Рабіць урокі захапляльнымі дапамагаюць інтэрактыўныя тэхналогіі

- 11:27Адукацыйная прастора

Дзмітрый Аляксандравіч Рагаўцоў удзячны лёсу за тое, што стаў педагогам. Другі год ён з цікавасцю працуе па размеркаванні ў Бабруйску Магілёўскай вобласці. У студэнцкія гады паўтара года выкладаў, каб прыйсці ў школу больш падрыхтаваным. Такі падыход апраўдаў сябе. У мінулым навучальным годзе малады спецыяліст заваяваў гран-пры абласнога фестывалю “Прызванне — педагог”.

Дзмітрый заўсёды быў у ліку лепшых вучняў, скончыў школу з залатым медалём. З ахвотай падключаўся да мерапрыем­стваў, якія будаваліся па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, дзяліўся ведамі з іншымі. Але ў той час дакладнага разумення, што хочацца быць педагогам, яшчэ не было. Нават пасля таго як стаў студэнтам факультэта матэматыкі і прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, упэўненасці першы час не адчуваў. Аднак варта было па­спрабаваць сябе ў ролі настаўніка — сумненні зніклі, і ўсё адразу стала на свае месцы.

— Так атрымалася, што я пачаў працаваць, калі быў на трэцім курсе, — узгадвае Д.А.Рагаўцоў. — Загадзя гэтага не планаваў. Аднойчы дэкан расказаў, што тэрмінова шукаюць педагога ў адну са школ Бабруйскага раёна. Там настаўніца ішла ў дэкрэтны водпуск, у сярэдзіне навучальнага года было няпроста знайсці ёй замену. У мяне адразу ўзнікла цікавасць. Я вырашыў: чаму б не па­спрабаваць сябе ў ролі настаўніка і адначасова выручыць людзей?

З усімі пастаўленымі задачамі Дзмітрый Аляксандравіч справіўся. Кіраўніцтва ўнівер­сітэта пайшло насустрач. Для працуючага студэнта быў складзены індывідуальны графік наведвання. У школе таксама перагле­дзелі расклад, каб новы педагог мог выкладаць і працягваць вучобу. Бывала, малады чалавек пасля ўрокаў з Бабруйскага раёна ехаў у Магілёў, а пасля вечарам вяртаўся назад, каб ранкам паспець на работу. Агульная нагрузка была вялікая, але гэта навучыла цаніць і правільна размяркоўваць час. Галоўнае ж — Дзмітрыю Аляксандравічу спадабалася вучыць дзяцей і ўносіць уклад у іх выхаванне, дапамагаць спраўляцца з рознымі жыццёвымі акалічнасцямі. Па сваім вопыце ён разумеў, наколькі школьнікам неабходны ўвага і добрыя адносіны.

— Да 18 гадоў я лічыўся сіратой. Мяне выгадавалі бабуля з дзядулем, якім я вельмі ўдзяч­ны за цяпло і клопат, — дзеліцца асабістым Дзмітрый Аляксандравіч. — Магчыма, таму я адразу пранікся праблемамі маіх вучняў, карыстаўся любой магчымасцю, каб навучыць нечаму добраму, засцерагчы ад дрэннага, даць параду, часам проста падбадзёрыць. У школе я замяніў не толькі настаўніка, але і класнага кіраўніка для дзевяцікласнікаў. Сярод іх былі і прыёмныя дзеці, і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Я разумеў, што ім патрабуецца яшчэ больш увагі, стараўся заўсёды быць побач.

Малады педагог з вучнямі на гульні “Што? Дзе? Калі?”.

Такі нялёгкі першы вопыт, удзячнасць, якую выказвалі вучні, пакінулі глыбокі след у душы пачынаючага педагога. Атрымаўшы кваліфікацыю “выкладчык фізікі і інфарматыкі”, ён быў цалкам гатовы да перамен. Новым месцам жыхарства стаў Бабруйск, а першым працоўным месцам — сярэдняя школа № 31. Аднак на цяперашні момант Дзмітрый Аляксандравіч выкладае ўжо ў дзвюх школах горада, здзіўляючы ўсіх сваёй энергіяй і актыўнасцю.

— Калі даведаўся, што ў базавую школу № 15 Бабруйска тэрмінова патрабуецца педагог, зноў жа адчуў цікавасць і вырашыў паспрабаваць свае сілы, — адзначае Д.А.Рагаўцоў. — Аб такім выбары не шкадую, мне падабаецца хуткі тэмп майго жыцця. Часам мне задаюць пытанне: “Як удаецца сумяшчаць і ўсё паспяваць?”. Мой сакрэт прос­ты. Велізарны зарад энергіі знаходжу ў зносінах з дзецьмі! Іду на работу з жаданнем, ад кожнага новага дня чакаю нечага добрага. Упэўнены, пазітыўны настрой мае вялікае значэнне.

