Рабі, як я, і лепш за мяне

- 14:01Адукацыйная прастора

“Адукацыйная прастора мегаполіса: актуальныя пытанні, дасягненні і інавацыі” — пад такой назвай у Заводскім раёне сталіцы на базе сярэдняй школы № 186 прайшла канферэнцыя педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. На ёй былі абмеркаваны пытанні метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу, пошуку і прыцягнення грашовых сродкаў для рэалізацыі педагагічных праектаў, эфектыўныя метады і прыёмы работы з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці, традыцыйныя і новыя падыходы ў рабоце школьных бібліятэк і інш. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дырэктар сярэдняй школы № 186 Максім Баравік.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Пятыя ў горадзе

Па словах намесніка начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Наталлі Атрошчанка, сістэма адукацыі раёна прадстаўлена 106 установамі адукацыі. Кантынгент навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі за апошнія тры гады павялічыўся на 2496 чалавек (2018 — 19 417, 2020 — 21 913 дзяцей). Калектыў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прадстаўлены вопытнымі педагогамі: ад 10 і звыш 15 гадоў працуюць 54% спецыялістаў. Штогод педагогі атрымліваюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Актыўна працуюць у гэтым напрамку гімназіі №№ 14, 25, сярэднія школы №№ 210, 162 і інш. Два педагогі з сярэдніх школ № 142 і № 144 зараз рыхтуюцца да здачы экзамену на кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. На апошнім гарадскім конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” 1 работа ўдастоена прэміі Мінгарвыканкама (сярэдняя школа № 131) і 2 — грантаў (дашкольная ўстанова № 437 і ЦКРНіР). У 2019 годзе калектыў “Дударыкі” гімназіі № 14 адзначаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Педагогі сярэдняй школы № 210 Ю.Кашырава і гімназіі № 14 А.Долбік, І.Яцына з’яўляюцца аўтарамі дыстанцыйных вучэбных блогаў для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 200 К.Яфіменка стала пераможцай у намінацыі “Калі цябе разумеюць” і членам гарадской каманды ўдзельнікаў рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2020”.

У раёне праводзіцца эфектыўная работа з маладымі спецыялістамі. Паказчыкам яе выніковасці з’яўляецца прафесійнае станаўленне маладога педагога. Так, у 2018 го­дзе настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 43 Ю.Кузакова стала ўладальніцай дыплома І ступені гарадскога конкурсу “Мы — маладыя”. На сёлетнім конкурсе два педагогі прадставілі раён. Акрамя таго, шэраг устаноў адукацыі раёна ўдзельнічае ў эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. У раёне працуюць рэсурсныя цэнтры па кіраўніцкай дзейнасці (пачатковая школа № 39, сярэдняя школа

№ 68), прадметнай накіраванасці (гімназіі №№ 14, 21, сярэдняя школа № 5), па інфармацыйных тэхналогіях (гімназія

№ 21), па выхаваўчай рабоце (сярэдняя школа № 68, гімназія № 14).

Метадычная сетка Заводскага раёна прадстаўлена 33 раённымі метадычнымі фарміраваннямі, якія забяспечваюць метадычнае суправаджэнне на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, што на 13% больш у параўнанні з двума папярэднімі навучальнымі гадамі. Акрамя таго, установы адукацыі раёна з’яўляюцца пляцоўкамі гарадскога і міжраённага метадычнага аб’яднання. У 2020/2021 навучальным годзе ў раённай сетцы адбыліся значныя змяненні: скарацілася колькасць міжраённых метадычных аб’яднанняў: былі 3, стала 1 у сувязі з рэарганізацыяй міжраённых у гарадское метадычнае аб’яднанне і раённы пастаянна дзеючы семінар. Так, пачалі дзейнічаць гарадское метадычнае аб’яднанне настаўнікаў французскай мовы (на базе сярэдняй школы

№ 109) і пастаянна дзеючы семінар для настаўнікаў пачатковых класаў па прадмеце “Выяўленчае мастацтва” (на базе сярэдняй школы № 200). Для каардынацыі дзейнасці педагогаў, якія выкладаюць чарчэнне, арганізавана работа творчай групы, якая выпрацоўвае адзіныя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу ў 10 класе. З мэтай вывучэння эфектыўнага вопыту настаўнікаў, якія выкладаюць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні, арганізаваны пастаянна дзеючы семінар “Рабі, як я, рабі лепш за мяне”.

