Рабіць, што любіш, з “Першымі”

- 9:20Адукацыйная прастора

Праект “Першыя” кампаніі А1 працягвае серыю анлайн-майстар-класаў для школьнікаў. У полі зроку апошняга апынуліся тры напрамкі: культура, інклюзія і ўрбаністыка. Далей старшакласнікаў чакае невялікі перапынак да 30 красавіка, за які маладыя людзі могуць знайсці ідэю відэароліка і падаць заяўку на ўдзел у конкурсе.

Дзмітрый Смірноў і Соф’я Федчанка.

— Пасля першага майстар-класа прыйшло нямала пытанняў, як стаць удзельнікам конкурсу, апынуцца на сцэне TEDxMinsk, калі ідэй пакуль што няма. Сябры, мы ладзім свае майстар-класы менавіта для таго, каб вы змаглі адшукаць свае ідэі. Але іх мала знайсці — трэба правільна абгрунтаваць і прэзентаваць, — звярнуўся да гледачоў вядучы Дзмітрый Смірноў.

Пытанне “Дзе шукаць ідэі?” Дзмітрый пераадрасаваў фіналісту мінулага сезона праекта Дзянісу Рабчуку, які выступіў з ініцыятывай стварыць у Брэсце і іншых гарадах муралы з вершамі беларускіх паэтаў.

— Я раіў бы адштурхоўвацца ад таго, што непакоіць менавіта вас. Можна прайсціся па сваім населеным пункце і ўбачыць праблему. Калі яна ёсць, адразу бачацца шляхі і спосабы вырашэння. Таксама можна размаўляць з людзьмі, каб разумець, што хвалюе іх, праглядаць сайты рознай скіраванасці і там пачарпнуць вопыт, які можна рэалізаваць у вашай ідэі. Нават самую звычайную думку можна зрабіць унікальнай ідэяй, — перакананы хлопец.

Самы малады напрамак “Урбаністыка”, які з’явіўся на праекце сёлета, на майстар-класе быў прадстаўлены архітэктарам, дызайнерам Таццянай Цярэшчанка. Прамоўца звярнула ўвагу на тое, як зрабіць горад прыгожым і ўтульным калі не для ўсіх, то для многіх.

— Пачынаючы са старажытнасці людзей цікавіла, які горад можна лічыць ідэальным для жыцця. Сёння ўрбаністыка — гэта складаная навука, якая вывучае ўзаемаадносіны людзей адно з адным і з гарадскім асяроддзем, — заўважыла Таццяна. — Зразумела, што гарады не развіваюцца на адным ўзроўні. Таму, калі ў вашым горадзе са статысячным насельніцтвам, на вашу думку, нічога не адбываецца, гэта сігнал да таго, што трэба нешта рабіць самому. Так было ў выпадку са мной, калі мы разам з камандай у Наваполацку стварылі свой ЦУД (Цэнтр урбаністыкі і дызайну), пачалі рух па паляпшэнні гарадскога асяроддзя.

Выступоўца пазнаёміла слухачоў з некалькімі напрамкамі ўрбаністыкі, у межах якіх можа працаваць і ствараць праекты кожны, незалежна ад свайго сацыяльнага статусу ці пасады. Адзін з іх — тактычны ўрбанізм — накіраваны на тое, каб паказаць людзям, што ініцыятывы па паляпшэнні асяроддзя ці вырашэнні праблем не абавязкова павінны сыходзіць “зверху”. Любы чалавек можа ўзя ць такія пытанні ў свае рукі. Праз некаторы час да цікавай актыўнасці далучаюцца іншыя таленавітыя людзі: студэнты, студыі, музычныя гурты, і знаходзіцца патрэбная пляцоўка. Прыкладам такой ідэі з’яўляецца гарадскі пікнік у Наваполацку, накіраваны на аб’яднанне творчых людзей.

— На адзін вечар горад ператвараецца ў адзіную, бурлівую энергію. Людзі разам добра праводзяць час. Мы зразумелі, што з дапамогай такіх мерапрыемстваў можна ўплываць на гарадскую інфраструктуру. Тут ёсць шмат плюсоў: людзі знаёмяцца адно з адным, наладжваюць сувязі, ідзе абмен ідэямі, з’яўляюцца магчымасці зрабіць горад лепшым, — расказвае Таццяна Цярэшчанка. — Дзякуючы гэтаму вопыту, нарадзілася яшчэ адна ініцыятыва — “Полацк едзе”, накіраваная на тое, каб зрабіць горад больш веласіпедным. Абодва праекты сталі штуршком да таго, каб незапатрабаваныя плошчы Наваполацка сталі папулярнымі сярод жыхароў.

Папулярным у гарадскіх актывістаў можа быць стварэнне асобных мастацкіх аб’ектаў у малых формах. Таццяна пераканана, што, калі ў населеным пункце з’яўляюцца падобныя аб’екты, жыхары цікавяцца і імкнуцца больш узаемадзейнічаць з гарадскім асяроддзем — не проста перамяшчацца з пункта А ў пункт Б, а гуляць. Людзям, якія зацікаўлены гэтым напрамкам, не трэба мець спецыяльную адукацыю і складаную тэхніку, важна ўмець думаць. І, вядома, памятаць пра мэты свайго праекта і аўдыторыю, на якую ён арыентаваны.

