Кіраўніцтву ААТ “Камволь” неабходна падрыхтаваць абгрунтаванне выдзялення дадатковых сродкаў на рэалізацыю інвестыцыйнага праекта на прадпрыемстве. Такое даручэнне даў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у час наведвання ААТ “Камволь”.
У ААТ адбылася нарада на чале з прэм’ер-міністрам, дзе сярод іншых аспектаў быў разгледжаны ход выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы па пытаннях мадэрнізацыі і развіцця прадпрыемства.
“Падрыхтуйце мне абгрунтаванне выдзялення дадатковых сродкаў, дзе будзе распісана па пунктах, на што пойдуць гэтыя грошы”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў, калі кіраўніцтва прадпрыемства далажыла, што для завяршэння інвестыцыйнага праекта неабходны дадатковыя сродкі з інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама.
Прэм’ер-міністр адзначыў, што на “Камволі” праведзена сур’ёзная мадэрнізацыя, забяспечана магчымасць вытворчасці 6 млн паг. м тканін у год. “Выканана, на жаль, не ўсё, фінішная аперацыя, звязаная з апрацоўкай тканін, патрабуе заканчэння мадэрнізацыі. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца ў першай палове 2016 года — не пазней”, — падкрэсліў ён.
Ёсць праблемы і ў частцы рэалізацыі прадукцыі. “Мы спачатку трацім грошы, а потым пачынаем актыўна шукаць спажыўцоў прадукцыі, хоць відавочна, што пытанні рэалізацыі тавару ключавыя. Сапраўды, праведзена вялікая работа тэхналагічных службаў па падрыхтоўцы цалкам новага якаснага асартыменту, які павінен быць запатрабаваны, і ў першую чаргу нашымі нацыянальнымі швейнікамі. Але пакуль тут не ўсё спрацоўвае. Таму, перш чым прымаць канчатковае рашэнне і па фінансавых пытаннях, і па пытаннях завяршэння рэканструкцыі, мы павінны сур’ёзна прыбавіць менавіта ў гэтай частцы”, — канстатаваў прэм’ер-міністр.
Паводле яго слоў, усе тэхналагічныя магчымасці для гэтага ёсць, самае сучаснае абсталяванне ўстаноўлена. “Умовы работы, калі параўнаць кадры трохгадовай даўнасці, калі тут быў кіраўнік дзяржавы, і сёння, відавочна адрозніваюцца. Але, на жаль, няма загрузкі, няма эканамічных паказчыкаў, а гэта галоўны ацэначны крытэрый. Таму ёсць пэўнае незадавальненне ад вынікаў, але перспектыва вырашыць гэтыя пытанні прысутнічае”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.
Для прадпрыемства важнымі пытаннямі з’яўляюцца фарміраванне новага асартыменту якаснай канкурэнтаздольнай прадукцыі і яе хуткае прасоўванне на ўнутраны і знешні рынак. Ужо ўкаранёна новае падрыхтоўчае абсталяванне для прадзільнай вытворчасці, матальныя аўтаматы, круцільныя машыны, ткацкія станкі. Прымяненне новага абсталявання дае магчымасць забяспечыць выпуск больш тонкай паўшарсцяной грабеннай пражы для выпрацоўкі тканін касцюмна-плаццевага асартыменту.
Таксама на прадпрыемстве паведамілі, што праведзены дэталёвы аналіз структуры запасаў гатовай прадукцыі на складах і распрацаваны план мерапрыемстваў па іх зніжэнні да канца года.