Рабіць матэматыку максімальна даступнай для вучняў

- 10:26Навіны рэгіёнаў

Часам так бывае, што падзеі, якія здаюцца часовымі, становяцца аднымі з самых пастаянных у жыцці. Менавіта так здарылася ў лёсе настаўніцы матэматыкі Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Алы Рошаль.

Будучы дачкой педагога, яна з ранняга дзяцінства ведала пра школу ўсё. Маці пастаянна вяла размовы пра ўрокі, у іх хаце заўсёды было поўна вучняў.
— Мне маміна прафесія падабалася, але пра тое, каб самой стаць настаўніцай, я тады не думала. Хоць ужо ў школе я была піянерважатай. Прыглядала за вучнямі малодшых класаў, вучыла іх чаму-небудзь, — успамінае Ала Рошаль.
Мама ў Алы Міхайлаўны — хімік, а яе саму ўсур’ёз захапіла матэматыка. Дакладная і досыць складаная навука для яе з пачатковых класаў была простай і зразумелай.
— Напэўна, на гэта паўплывалі педагогі. Я вучылася ў некалькіх школах, і ва ўсіх былі выдатныя выкладчыкі матэматычнага профілю. Кожны ўрок быў для нас, вучняў, адкрыццём, — адзначае суразмоўніца.
Школьныя гады пралятаюць хутка. Ала Рошаль стала выпускніцай класа з матэматычным ухілам, затым фізіка-матэматычнага факультэта галоўнай кузні педагагічных кадраў вобласці — МДУ імя А.А.Куляшова. Наперадзе чакала праца настаўнікам у сярэдняй школе № 27 горада.
— Я не меркавала тады, што надоўга затрымаюся ў адукацыі. Думала, адпрацую належны тэрмін, прайду перападрыхтоўку і буду праграмістам. Аднак, прыступіўшы да працы, зразумела: менавіта педагогіка — маё прызванне, — распавядае Ала Міхайлаўна.
З першым рабочым месцам ёй пашанцавала. Вопытны калектыў педагогаў, спагадлівыя вучні. Тут Ала Рошаль прайшла станаўленне як настаўнік. Потым была праца ў сярэдняй школе № 21, а пасля — у абласным ліцэі № 3. Тут яна працуе і зараз. За больш чым трыццацігадовы педагагічны стаж Ала Міхайлаўна выпрацавала свае метады выкладання. Галоўны прынцып, якім кіруецца педагог, — рабіць матэматыку максімальна даступнай для вучняў.
На ўроках Алы Міхайлаўны дзеці думаюць, вучацца адстойваць уласную пазіцыю, праяўляць ініцыятыву. Яна ўсяляк імкнецца прывіць, падтрымаць і развіць іх цікавасць да прадмета, бо матэматыка — вельмі цікавая навука. Важна толькі навучыцца яе разумець.
— Я прытрымліваюся думкі, што для дасягнення высокіх вынікаў у навучанні трэба, каб вучні і настаўнік разумелі адно аднаго, таму на сваіх занятках вялікае значэнне надаю стварэнню ў класе спрыяльнай атмасферы. Урок не павінен быць маналогам. Калі заняткі перарастаюць у манатонныя тлумачэнні і рашэнне заданняў, уся цікавасць да прадмета знікае. А вось калі ўрок — гэта дыялог, дыскусія, дзеці пакідаюць яго з захапленнем у вачах, — адзначае Ала Рошаль.
На сваіх занятках яна імкнецца знайсці баланс паміж сур’ёзным і захапляльным. Накіроўвае вучняў на самастойную працу, вучыць іх думаць творча і незалежна, ужываючы адначасова і калектыўны, і індывідуальны падыходы навучання. Зносіны як з роўнымі, канкрэтныя жыццёвыя прыклады робяць заняткі настолькі цікавымі, што іх час пралятае незаўважна.
— Шкадаванні вучняў з-за таго, што ўрок прайшоў занадта хутка, для мяне лепшая пахвала, — кажа Ала Міхайлаўна.
У 3-м ліцэі ўсе вучні валодаюць пэўнымі здольнасцямі, усе матываваныя на вучобу. Але, на думку Алы Рошаль, адной наяўнасці таленту мала. Каб навучэнец раскрыўся, яму неабходна развіццё. Педагог сама пастаянна займаецца самаўдасканаленнем, вывучае нешта новае. Такім прынцыпам раіць кіравацца і вучням.
Наогул, работа з адоранымі дзецьмі займае адно з цэнтральных месцаў у яе педагагічнай дзейнасці. З тымі, хто імкнецца авалодаць усімі прамудрасцямі матэматыкі, Ала Міхайлаўна некалькі разоў на тыдзень працуе на факультатыўных занятках. Але фактычна сустракаюцца яны кожны дзень. Вучні звяртаюцца па параду, кансультацыю да заданняў, расказваюць пра поспехі.
— Наша галоўная мэта — удзел у алімпіядах рознага ўзроўню. На працягу першага вучэбнага паўгоддзя мы з дзецьмі да яе ўзмоцнена ідзём. На факультатывах удзяляем увагу кожнаму раздзелу прадмета, ухіл робім на найбольш складаныя тэмы. Асноўнае, чаму я вучу дзяцей, — правільна вызначаць сутнасць задання, бо бывае так, што задача здаецца складанай, а на справе выходзіць, што яна рашаецца ў адно дзеянне, — кажа педагог. — Немалаважнай з’яўляецца і вера ў поспех вучняў. Я заўсёды з упэўненасцю кажу навучэнцам: “Не сумняваюся: вы станеце пераможцамі”. Гэта ў літаральным сэнсе акрыляе дзяцей, — падкрэслівае Ала Рошаль.
Такі падыход дае адпаведны вынік. За апошнія два гады навучэнцы Алы Міхайлаўны заваявалі чатыры прызавыя дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Паспяхова выступаюць яны таксама на матэматычных алімпіядах у суседняй Расіі. Якасць і трываласць атрыманых матэматычных ведаў яе навучэнцы пацвярджаюць і ў ходзе цэнтралізаванага тэсціравання. Сёлета сярэдні бал выпускнікоў Алы Рошаль на ЦТ — звыш 80, а двое вучняў паказалі 100-бальны вынік.
Годна ацэнена і праца самой Алы Міхайлаўны. За шматгадовую плённую педагагічную дзейнасць яна ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, мае шэраг ганаровых грамат. Адметна і тое, што прафесія практычна ўсіх яе выпускнікоў так ці інакш звязана з матэматыкай. Многія сталі выкладчыкамі, кандыдатамі, дактарамі матэматычных навук і такім чынам пераўзышлі свайго настаўніка. Менавіта гэты факт яна лічыць сваёй галоўнай педагагічнай радасцю і дасягненнем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.