Рабіце дабро!

- 16:41Нашы дзеці

Каляды… Новы год… Ёлка… Чараўніцтва… Як радасна рыхтавацца да гэтых свят. З ранняга дзяцінства гэтыя святы выклікаюць адчуванні навізны і чакання цуду. І калі верыць у цуды, то яны абавязкова здзейсняцца! Менавіта таму Новы год і дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” ў Пархімаўскім яслях-садзе — базавай школе Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці на працягу многіх гадоў стала добрай традыцыяй.

Актыўны ўдзел у акцыі ўзялі выхаванцы, навучэнцы, іх законныя прадстаўнікі, супрацоўнікі ўстановы адукацыі. Былі сабраны падарункі: канцылярскія прылады, цацкі, настольныя гульні, салодкія сюрпрызы і многае іншае — усё, што можа прынесці радасць. 23 снежня старшакласнікі ў навагодніх касцюмах з цёплымі словамі, падарункамі і гульнямі завіталі ў госці да выхаванца дзіцячага сацыяльнага прытулку Бераставіцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Навагоднія героі ўручылі хлопчыку падарункі і запрасілі ўзяць удзел у забаўляльна-гульнявой праграме. Выхаванец апынуўся ў навагодняй казцы. Адчуў клопат, хуткае набліжэнне свята, а значыць, стаў больш шчаслівы.

Таксама навучэнцы падарылі навагоднія віншаванні і падарункі пажылым адзінокім людзям.

Лічу, што далучэнне дзяцей да акцыі спрыяе выхаванню спагадлівасці, міласэрнасці, добразычлівасці — асноўных складнікаў паняцця “чалавечнасць”.

Успамінаюцца радкі Ніла Гілевіча: “Рабі дабро! Хоць нават коштам апошніх сіл, апошніх мук. І не пытай: каму? завошта? Рабі — без просьбаў і прынук”.

Рабіце дабро, і яно вернецца ў двайным памеры!

Святлана ВОЙШАЛЬ,
класны кіраўнік 7 класа Пархімаўскага ясляў-сада — базавай школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.