“Ганаровае званне — абаронца Айчыны” — пад такой назвай адбылася сустрэча, на якой вучні сярэдняй школы № 223 Мінска разам з ветэранамі ваенных дзеянняў у Афганістане разважалі пра свой абавязак перад Радзімай. Інфармацыйная гадзіна прайшла 28 лютага ў межах праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”.
— Аяк салдаты выбіраюць дзе служыць? Вось, напрыклад, у лётчыкі можна трапіць? — сур’ёзна спытаў адзін з вучняў у зале.
Распарадак дня і асабістыя якасці салдата, цяжкасці службы і выкараненне неўстаўных адносін — на сустрэчы можна было задаць любое пытанне пра ваенную справу і атрымаць адказы ад тых, у каго за плячыма вялікі вопыт. Пра сучасную армію школьнікам расказвалі прадстаўнік факультэта Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі маёр Віктар Леанідавіч Буяноўскі і ваенны камісар Партызанскага раёна Мінска палкоўнік Алег Уладзіміравіч Рагацень.
Асабліва эмацыянальна прагучалі ўспаміны пра службу ветэрана вайны ў Афганістане Сяргея Васільевіча Міхайлава. На шчырае пытанне “Ці страшна было?” удзельнік ваенных дзеянняў прызнаўся: “Страшна”.
— Мы былі выхаваны на подзвігах нашых бацькоў і дзядоў, што абаранялі краіну ў Вялікую Айчынную вайну, — патлумачыў намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане “Памяць” палкоўнік Сяргей Паўлавіч Галубоў. — Таму не маглі не імкнуцца, як яны, выканаць свой абавязак і пісалі рапарты з просьбай накіраваць нас у Афганістан.
Пра сваю службу расказалі таксама дырэктар школы Генадзь Альбертавіч Бяляўскі і настаўнік працоўнага навучання ветэран ваенна-паветраных сіл Мікалай Пятровіч Ныркоў. Здаецца, вучням было асабліва цікава паслухаць пра службу тых, каго яны штодзень бачаць у прывычным школьным жыцці.
Такія сустрэчы дапамагаюць рыхтаваць да службы будучых абаронцаў Айчыны і закладваюць уяўленні пра мужнасць, самаахвярнасць і адказнасць за лёс краіны.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.