Рабі дабро не дзеля чагосьці, а ад сардэчнай чысціні

- 16:52Нам пішуць

15 мая 2018 года, у Міжнародны дзень сям’і, у Навагрудскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася духоўна-асветніцкая сустрэча “Сям’я — гэта вечная каштоўнасць” для бацькоў школьнікаў горада.

Мерапрыемства прайшло ў рамках творча-асветніцкага праекта “ДАР” сярэдняй школы № 1 Навагрудка праваслаўнага сястрыцтва ў гонар святога апостала Іаана Багаслова і храма святых Кірыла і Мяфодзія. Дэвіз праекта — “Дары дабро, і зло знікне само сабою”, галоўная ідэя — “Рабі дабро не дзеля чагосьці, а ад сардэчнай чысціні”. Мы праводзім творчыя, працоўныя, дабрачынныя мерапрыемствы, каб скіраваць увагу на пытаннях духоўна-маральнага выхавання, заснаванага на праваслаўных традыцыях беларускага народа.

У фае Дома культуры былі арганізаваныя выставы дзіцячых малюнкаў, сямейнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці, літаратуры па пытаннях выхавання дзяцей. Спецыялісты Навагрудскага раённага цэнтра народных рамёстваў і педагог працоўнага навучання Алёна Паўлаўна Сусла правялі майстар-класы па вырабе арыгінальных сувеніраў з самых звычайных матэрыялаў. Выхаванцы лялечнага гуртка-тэатра “Батлейка” пад кіраўніцтвам Ніны Аляксандраўны Пашкевіч паказалі павучальную казку “Пеўнік”.

У актавай зале бацькоў віталі творчыя калектывы, настаўнікі, святары Навагрудскага благачыння, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама.

Благачынны цэркваў Навагрудскай акругі протаіерэй Анатоль Герасімук прывёў жахлівую статыстыку распаду традыцыйных сем’яў у Беларусі, а святар храма святых Барыса і Глеба айцец Ігар прапанаваў шляхі захавання сям’і. Настаяцель храма святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія протаіерэй Вадзім Кузьміч пагутарыў з прысутнымі пра ахвярную любоў — асноўны арыенцір для ўзаемаадносін дзяцей і бацькоў у сям’і. Вядома, было над чым задумацца.

Тэму працягнулі літаратурна-музычная кампазіцыя навучэнцаў 1 і 2 класаў, прытча “Любоўю за любоў”, сацыяльны ролік “Прывіўка любові”, кліп “Сям’я – гэта…”, зняты намаганнямі школьнай відэастудыі “Вытокі” пад кіраўніцтвам Наталлі Вячаславаўны Клок. Сем’і Кахарэвічаў, Цялегіных, Супрановічаў падрыхтавалі творчыя прэзентацыі, паказалі, як захоўваюць у сям’і ўзаемную любоў і павагу, добрыя традыцыі.

Пагутарылі і пра досвед усынаўлення і стварэння замяшчальных сем’яў у Навагрудскім раёне. Чацвёра навучэнцаў нашай школы выхоўваюцца ў апякунскіх сем’ях, а двое пражываюць у дзіцячым доме сямейнага тыпу.

Напрыканцы сустрэчы ўсе ўдзельнікі разам выканалі песню “Свет”. Мы пажадалі бацькам, каб у кожным доме, кожным сэрцы гарэла святло душы і Хрыстовай любові!

Наталля Генадзьеўна МАРЦУЛЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 1 Навагрудка,
Наталля Вячаславаўна КЛОК,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 1 Навагрудка.