння і абслугоўвання крэдытных рэсурсаў, якія выдзяляліся на мадэрнізацыю. “Безумоўна, тут ёсць і аб’ектыўныя прычыны, паколькі прадпрыемствы, якія ўвайшлі ў глыбокую мадэрнізацыю, былі ў вельмі цяжкім становішчы. Цяпер яны вымушаны працаваць яшчэ і па вяртанні крэдытаў або іх абслугоўванні. Нічога дрэннага няма, калі дзяржава акажа ім адпаведную падтрымку і па абаротных сродках, і ў пагашэнні працэнтаў па крэдытах, і па вяртанні самога крэдыту. Працэнтныя стаўкі даволі высокія, і няма віны прадпрыемстваў, якія ўзялі крэдыты на мадэрнізацыю. Гэта сістэмная праблема, і ў яе вырашэнні павінны ўдзельнічаць усе, а не толькі тыя, хто ўзяў гэтыя крэдыты”, — лічыць Міхаіл Мясніковіч.
Кіраўнік Савета Рэспублікі мае намер даведацца аб меркаванні практыкаў, якія працуюць на вытворчасці, у інтарэсах якіх ажыццяўляецца ўдасканаленне нацыянальнага заканадаўства. “Мы ў Савеце Рэспублікі падтрымліваем прапанову ўрада аб неабходнасці нават у 2015 годзе прыняць шэраг новых законаў, якія забяспечваюць належны ўзровень суправаджэння эканомікі, асабліва ў тым, што тычыцца новых падыходаў, у тым ліку рэфармавання сістэмы кіравання”, — паведаміў ён.
Што тычыцца Брэсцкай вобласці, то да аб’ёмаў мадэрнізацыі, якая выконваецца на аб’ектах Брэсцкай вобласці, да рэгіёна сур’ёзных прэтэнзій няма. Пытанне ў тым, наколькі эфектыўна працуюць прадпрыемствы, якія з удзелам або пры падтрымцы дзяржавы ажыццявілі мадэрнізацыю.
Так склалася, што Брэсцкая вобласць мае адзін з самых нізкіх паказчыкаў па аб’ёмах прамысловай вытворчасці ў структуры валавога ўнутранага прадукту. Пры гэтым у даволі цяжкім становішчы знаходзяцца прамысловыя прадпрыемствы, размешчаныя ў раённых цэнтрах і невялікіх гарадах. “Бачыцца, што мэтазгодна было б гэтыя прадпрыемствы перадаваць у камунальную ўласнасць і на базе іх ствараць пэўныя кластары, у тым ліку з удзелам замежнага капіталу, для таго каб павысіць іх тэхнічныя паказчыкі і забяспечыць належнае развіццё. Гэта таксама ключавая задача”, — адзначыў старшыня Савета Рэспублікі.