— У раёне створана сістэма метадычнай работы, арыентаваная на развіццё прафесійных кампетэнцый педагогаў. Паспяховасць яе вызначаецца актыўным удзелам педагогаў у гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах па абагульненні і распаўсюджванні эфектыўнага педвопыту, а таксама 5-м месцам раёна ў горадзе па рэйтынгавай ацэнцы дзейнасці мясцовых органаў упраўлення адукацыі па выніках 2020 года, — падкрэсліла Н.М.Атрошчанка.

Розным педагогам — розныя формы ўдасканалення

Раённая метадычная сетка цесна інтэгравана ў гарадскую. Аб асноўных напрамках арганізацыі метадычнай работы ў горадзе расказаў начальнік упраўлення і каардынацыі метадычнай работы МГІРА Анатоль Сячко. Сярод гэтых напрамкаў — каардынацыя метадычнай сеткі сталіцы ў перыяд паміж павышэннем кваліфікацыі; удасканаленне сістэмы работы метадычных фарміраванняў раёнаў шляхам узаемадзеяння адукацыйных структур сталіцы; метадычнае суправаджэнне дзейнасці розных метадычных фарміраванняў па вучэбных прадметах, арганізацыя і правядзенне маніторынгу іх дзейнасці; кансультаванне кіраўнікоў школьных, мішкольных, раённых, міжраённых і гарадскіх метадычных фарміраванняў; арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне конкурсаў прафесійнага майстэрства педагогаў, выстаў, алімпіяд, канферэнцый і інш.

— У апошнія гады вядуцца актыўныя пошукі новых, нетрадыцыйных форм метадычнай работы. Аднак самі па сабе, безадносна да зместу павышэння кваліфікацыі педагога, формы работы не могуць гарантаваць творчага падыходу, — падкрэсліў А.С.Сячко. — Ёсць меркаванне, што не варта дзяліць формы на новыя і старыя, сучасныя і несучасныя, паколькі кожная з іх адпавядае пэўнаму зместу. Любая традыцыйная форма можа быць актыўнай, калі яна правільна выкарыстоўваецца і рэалізуе інфармацыйную, арыентуючую і развіццёвую функцыі. Напрыклад, здавалася б, якой актыўнай формай работы з’яўляецца анкетаванне? Гэта так, калі яно праводзіцца фармальна. Але калі ёсць дакладнасць пабудовы ўсёй работы па прынцыпе “дыягностыка — аналіз”, то анкетаванне становіцца актыўнай формай работы.

У кожным калектыве, як вядома, працуюць розныя педагогі: у адных вопыт большы, у іншых — меншы, хтосьці любіць розныя навінкі і эксперыменты, хтосьці да новага адносіцца насцярожана, баючыся нашкодзіць дзіцяці, і прытрымліваецца ў рабоце класічных вобразаў. Гэта азначае, што формы прафесійных зносін і забеспячэння росту прафесійнага майстэрства будуць адрознівацца. І тут упраўленне кіруецца прынцыпам “Розным педагогам — розныя формы ўдасканалення майстэрства”.

Выбар форм правядзення пасяджэнняў метадычных фарміраванняў стаў больш разнастайным. Найбольш запатрабаваны пасяджэнні ў форме дзелавой гульні, творчай дыскусіі, метадычнага дыялогу, семінара-практыкуму з выкарыстаннем кейс-тэхналогіі, майстар-класа, панэльнай дыскусіі і інш. Для стварэння ўмоў для педагагічных зносін, павышэння прафесійнага майстэрства ў раёнах горада з’явіліся новыя формы арганізацыі метадычнай работы, такія як інтэрактыўная пляцоўка “Лесвіца поспеху” для настаўнікаў другой кваліфікацыйнай катэгорыі (стэйкхолдарства) у Заводскім, Кастрычніцкім, Савецкім і Цэнтральным раёнах, метадычны дыялог “Інавайцыйны інструментарый педагога ва ўмовах лічбавізацыі адукацыі” на базе Фрунзенскага раёна і інш.

