Пытанні набору ў армію разгледзіць Савет Бяспекі

Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Ваеннай Акадэміі заклікаў курсантаў да нефармальнага дыялогу і адказаў на іх пытанні і прапановы.

Беларусь гатова да дыялогу з НАТА на прынцыпах парытэтнасці і празры­с­тасці, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам акадэміі.

“Як суверэнная дзяржава Беларусь гатова да канструктыўнага дыялогу, у тым ліку з Паўночнаатлантычным блокам на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці. Мы сябе не адгароджваем ні ад каго. Мы гатовы весці гэты дыялог”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць свае інтарэсы, і яны павінны паважацца партнёрамі і тымі, хто хоча супрацоўнічаць з краінай.

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што чакае ад роты інфармацыйных тэхналогій Ваеннай акадэміі практычных вынікаў, у тым ліку пашырэння распрацовак на экс­парт.

“Нам патрэбны вынік. Гэта можа або загінуць за непатрэбнасцю і адсутнасцю выніку, або ж ператварыцца ў вельмі добрае зерне, якое прарасце і дасць добры вынік. Таму нельга загубіць тое, што тут задумана. Вядома, гэта перш за ўсё для арміі. Але трэба ствараць такі прадукт, які можна будзе і прадаць. Вы павінны прадаваць не толькі на ўнутраным рынку, але і на знешнім — экспартам займацца”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён даручыў, каб яшчэ больш зацікавіць у развіцці гэтага напрамку дзейнасці, атрыманыя ад экспарту ІТ-паслуг сродкі пасля выплаты неабходных падаткаў пакідаць у распараджэнні акадэміі і самога падраздзялення.

“Трэба рабіць усё, каб гэтая ідэя не загінула ў зародку. І з ПВТ працуйце больш цесна. Будуць дапамагаць і павінны дапамагаць”, — дадаў беларускі лідар.

Беларусь і Расія заўсёды будуць разам, колькі б ні сварыліся і ні спрачаліся, як падкрэсліў у час размовы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Аляксандр Лукашэнка.

“Гэта наш асноўны саюзнік. Мы заўсёды будзем разам, колькі б мы ні сварыліся, ні спрачаліся”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў адносінах дзвюх краін быў перыяд, калі ўзнікалі складанасці і ў сферы ваеннай адукацыі: беларускіх ваеннаслужачых, якія вучыліся ў Расіі, прыраўноўвалі да замежных спецыялістаў. Было гэта яшчэ на заранку стварэння Ваеннай акадэміі Беларусі. Але хутка гэтыя пытанні былі вырашаны. “Коп’і ламаліся асабліва пры стварэнні акадэміі. Я раз падышоў да гэтага пытання, другі раз, а потым думаю: “Будзем сваіх рыхтаваць, створым сваю акадэмію”, — расказаў кіраўнік дзяржавы.


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на шэраг пытанняў прадстаўнікоў асабовага складу Ваеннай акадэміі.

Так, кіраўнік дзяржавы выказаў апасенні аб магчымым размяшчэнні ў Еўропе ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў сувязі з сітуацыяй вакол ДРСМД. Прэзідэнт адзначыў, што адпаведная тэма ў тым ліку абмяркоўвалася ў час яго сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. “Яго пазіцыя практычна нічым не адрозніваецца ад той пазіцыі, якую выкла­даюць у СМІ”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што верыць расійскаму боку ў тым, што ён не парушаў адпаведны дагавор, а калі на Захадзе заяўляюць пра гэта, спрабуе знайсці адказ на абвінавачанні ў бок Расіі. “Але інфармацыі ў гэтым плане ў мяне няма. Яна схавана. Яе ведае абмежаванае кола людзей”, — заўважыў беларускі лідар.

