Рабіць для сябе і свайго народа

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі на сустрэчы з работнікамі Добрушскай папяровай фабрыкі “Герой працы” заклікаў калектыў берагчы прадпрыемства і створаную тут новую вытворчасць.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што будаўніцтва новай вытворчасці ў Добрушы было няпростым. Пасля праблем з замежным падрадчыкам у Беларусі вырашылі завяршыць стварэнне новай вытворчасці ўласнымі сіламі і рэсурсамі. Першапачаткова былі сумненні, ці справяцца айчынныя спецыялісты з задачамі, бо па некаторых напрамках у іх было недастаткова вопыту. Але ў выніку ўсе работы былі выкананы.

— Мы ўмеем рабіць усё, калі мы суверэнныя, незалежныя, калі мы разумеем, што робім для сябе і свайго народа, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Вы рабілі для сваіх дзяцей. Таму што ўжо цяпер сітуацыя складваецца такім чынам, што вашы дзеці там, нават у Гомелі і ў Мінску, нікому не патрэбны: ідзе канкурэнцыя, і яна будзе нарастаць. Таму беражыце гэтую вытворчасць, каб сюды прыйшлі нашы дзеці і маглі працаваць.

Прэзідэнт таксама заклікаў работнікаў прадпрыемства глыбей глядзець на сітуацыю і абстаноўку, якая складваецца вакол краіны, аналізаваць інфармацыю:

— Нам проста не будзе. Ад нас проста не адстануць. 

І адна з прычын — гэта вытворчасць. Мы нікому не патрэбны як канкурэнты, і нас будуць душыць усе, хто мае такія вы­творчасці.

Прэзідэнт:

— Чым будзе лепш у нас, тым большы будзе гэты накат збоку. Усё далёка не проста. І мы павінны злаўчыцца, выкруціцца і выжыць. Вось наша задача.

У якасці прыкладу беларускі лідар прывёў і машынабудаўнічую галіну: у гэтай сферы Беларусь складае канкурэнцыю многім заходнім краінам, таму беларускія прадпрыемствы і хочуць выцесніць з рынкаў. Той жа БелАЗ займае 30 працэнтаў сусветнага рынку, таму санкцыі ўведзены супраць гэтага прадпрыемства не проста так.

— І чым будзе лепш у нас, тым большы будзе гэты накат збоку, — заўважыў Прэзідэнт. — Усё далёка не проста. І мы павінны злаўчыцца, выкруціцца і выжыць. Вось наша задача. Я не хачу ваяваць, але і не хачу, каб вы стаялі на каленях.

На сустрэчы з работнікамі новай вытворчасці Добрушскай папяровай фабрыкі “Герой працы” кіраўнік дзяржавы назваў яе ўнікальным прадпрыемствам:

— Эпапея з будаўніцтвам гэтага ўнікальнага прадпрыемства скончылася. Напэўна, гэта ў нейкай ступені для нас навука. Мы тут многае пазналі: як трэба будаваць і кантраляваць будаўнікоў. Але я задаволены, што мы завяршылі гэтую будоўлю.

На фабрыцы плануюць закупіць дадатковае абсталяванне для работы з ліставым кардонам. 

— Аказваецца, на рынку попыт добры. Мы дамовіліся, што ў найбліжэйшы час вы самі закупіце (мы вам дапаможам) гэтыя машыны і будзеце паглыбляцца, — удакладніў Прэзідэнт і дадаў: —  Упэўнены, што з выхадам на праектную магутнасць прадпрыемства будзе паказваць добрыя вынікі, а гэта, адпаведна, паўплывае на зарплаты супрацоўнікаў.

Кіраўнік дзяржавы таксама заўважыў, што дзяржава вельмі шмат зрабіла для стварэння новай вытворчасці і гэта каштавала немалых грошай. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што супрацоўнікі прадпрыемства будуць цаніць гэта:

— Вы мне павінны толькі адно: захавайце гэтае прадпрыемства і жывіце дружна.

Таксама на мінулым тыдні, у суботу, кіраўнік дзяржавы наведаў Аршанскі раён, паездка была прысвечана сельскай гаспадарцы.

Па матэрыялах БелТА 
падрыхтавала Кацярына РУМЯНЦАВА.