— Сацыяльная адказнасць — гэта пра кожнага з нас. Для яе актывацыі трэба думаць сістэмна і глабальна. Задумвацца не толькі над уласнымі праблемамі, а і над праблемамі суседа, разважаць, як іх вырашэнне можа быць карысным на ўзроўні краіны. Па-другое, за што б ты ні ўзяўся, важна выконваць гэта як для сябе. Рабіць тое, што любіш, і любіць тое, што робіш, — адзначыла прамоўца.

Спецыяльным госцем напрамку “Інклюзія” стала фіналістка мінулага сезона Соф’я Федчанка, якая распрацоўвала дызайн канторак з мэтай іх папулярызацыі ў школах. Ініцыятыва пашырыла магчымасці іх выкарыстання, каб дзеці з асаблівасцямі апорна-рухальнага апарату мелі магчымасць займацца стоячы.

— Многія перакананы, што інклюзія — гэта выключна пра тых, хто перамяшчаецца на інваліднай калясцы. Але гэта не так, паколькі напрамак ахоплівае шмат іншых людзей з асаблівымі патрэбамі. Ён павінен развівацца ў кожнай краіне для таго, каб палепшыць жыццё сапраўды кожнаму, — лічыць Соф’я.

Прамоўца ад “Інклюзіі” — стваральнік брэнда Tikota unique Кацярына Бязрукава — эксперыментатар. Эксперыменты — гэта тое, што яе натхняе і дорыць непаўторныя эмоцыі і вынікі.

Частыя пытанні ад школьнікаў

— Як пры добраўпарадкаванні горада захоўваць баланс паміж гісторыяй і сучаснасцю?

— Каб было што захоўваць, найперш трэба добра ведаць гісторыю. І, безумоўна, з трапятаннем і
далікатнасцю адносіцца да аб’ектаў мінулага, сачыць за этапамі іх змянення ў розныя гістарычныя
перыяды.

— Дзе знаходзіце натхненне?

— Натхненне нараджаецца ў працэсе, калі думаеш, як вырашыць праблему. Тады ўсе складнікі
збіраюцца разам і ты ведаеш, як нешта стварыць, выкарыстоўваючы мясцовы рэсурс. У некаторых
выпадках можна скарыстацца вопытам людзей, якія ўжо нешта зрабілі ў вашай галіне.

— Як вы візуалізуеце будучы праект?

— Стараемся яго намаляваць. Але часта вынікі адрозніваюцца ад малюнка. Таму трэба быць
гнуткім і рыхтаваць сябе да ўсемагчымых карэктыў.

— Многія месяцы пайшлі на пошук нюансаў, якія змаглі б палепшыць мае ідэі і накіраваць іх на дапамогу іншым. Так я пачала рабіць адзенне з рэчаў, што выкарыстоўваліся раней. З цягам часу ўсе мае праекты набылі сацыяльны характар. І адзін з буйных — Feel Free — адзенне для людзей у інваліднай калясцы, — расказвае дызайнер. — Я зразумела, што важна ствараць адзенне не толькі па памерах, як гэта прынята ў звычайным жыцці, а і з улікам дыягназаў людзей. Устаўкі на розных элементах гардэробу незаўважныя для вока, але значна спрашчаюць жыццё тых, хто знаходзіцца ў калясцы, даюць магчымасць больш знаходзіцца на вуліцы.

Трэці спецыяльны госць “Першых” — Павел Ананіч. Хлопец доўгі час цікавіўся гісторыяй і архітэктурнай спадчынай Беларусі. Гэтае захапленне і падштурхнула яго паўдзельнічаць у праекце (напрамак “Культура”). Вырашэнне праблемы страчанай архітэктурнай спадчыны старшакласнік убачыў у выкарыстанні магчымасцей дапоўненай і віртуальнай рэальнасці.

— Пры стварэнні відэа варта адразу гаварыць пра сутнасць ідэі, бо за тры мінуты шмат не скажаш. Мэтазгодным будзе выкарыстанне лакацыі, якая адлюстроўваецца ў вашай ідэі, — лічыць хлопец. Запрошаны прамоўца — кіраўнік платформы say.by Аляксандр Шастаковіч — расказаў, як на прыкладзе іх сайта тэхналогіі папулярызуюць беларускую мову. Say.by — пляцоўка, якая аб’яднала геаданыя аб месцах, дзе ў штодзённых камунікацыях выкарыстоўваецца нацыянальная мова. Зараз яе распрацоўшчыкі развіваюць праект “Мова прафесіі”.

— Любая мова абапіраецца на яе разуменне на слых і выкарыстанне пры ўзаемадзеянні з іншымі. Таму “Мова прафесіі” накіравана на тое, каб людзі маглі гаварыць па-беларуску на рабоце, — падсумаваў Аляксандр.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадстаўлена арганізатарамі мерапрыемства.