Што тычыцца патэнцыяльнай пагрозы для бяспекі Беларусі, прэзідэнт падкрэсліў, што “гэта катастрофа, асабліва для нас”. Паводле яго слоў, існуе меркаванне, што выхад ЗША з ДРСМД у тым ліку накіраваны супраць Кітая, які валодае такой зброяй, але не ўдзельнічаў у дагаворы. “Вядома, гэтымі ракетамі цераз Ціхі акіян не запусціш і ўдар па Амерыцы не нанясеш. Амерыканцы перажываюць перш за ўсё за сваіх саюзнікаў у раёне Ціхага акіяна — Карэю, Японію, свае амерыканскія базы, якія там створаны”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Але я баюся таго, што амерыканцы скарыстаюцца момантам: сарвалі гэты дагавор — і размесцяць ракеты ў Еўропе. Вось тут ужо мала не здасца і нам. Таму нам трэба будзе разам з Расіяй думаць пра меры ў адказ. Ад гэтага нікуды не дзенешся, калі гэта адбудзецца. А горш будзе, калі гэтыя ракеты будуць размешчаны (не дай бог, гіпатэтычна) на тэрыторыі Украіны. Таму мой адказ адназначны: я катэгарычна супраць (разрыву ДРСМД. — Заўвага БелТА.). Мы пры­хільнікі міралюбівай палітыкі. Нам не па­трэбны гэтыя разборкі вялікіх дзяржаў, ад якіх, зыходзячы з гісторыі, мы заўсёды цярпелі. Таму нам не патрэбна гэтая бойня, бойка, асабліва цяпер вакол Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што НАТА ўсё ж такі можа пайсці на размя­шчэнне такіх ракет у Еўропе: “Мне здаецца, хоць Паўночнаатлантычны альянс заяўляе пра тое, што не збіраецца размяшчаць у Еўропе гэтыя ракеты, гэта проста блеф. У адваротным выпадку, навошта выходзіць. Навошта было разбураць гэты дагавор? Трэба было дагаворвацца з Кітаем і падключаць яго (да дагавора. — Заўвага БелТА.), калі размова пра Кітай”.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь не займаецца тайнай дыпламатыяй, і такой задачы не ставіцца ні перад работнікамі пасоль­стваў, ні перад ваеннымі аташэ.

Прэзідэнт заявіў, што цяпер не той час і трэба працаваць іншымі метадамі. А беларускія дыпламаты за мяжой і ваенныя аташэ ў першую чаргу арыентаваны на развіццё гандлёва-эканамічных адносін.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі няма раздзялення паміж палітычнай і эканамічнай дыпламатыяй, МЗС курыруе абодва гэтыя напрамкі. “Ёсць у нас і ваенныя аташэ, але не шмат і не ў кожнай краіне, — ваенныя дыпламаты, якія ажыццяўляюць кантакты ў ваеннай сферы”, — адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, зразумела, неабходна, наколькі гэта магчыма, бачыць, ведаць, што адбываецца ў той ці іншай краіне. І дыпламаты шэрага дзяржаў, ваенныя аташэ сапраўды займаюцца і разведкай, і шпіянажам, аднак такія задачы ў мірны час перад беларускімі дыпламатамі не ставяцца, як запэўніў Аляксандр Лукашэнка. “Калі будзе абвастрэнне, на гэты выпадак у нас дыпламатыя ўзмоцніцца. Можа, і тайная дыпламатыя”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Тэма набору ў армію будзе абмеркавана на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі, пра што, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў асабовага складу Ваеннай акадэміі, заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

“Цяпер будзем на Савеце бяспекі разглядаць праблему набору ў армію”, — сказаў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што цяпер, напрыклад, існуе вялікая колькасць медыцынскіх падстаў для атрымання адтэрміноўкі. Пры гэтым размова не толькі пра сур’ёзныя захворванні, але і пра нейкія нязначныя парушэнні. “З плоскаступнёвасцю не бяруць, касавокі — не прыдатны…” — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

“Мы цяпер паглядзім, вызначым тыя хваробы, з-за якіх служыць у арміі не могуць, — сказаў прэзідэнт. — Паглядзім з цягам часу і па тэрмінах службы, і па іншых напрамках”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што армейскую школу так ці інакш трэба прайсці практычна ўсім. У тым ліку кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным праводзіць кароткатэрміновыя прызывы і ў гады вучобы ў цывільных УВА, каб студэнты маглі асвоіць некаторыя элементарныя рэчы ў плане ваеннай падрыхтоўкі. “Якая б армія ні была ў нас, але гэта школа. Чалавек павінен служыць у арміі. Гэта зусім іншы чалавек пасля арміі. І спорт — гэта аснова ўсяго”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама заявіў, што цяпер сур’ёзна думае над вяртаннем у Беларусі нечага падобнага да нарматываў ком­плексу ГПА. І ў цэлым размова ідзе пра неабходнасць больш актыўнага фізічнага і працоўнага выхавання дзяцей і моладзі, у першую чаргу ў школах.