Як расказаў Анатоль Сільвестравіч, метадыстам упраўлення каардынацыі метадычнай работы распрацавана новая мадэль метадычнага суправаджэння прафесійнага майстэрства педагогаў у перыяд паміж тэрмінамі павышэння кваліфікацыі. Навізна і арыгінальнасць мадэлі заключаецца ў тым, што стымулюючымі фактарамі прафесійнага развіцця з’яўляюцца варыятыўнасць у арганізацыі работы метадычных фарміраванняў, выбар нетрадыцыйных, інтэрактыўных метадаў і форм метадычнай работы, пераадольванне стэрэатыпаў і шаблонаў, нестандартныя падыходы да пабудовы метадычных мерапрыемстваў. Падчас апрабацыі ма­дэлі прадугледжваецца, што для педагогаў другой катэгорыі ў межах дзейнасці РМА будзе арганізавана флэш-настаўніцтва і правядзенне дуэтных заняткаў, дзе два настаўнікі аднаго прадмета змогуць прадэманстраваць эфектыўныя метадычныя прыёмы. Дыялагічныя зносіны настаўнікаў першай катэгорыі будуць садзейнічаць стварэнню атласа структурна-лагічных схем рэалізацыі зместу навучання. Настаўнікі вышэйшай катэгорыі і настаўнікі-метадысты будуць працаваць над падрыхтоўкай відэаўрокаў і інавацыйных адукацыйных праектаў. Распрацаваная мадэль метадычнага суправаджэння будзе садзейнічаць пабудове прадукцыйнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва паміж педагогамі ў межах рэалізацыі індывідуальнага маршруту прафесійнага росту.

З эфектыўным вопытам

У межах канферэнцыі яе ўдзельнікі падзяліліся сваімі лепшымі напрацоўкамі. Жаданне сумясціць камп’ютарнае захапленне дзяцей, скарэкціраваць галіну інтэрнэт-пошуку інфармацыі, даць уяўленне аб творчых асобах, пашырыць полікультурны кругагляд прывялі настаўніцу музыкі і мастацтва сярэдняй школы № 92 Мінска Людмілу Казакову да ідэі стварэння сайтаў, прысвечаных людзям мастацтва. Вынікам з’явіліся вэб-сайт “Мастацтва ў асобах”, суполка “Мастацтва ў асобах” на інтэрнэт-платформе “УКантакце” і відэагалерэя “Дамашні эрмітаж” на YouTube-канале, якія не маюць аналагаў на тэрыторыі нашай краіны.

У суполцы “Мастацтва ў асобах” у якасці структуры быў выбраны прынцып календара: паведамленне аб жыцці і творчасці той ці іншай асобы прымеркавана да даты яе нараджэння. Фотаздымкі, анонс выбітнага дзеяча адкрываюць паведамленне пра яго. Далей размяшчаюцца цікавыя факты з біяграфіі, творчага шляху з прыкладамі мастацкай спадчыны. Кантэнт рэсурсу інфармацыйны, нясумны, сціслы, адпавядае ўзросту навучэнцаў.

Вэб-сайт “Мастацтва ў асобах”, рускамоўны, прысвечаны шматнацыянальнаму мастацтву Беларусі, складаецца са старонак “Каляндар”, “Відэагалерэя”, “Анонс”, “Аб праекце”. Пераходзячы па спасылках старонкі “Каляндар”, карыстальнік знаёміцца з біяграфічнымі данымі творчай персоны, аформленымі ў выглядзе апавядання аб жыццёвым шляху з рэпрадукцыямі яе твораў і фотаматэрыяламі. Старонка “Відэагалерэя” ўтрымлівае аўтарскія відэапрэзентацыі, якія з’яўляюцца ілюстрацыяй творчасці прадстаўленага мастака. Сайт у канчатковым варыянце будзе ўяўляць сабой школьную рабочую энцыклапедыю вядомых персон Беларусі, яркіх прадстаўнікоў мастацтва нашай краіны.

Інтэрнэт-платформа “Дамашні эрмітаж” з’яўляецца скарбонкай аўтарскіх відэапрэзентацый. Яе выкарыстанне дазволіць выкарыстаць асабісты вопыт распрацоўшчыка, ажыццяўляць знаёмства з творчасцю мастакоў наведвальнікам канала розных узростаў.

Унікальнасць гэтых вэб-сайтаў у тым, што ў падрыхтоўцы кантэнту прымаюць удзел школьнікі, іх бацькі. Работа над імі вучыць дзяцей сцісласці падачы матэрыялу, раскрыццю тэмы, пошуку найбольш цікавых і рэдкіх фактаў і ілюстрацый. Пераважнымі з’яўляюцца прастата выкладання, разнажанравасць, культурная і нацыянальная мнагавектарнасць.

