Рабіце тое, што любіце, любіце тое, што робіце

- 14:54Рознае, Суразмоўца

Адгрымелі фанфары Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2014”. Пераможца стаў сапраўднай сенсацыяй, нават рэвалюцыяй у конкурсным руху. За яго плячыма толькі тры гады педагагічнага стажу, але яго педагагічныя прынцыпы скарылі два склады журы: прафесійнае і вучнёўскае. І апошняе, дарэчы, цягне на ісціну ў апошняй інстанцыі, бо настаўнік працуе з вучнем, для вучня і дзеля вучня. Феномен Віктара Эдуардавіча Жука, настаўніка гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна, не дае спакою многім прадстаўнікам нашай педагагічнай супольнасці, таму мы пастараліся высветліць, чым жа ён вызначаецца.

— Віктар Эдуардавіч, мы шчыра віншуем вас з перамогай. Падчас абвяшчэння вынікаў было відаць, што насамрэч перамога ў конкурсе “Настаўнік года” ў вашы планы не ўваходзіла. З якім настроем вы ішлі на конкурс і ці спраўдзіліся вашы чаканні?
— Мне было цікава паўдзельнічаць, а калі мяне выбралі для далейшых конкурсных іспытаў, то проста хацеў дастойна выступіць. Канечне, было няпроста, а іншым часам нават вельмі складана. Асабліва калі за ноч трэба было падрыхтаваць конкурсны ўрок. Умовы, канечне, былі спартанскія, а ўрок павінен быў быць не толькі метадычна пісьменным, але і відовішчным, што патрабуе пэўнай падрыхтоўкі. Тым не менш гэта конкурс, але пасля перамогі я не адчуваю сябе велічным. Перамога — гэта вялікі стымул для далейшага росту. За час конкурсу быў зроблены сапраўдны рывок, але ўсё здарылася так хутка, што многае давядзецца падцягваць да неабходнага ўзроўню.

— Конкурсны рух закліканы падняць прэстыж педагагічнай прафесіі. Вы выбралі педагогіку, з чаго можна зрабіць выснову, што гэтая прафесія для вас прэстыжная. Што вы ўкладваеце ў гэтае паняцце?
— Так, мяне не бянтэжыць кожную раніцу думка, што трэба ісці ў школу. На працу я іду з вялікім задавальненнем. Канечне, калі б у мяне была сям’я, то я не здолеў бы яе ўтрымліваць на настаўніцкую заработную плату. І гэта, безумоўна, адна з асноўных прычын недахопу мужчын-педагогаў у нашых школах. Разам з тым дэвізам маёй педагагічнай дзейнасці з’яўляюцца словы Рэя Брэдберы: “Рабіце тое, што любіце, любіце тое, што робіце”. Калі чалавеку яго праца прыносіць радасць і задавальненне, то зарплата становіцца прыемным бонусам, не больш за тое. Канечне, праблемы ўзнікаюць, але ўсе яны не крытычныя, а вырашальныя.

— А якой была ваша ўнутраная (а можа, і знешняя) матывацыя стаць настаўнікам гісторыі?
— Як на гісторыка на мяне вялікі ўплыў аказала сястра. Яна кандыдат гістарычных навук. А чаму менавіта педагагічны ўніверсітэт? Напачатку мне было складана адказаць на гэтае пытанне, і я да апошняга не ведаў, ці буду я настаўнікам. Усведамленне, што я — настаўнік, прыйшло толькі на ўроку, таму я цвёрда перакананы, што пакуль ты сябе не паспрабуеш на практыцы, ты ніколі не зразумееш: здольны ты быць настаўнікам ці твая прафесія ў іншай сферы.
Канчатковае разуменне таго, што педагогіка — гэта маё, прыйшло менавіта ў школе. Тут я адчуў і зразумеў: мне падабаецца вучыць дзяцей, і ў мяне атрымліваецца гэта рабіць без асаблівых цяжкасцей. У прынцыпе, у мяне з першых дзён не ўзнікала ніякіх праблем. Мне вельмі падабаецца мая работа, падабаюцца зносіны з дзецьмі.