На ўроках малады педагог таксама стварае спрыяльную атмасферу і абавязкова знахо­дзіць хвілінку-другую для добрага гумару. Жартоўныя і цікавыя, запамінальныя гісторыі стараецца звязаць з тэмай урока.

— Стараюся выкладаць так, каб дзецям было цікава і ні ў якім разе не сумна, — расказвае Д.А.Рагаўцоў. — У кожным прадмеце ёсць шмат яркага, цікавага і нават жартоўна­га. Напрыклад, па фізіцы варта толькі ўзгадаць, што Ньютану ўпаў на галаву яблык і пасля гэтага ён адкрыў свой знакаміты закон сусвет­нага прыцягнення. Архімед у ванне здагадаўся аб законе выштурхоўваючай сілы. Такія гісторыі каштоўныя тым, што паказваюць сувязь прадмета са штодзённым жыццём.

Нярэдка вучні, у якіх толькі пачынаецца фізіка, пытаюцца: “А навошта нам усім патрэбны такі складаны, спецыфічны прадмет?”. Дзмітрый Аляксандравіч з усмешкай адзначае: “Хаця б для таго, каб правільна варыць макарону”. Такі нечаканы паварот прыцягвае ўвагу дзяцей, а настаўніку менавіта гэта і трэба. Аказваецца, веданне фізікі дапамагае хутка зварыць макарону. Сакрэт у тым, што пасаліць ваду трэба ў самым пачатку, і тады яна хутчэй закіпіць. Маладому педагогу вельмі падабаецца, што яго прадмет звязаны са што­дзённым жыццём, магчымасцю больш глыбока разумець з’явы, якія адбываюцца вакол, а значыць, і нешта змяніць да лепшага.

Акрамя яркіх прыкладаў і тлумачэнняў розных прывычных з’яў, рабіць урокі цікавымі настаўніку дапамагаюць інтэрактыўныя тэхналогіі. Дзеці з задавальненнем выкарыстоўваць гаджэты ў вучэбным працэсе. Разнастайныя гульнявыя праграмы, тэсціраванне пры дапамозе тэлефона заўсёды прымаюцца на ўра. Таксама вучняў прыцягвае магчымасць не пачуць тлумачэнне, а на свае вочы ўбачыць пэўны працэс. Лабаранцкая па фізіцы абсталявана мноствам прыбораў, і Дзмітрый Аляксандравіч імі актыўна карыстаецца на ўроках.

Важнай падзеяй у мінулым навучальным го­дзе стаў удзел у абласным фестывалі маладых настаўнікаў “Прызванне — педагог”. Д.А.Рагаў­цоў прызнаецца: для яго было нечаканым тое, што ўдалося так паспяхова выступіць, што яго ўрок быў прызнаны лепшым у анлайн-галасаванні. Такі добры вынік не толькі ўзрадаваў, але і дапамог больш паверыць у сябе.

Дзмітрый Аляксандравіч паспявае не толькі якасна вучыць. Ён з энтузіязмам далучаецца да любых яркіх падзей. Без яго ўдзе­лу ўжо немагчыма ўявіць разнастайныя агульнашкольныя мера­прыемствы, асабліва КВЗ, дзе каманда настаўнікаў на чале з Д.А.Рагаўцовым спаборнічае з вучнямі.

Сёлета Дзмітрый Аляксандравіч стаў клас­ным кіраўніком 7 класа. Гэтую ролю таксама ўспры­няў з цікавасцю і адказнасцю. Першым по­спехам, які парадаваў, стала заахвочванне школьнікаў і іх баць­коў шостым школьным днём. Дапамог у гэтым просты прыём. Настаўнік пачаў размяшчаць фотаздымкі, пісаць паведамленні пра дасягненні тых, хто прымаў удзел у мерапрыемствах шостага школьнага дня, у групу класа, якая створана ў меcенджары Viber. Дзякуючы гэтаму, многія дзеці зацікавіліся, а бацькі пераканаліся: у суботу час у школе праходзіць цікава, весела і карысна. Цяпер праблем з наведваннем няма.

У Дзмітрыя Аляксандравіча шмат планаў нават на найбліжэйшую будучыню. Напрыклад, ён збіраецца абавязкова падключыць вучняў свайго класа да валанцёрства ў розных кірунках. Для пачатку разам наведаюць дзіцячы дом. Галоўная думка, якую апантаны настаўнік хоча назаўсёды пасяліць у сэрцах сваіх вучняў: “У лю­бой сітуацыі, і мірнай, і канфліктнай, заставайцеся лю­дзьмі і не губляйце сумлення!”

Таццяна ШЫМКО.