ХХІ стагоддзе — гэта стагоддзе новых тэхналогій і інфармацыі. Зараз, калі ў дзяцей ёсць тэлефоны, розныя гаджэты, неабмежаваны доступ у інтэрнэт, становіцца ўсё цяжэй зацікавіць навучэнцаў. Таму сучасны педагог знаходзіцца ў пошуку новых форм, метадаў, тэхналогій, якія ён змог бы эфектыўна прымяніць для сябе на ўроку, а самае галоўнае, каб усё гэта дало патрэбны вынік і аблегчыла падрыхтоўку да заняткаў.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 14 Мінска Кацярына Калода прапануе навучэнцам вывучаць біяграфію пісьменніка праз постар (слова “постар” (ад англ. Poster) азначае плакат або афішу рэкламнага характару). Педагог распрацавала інструменты, якія сталі ўніверсальнымі для кожнага пісьменніка: карта Беларусі, дзе вучні адзнача­юць месцы нараджэння і пражывання пісьменніка (малая радзіма заўсёды знаходзіць адлюстраванне ў творчасці аўтара); радаводнае дрэва (сям’я — той каштоўнасны арыенцір, які важны для кожнага пісьменніка); ступені адукацыі або запаўненне працоўнай кніжкі пісьменніка (гады і дзе працаваў), узнагароды і заслугі; стужка часу, на якой вучні адзначаюць самыя значныя творы аўтара або яго зборнікі. Выкарыстанне постараў дазваляе педагогу сфарміраваць у навучэнцаў уменне знаходзіць патрэбную інфармацыю і прымяняць яе на практыцы; развівае іх камунікатыўныя навыкі; дазваляе раскрыць творчы патэнцыял, развівае лагічныя ўніверсальныя дзеянні (устанаўленне прычынна-выніковых сувязей, пабудова лагічнага ланцужка разваг), уменне ацэньваць вынік сваёй дзейнасці.

Адна з актуальных праблем сёння — зніжэнне ў вучняў цікавасці да вывучэння рускай мовы і як вынік — зніжэнне пісьменнасці, культуры маўлення, няўменне правільна, лагічна выказаць свае думкі. На думку настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 82 Кацярыны Клімовіч, для вырашэння гэтай праблемы варта стварыць пэўныя ўмовы для вучняў, якія дапамаглі б ім набыць упэўненасць у сабе, у сваіх сілах, дазволілі б раскрыцца. І як тут не прыгадаць правіла салёнага агурка: агурок, змешчаны ў падсоленую ваду, становіцца салёным. Метады і прыёмы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення сталі для вучняў тым “салёным” асяроддзем пры арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Тэхналогія складаецца з трох стадый: выкліку (абуджэння цікавасці да навучання), асэнсавання (актыўнага ўспрымання матэрыялу) і рэфлексіі (абагульнення). На этапе выкліку настаўніца выкарыстоўвае такія прыёмы, як “Дрэва прадказанняў”, “Ці верыце вы, што…”, “Кошык ідэй” і інш. Напрыклад, на ўроку па рускай мове ў 5 класе па тэме “Правапіс е, ё пасля ­шыпячых у корані слова” вучні запаўняюць табліцу “Ведаю. ­Хачу ведаць. Даведаўся”. “Кошык ідэй” дазваляе высветліць тое, што ведаюць вучні па тэме. На ўроках літаратуры выкарыстоўваецца прыём “Дрэва прадказанняў”, калі вучні фантазіруюць, што будзе далей адбывацца ў творы. На этапе асэнсавання выкарыстоўваюцца прыёмы “Кластар”, пры вывучэнні новага матэрыялу — “Інсэрт” (чытанне з паметкамі), “Кубік Блума” (на гранях кубіка надпісы: параўнай, патлумач, знайдзі, прапануй, змяні). На этапе рэфлексіі добра спрацоўваюць такія прыёмы, як “Тоўстыя і тонкія пытанні”, “Прадоўжы фразу” , “Шэсць капелюшоў мыслення”, “Сінквейн”. У выніку навучэнцы вучацца крытычна мысліць, прымаць узважаныя рашэнні, набываюць уменні працаваць з інфармацыяй, аналізаваць розныя бакі той ці іншай з’явы. Для настаўніка гэтая тэхналогія дае магчымасць актывізаваць пазнавальную дзейнасць школьнікаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.