— Разам з тым ваш шлях у педагогіку не быў простым і гладкім, а некаму можа падацца, што стаць настаўнікам пасля прафесійнага ліцэя, працы на будоўлі і службы ў арміі ўвогуле дзіўна і незразумела.
— Я закончыў дзевяць класаў, пасля вучыўся ў Маладзечанскім прафесійным будаўнічым ліцэі. На той прафесійны выбар паўплывалі бацькі. Меркавалася, што я стану майстрам вытворчага навучання, але потым у мой прафесійны лёс умяшалася сястра, і, заканчваючы каледж, я ўжо ведаў, што стану гісторыкам. Адзіным нявырашаным пытаннем на той момант была навучальная ўстанова, дзе можна было б атрымаць вышэйшую гістарычную адукацыю. У выніку быў абраны Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Вучыўся я там завочна, бо вырашыў, што няма чаго сядзець на шыі ў бацькоў. Але гэта ніяк не паўплывала на якасць маёй вышэйшай адукацыі, бо досыць моцнай была ўнутраная матывацыя. Калі хочаш вучыцца, то будзеш гэта рабіць пры любых умовах. Пасля заканчэння завочнага навучання я выйшаў са сцен універсітэта досыць падрыхтаваным. Праўда, методыку навучання давялося асвойваць на практыцы. У гэтым плане мне вельмі дапамаглі калегі з маёй школы, за што ім вялікі дзякуй.
Дарэчы, пасля ўніверсітэта я адслужыў у арміі, што лічу абавязкам перад Бацькаўшчынай. А пасля службы прыйшоў у аддзел адукацыі. Праўда, спачатку вольнага настаўніцкага месца не было, таму некаторы час давялося папрацаваць метадыстам у сектары аховы дзяцінства, а пасля мяне запрасілі ў школу. З таго часу я тры гады працую ў сярэдняй школе № 11 Маладзечна.

— Віктар Эдуардавіч, звычайна малады спецыяліст сутыкаецца з шэрагам праблем: наладжванне адносін з калегамі, дзецьмі. Узнікаюць пытанні з субардынацыяй (асабліва ў старшых класах). Карацей, працэс адаптацыі можа зацягнуцца, а іншым разам і ўвогуле адвярнуць ад прафесіі. Чым вызначаўся ваш адаптацыйны перыяд?
— Так, адаптацыйны перыяд быў, але вельмі хутка закончыўся. І, напэўна, таму, што мяне адразу акунулі ў вельмі дынамічнае і зменлівае школьнае жыццё. Школьная бегатня вельмі хутка ўключыла мяне ў вучэбна-выхаваўчы працэс. Я не люблю манатоннай работы. Я люблю рух, дынаміку, таму адразу пачаў актыўна ўнікаць ва ўсе педагагічныя працэсы і нюансы, цікавіцца і задаваць пытанні. Ніколі не баяўся папрасіць парады ў больш сталых і вопытных калег. І я вельмі ўдзячны ім за тое, што яны заўсёды адказвалі на мае пытанні і дапамагалі не толькі падтрымкай, але і ўласнымі напрацоўкамі.
Праблем з субардынацыяй у мяне таксама не было. Я прытрымліваюся дэмакратычнага стылю зносін са сваімі вучнямі, але субардынацыя захоўваецца. Гаворка не ішла ні пра якія ўмовы, і мне не давялося тлумачыць, што я — настаўнік, а яны — мае вучні. Напэўна, мне пашчасціла, бо я прыйшоў працаваць у 5, 6, 7 класы. Хаця давялося выкладаць і ў 11-м, дзе, прызнаю, было трошкі цяжэй. Але вельмі хутка мы паразумеліся.

— Яшчэ старшакласнікі любяць задаваць правакацыйныя пытанні, экзаменуючы маладога настаўніка.
— Пытанні, натуральна, сыпаліся. Але калі вучні не задаюць пытанняў, то значыць, што ім не цікава. Здаралася, што я не ведаў, як адказаць на іх пытанне. Тады на дапамогу прыходзілі гаджэты.

