Рабіць дабро

- 16:19Нам пішуць

Навучэнцы і настаўнікі Рэплеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы ўзялі ўдзел у абласной акцыі “Ты ў сэрцы анёла. Анёл у тваім сэрцы”, падчас якой збіралі сродкі для дзяцей, якія выхоўваюцца ў дзіцячым доме і сацыяльна-педагагічным прытулку Ваўкавыска.

Установа наша невялікая, але амаль усе навучэнцы і педагогі ўзялі ўдзел у акцыі. На сабраныя сродкі члены валанцёрскага атрада “На крылах надзеі” закупілі сродкі гігіены і канцылярскія тавары і ў Дзень абароны дзяцей уручылі падарункі адрасатам.

Мы падарылі дзецям не проста патрэбныя ў побыце рэчы, а пастараліся зарадзіць іх пазітывам і добрымі эмоцыямі. І невядома яшчэ, каму такая акцыя была патрэбная больш. Жаданне рабіць дабро ўмацавалася ў нашых навучэнцаў яшчэ мацней, а анёл у іх сэрцах шырока расправіў крылы. Гляджу на сваіх выхаванцаў і разумею, што не прыгажосць выратуе свет, а жаданне рабіць дабро.

Наталля СЫЧЭЎНІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Рэплеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.