Рабі дабро!

Вучні сярэдняй школы № 8 Гродна ўзялі ўдзел у раённай дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды” і рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.

Сярэдняя школа № 8 Гродна штогод актыўна ўдзельнічае ў акцыях, прымеркаваных да навагодніх і калядных свят. На працягу снежня школьнікі праводзяць збор спартыўнага інвентару, канцылярскіх тавараў, прадметаў для мастацкай творчасці, настольных гульняў, цацак, кніг для дзяцей.

Сімвалам акцыі “Цуды на Каляды” традыцыйна з’яўляюцца чырвоныя рукавічкі, што адлюстроўваюць імкненне валанцёраў атуліць клопатам і ўвагай дзяцей у гэтыя святочныя дні. Вучні школы падтрымалі акцыю і шылі чырвоныя рукавічкі, якія напаўнялі прысмакамі. Падчас акцый было сабрана дзевяноста скрынак храбрасці і больш за восемдзесят чырвоных рукавічак. Яны былі перададзены прадстаўнікам сацыяльна-дабрачыннай установы “Цэнтр ПАРА”, кіраўніку сацыяльных праектаў Але Сяргееўне Лышчык і фандрайзару Алесі Анатольеўне Баклага ў час ранішніка, арганізаванага валанцёрамі нашай школы для вучняў 1—4 класаў. Наша школа з “Цэнтрам ПАРА” супрацоўнічае на працягу трох гадоў.

— Ужо 28 снежня гэтыя падарункі будуць перададзены дзецям у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў вёсцы Бараўляны, — адзначыла Ала Сяргееўна Лышчык. — Выказваем словы падзякі ўсім вучням, якія падтрымалі нас у гэтых акцыях. Дзецям, што вядуць змаганне з анкалогіяй, вельмі патрэбна падтрымка. Таксама дзякуем адміністрацыі школы, педагогам і бацькам за выхаванне самых светлых чалавечых якасцяў у прадстаўнікоў будучага пакалення.

Цёплыя словы адміністрацыі школы і навагоднія віншаванні ад гасцей стварылі атмасферу навагодняга чараўніцтва і казкі. Няма нічога больш прыемнага, чым пабыць у ролі Дзядулі Мароза і зрабіць падарунак дзіцяці, якое так чакае навагодняга цуду.

Сняжана КІСЯЛЁВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 8 Гродна.