— Дарэчы, наконт гаджэтаў. Наколькі далёка зайшло іх выкарыстанне на вашых уроках? Вы адразу падключыліся да выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у сваім вучэбным працэсе ці пачыналі, як і ўсе маладыя спецыялісты, з традыцыйнага ўрока?
— Мая педагагічная практыка пачыналася з класічнага ўрока, але пасля я пачаў разумець, што ўрок трэба нечым разнастайваць. Напачатку я не ведаў, як арганізаваць вучэбныя заняткі, каб усе навучэнцы класа былі ўключаны ў актыўную пазнавальную дзейнасць, але адчуваў, што на ўроку адбываецца не зусім тое, чаго хацелася б. Трэба было нешта мяняць. І паколькі наша школа з’яўляецца апорным метадычным цэнтрам у раёне па выкарыстанні асобасна арыентаваных тэхналогій, то мне мае калегі падкінулі шмат ідэй. За аснову я ўзяў тэхналогію крытычнага мыслення, якая дазваляе хутка ўключыць дзяцей у мысліцельную і пазнавальную дзейнасць.
Што датычыцца інфармацыйных тэхналогій, то, напрыклад, цяпер я вучуся працаваць з інтэрактыўнай дошкай, спрабую асобныя прыёмы. Рэзерв для авалодання новымі навыкамі пакуль яшчэ застаецца. Звяртаюся і да планшэта. Актыўна працую з мультымедыйнымі прэзентацыямі, якія не павінны дубліраваць інфармацыю падручніка і тое, што расказвае настаўнік. А ідэі для некаторых заданняў падглядваю ў дзяцей. Напрыклад, у іх тэлефонах з платформай андроід ёсць такі дадатак, дзе даюцца 4 фотаздымкі і адно слова. Гэта нешта накшталт рэбуса. У выніку такія рэбусы перайшлі ў разрад практычных заданняў па гісторыі.

— А ці не здаецца вам, што актыўны зварот да рознага кшталту гаджэтаў ператворыць урок у механізм, які працуе аднабакова. Насамрэч неабходна, каб дзеці з урока ішлі з думкамі ў галовах, а не з “абцяжаранымі” інфармацыяй тэлефонамі ці планшэтамі. Апошнім часам шмат гаворыцца пра тэставае, кліпавае мысленне, пра няўменне вучняў выказацца. Якія задачы перад сабой ставіце вы і як расстаўляеце акцэнты на сваіх уроках?
— Я выдатна разумею, што, пераступіўшы парог школы, праз некаторы час вучні забудуць асобныя гістарычныя даты, паняцці, персаналіі. І нічога дзіўнага ў гэтым не будзе. Важна, каб навучэнцы памяталі асноўныя падзеі і мелі агульнае ўяўленне аб гістарычным працэсе. Улічваючы гэты момант, я імкнуся выхаваць у сваіх вучняў такія асобасныя якасці, якія спатрэбяцца ім у далейшым жыцці. Канечне, дзеці павінны ўмець выказаць сваё меркаванне, таму свае ўрокі стараюся будаваць так, каб усе навучэнцы класа былі ўключаны ў дыскусію і выказвалі асабісты пункт гледжання.
Імкнуся да таго, каб вучні не ўспрымалі інфармацыю як догму, а разглядалі яе пад розным вуглом, таму на ўроках абавязкова павінны быць праблемныя сітуацыі, дыскусіі, дэбаты. І ўсё гэта прадугледжвае тэхналогія крытычнага мыслення. Урок — гэта не 45 хвілін працы з тэкстам, хоць тэкст з’яўляецца асновай для работы з гэтай тэхналогіяй. Вучэбны тэкст — гэта аснова для абмеркавання пытанняў, якія вывучаюцца. Дыялог і абмеркаванне з’яўляюцца неад’емнымі атрыбутамі майго ўрока.

— Віктар Эдуардавіч, а колькі часу ў вас забірае падрыхтоўка да ўрокаў і як вы ставіцеся да планаў-канспектаў урока, якія некаторыя маладыя педагогі ігнаруюць, а некаторыя, наадварот, — старанна складаюць?
— Напачатку ў мяне ўзнікала шмат пытанняў наконт гэтых канспектаў. Яны ў мяне атрымліваліся проста вялізнымі, бо праз гэты канспект я прапускаў увесь гістарычны змест урока. Цяпер я карыстаюся алгарытмамі, якія сам і распрацаваў, і тэхналагічнай картай, куды лёгка і проста ўношу змест свайго ўрока. Але канспект павінен быць абавязкова.

— А ці здараліся ў вашай практыцы ўрокі-экспромты?
— Так, канечне. Вось сёння ў мяне быў такі ўрок. Мы разглядалі Вашынгтонскую сістэму міжнародных адносін пасля Першай сусветнай вайны. Урок быў у думках, а працу з дзецьмі арганізоўваў па ходзе ўрока. І ўрок атрымаўся. Як правіла, урокі-экспромты атрымліваюцца больш зладжанымі і выніковымі, чым падрыхтаваныя. Я выбраў стратэгію пабудовы заняткаў “зігзаг”. Гэта работа ў групах зменнага складу. Вывеў навучэнцаў на дыскусію аб супярэчнасцях Вашынгтонскай сістэмы. І пасля ўрока мае вучні засталіся задаволенымі такой формай работы, бо ім было цікавей, чым проста ўзаемадзейнічаць у групах.

— Якую методыку ці тэхналогію мяркуеце “запусціць” на сваіх уроках у бліжэйшы час?
— У лістападзе ў нашай школе прыступаюць да актыўнага выкарыстання педагагічных майстэрняў. Дагэтуль вядучай была тэхналогія крытычнага мыслення. Гэты вучэбны год мы будзем працаваць у межах педмайстэрняў.

— Віктар Эдуардавіч, вы захапляецеся гістарычнымі рэканструкцыямі, з’яўляецеся членам гістарычнага клуба. Сваё захапленне вы пераносіце і на ўрокі. Гавораць, можаце прыйсці ў клас у рыцарскіх даспехах…
— Хачу развеяць гэты міф. Я не прыходжу на ўрокі ў даспехах, я іх прыношу. Здаралася такое, што мы з вучнямі некаторыя элементы даспехаў надзявалі, але гэта не азначае, што я ў школу прыходжу ў даспехах. Я захапляюся ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй ужо 10 гадоў. Мяне вабіць рэкан-струкцыя заходнееўрапейскага наступальнага і абарончага ўзбраення эпохі позняга Сярэднявечча (сярэдзіна XIV стагоддзя, Германія). Мне цікавы менавіта гэты перыяд і рэгіён таму, што рыцарскі даспех пачынаючы з ХІІІ стагоддзя пачаў вельмі актыўна развівацца. Дарэчы, літаральна ў мінулым годзе на навукова-практычнай канферэнцыі з маім вучнем 7 класа мы гэты працэс прасачылі, абапіраючыся на выяўленчыя, дакументальныя, рэчавыя крыніцы. І менавіта XIV стагоддзе стала росквітам еўрапейскага даспехабудавання. Яно вызначалася разнастайнасцю форм і спосабаў абарончага наступальнага руху.
Калі гаварыць пра нашы адметнасці ў гэтым плане, то ў гэтым годзе мы з вучнямі будзем займацца праектам узнаўлення некаторых элементаў абарончага ўзбраення воіна Вялікага Княства Літоўскага. Наша даследаванне будзе называцца “Збройныя традыцыі ВКЛ: Захад ці Усход”. Мы паспрабуем разгледзець, што аказвала большы ўплыў на даспехабудаванне Вялікага Княства Літоўскага: заходнееўрапейская традыцыя ці ўсходняя.

— Мяркую, даследаванне атрымаецца вельмі цікавым. Віктар Эдуардавіч, паколькі наша з вамі размова адбываецца напярэдадні Дня настаўніка, то хацелася б, каб настаўнік года павіншаваў сваіх шматлікіх калег.
— Ведаеце, на розум зноў прыходзяць словы Рэя Брэдберы: “Рабіце тое, што любіце, любіце тое, што робіце”. І поспех абавязкова прыйдзе.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.