Рабочы сшытак для прафесій

З гэтага навучальнага года прафарыентацыйная работа са школьнікамі набыла іншае гучанне. Безумоўна, у першую чаргу гэта звязана з увядзеннем профільнага навучання, з неабходнасцю дапамагчы дзевяцікласнікам вызначыцца з профілем. Каб дзіця да гэтага выбару падыходзіла больш спакойна і ўсвядомлена, прафарыентацыю трэба пачынаць з дашкольнага ўзросту. У гэтым пераканана і мая сённяшняя суразмоўца, прызнаны эксперт у сферы прафарыентацыйнай дзейнасці са школьнікамі, псіхолаг ліцэя Наваполацка Святлана Мядзвецкая, якая распрацавала рабочы сшытак “У свеце прафесій”, адрасаваны дашкольнікам і малодшым школьнікам.

Па меркаванні Святланы Мядзвецкай, ранняя прафарыентацыя можа дапамагчы рэалізацыі пераемнасці ў рабоце паміж дашкольнай установай і школай, стварэнню адзінай дзяржаўнай сістэмы па прафесійнай арыентацыі моладзі.
— Дзеці, асвойваючы адвольныя паводзіны, цягнуцца да прайгравання дзеянняў дарослых, а ў дашкольным узросце пачынаюць гуляць менавіта “ў дарослых”: урача, шафёра, прадаўца, машыніста пад’ёмнага крана і г.д. І ў гэтым заключаецца важная ўмова і агульны кірунак іх псіхічнага развіцця.Пры ажыццяўленні ранняй прафарыентацыі ў дашкольным узросце можна ўстанавіць пераемнасць з пачатковай школай. Асноўным напрамкам прафарыентацыйнай работы з вучнямі малодшага школьнага ўзросту з’яўляецца, як вядома, прафесійная асвета, мэта якой — фарміраванне добрасумленнага стаўлення да працы, развіццё цікавасці да працоўнай дзейнасці.
У пачатковай школе, калі вучэбна-пазнавальная дзейнасць становіцца вядучай, вызначальнай пры развіцці школьніка, важна пашыраць яго ўяўленні аб розных прафесіях. Некаторыя элементы прафесійнай дзейнасці яму яшчэ цяжка зразумець, але ў кожнай прафесіі ёсць галіна, якую можна прадставіць на аснове наглядных вобразаў, канкрэтных сітуацый з жыцця, гісторый, уражанняў. На гэтай стадыі ствараецца пэўная наглядная аснова, на якой грунтуецца далейшае развіццё прафесійнай самасвядомасці. Менавіта таму вельмі важна стварыць максімальна разнастайную палітру ўражанняў аб свеце прафесій, каб затым на аснове гэтага матэрыялу дзіця магло аналізаваць прафесійную сферу больш асэнсавана і адчуваць сябе больш упэўнена, — лічыць Святлана Фаўстаўна.
Працуючы над сваім рабочым сшыткам, псіхолаг займалася даследаваннямі ў дзіцячым садку № 28 і сярэдніх школах №№ 5, 10 Наваполацка. Як вядома, рабочыя сшыткі, якія атрымалі шырокае распаўсюджванне ў сучаснай адукацыі, адыгрываюць асаблівую ролю ў вырашэнні праблемы дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, карэкціруюць недахопы вучэбнай дзейнасці малодшых школьнікаў і рэалізоўваюць іх агульнавучэбныя інтэлектуальныя ўменні.
— У рамках урока псіхолаг, выхавальнік, настаўнік працуе з цэлым класам. Засваенне ж ведаў, развіццё адбываецца строга індывідуальна. Узнікае супярэчнасць паміж калектыўнай формай вучэбнай дзейнасці і індывідуальным характарам засваення ведаў. Адным са шляхоў вырашэння гэтай супярэчнасці з’яўляецца арганізацыя самастойнай дзейнасці вучняў. А адным са сродкаў арганізацыі такой дзейнасці з’яўляецца рабочы сшытак на друкаванай аснове, распрацаваны з такім разлікам, каб кожны псіхолаг, настаўнік мог улічыць індывідуальныя асаблівасці сваіх вучняў, — працягвае Святлана Фаўстаўна.
У выніку рабочы сшытак “У свеце прафесій” утрымлівае заданні для развіцця пазнавальных працэсаў з дапамогай вывучэння такіх прафесій, як пажарны ратавальнік, вадзіцель, будаўнік, прадавец, урач, кухар, фермер, эколаг, акцёр. Эксперыментальна правераны ўплыў выкарыстання распрацаванага сшытка на развіццё памяці, канцэнтрацыі ўвагі, мыслення, маторыкі рукі, дасведчанасці навучэнцаў у свеце прафесій.
Сшытак можна прымяняць на занятках у дзіцячым садку:
• напрыклад, 2 заданні з першых дзвюх старонак па выбары: адно — на развіццё маўлення, другое — на іншыя функцыі (мысленне, уяўленне) і пошук некалькіх прадметаў (канцэнтрацыя ўвагі) з развароту дзвюх старонак з размалёўваннем.
У пачатковай школе:
• на ўроку можна разгледзець 3 заданні з першых дзвюх старонак па выбары (адно — на развіццё маўлення, другое, трэцяе — на іншыя функцыі (мысленне, уяўленне, маторыка)) і пошук большай колькасці прадметаў (канцэнтрацыя ўвагі) з развароту дзвюх старонак з размалёўваннем. А выразанне герояў, якія адпавядаюць прафесіям, што разглядаюцца, можа замяніць выкананне першых заданняў — у выніку больш часу застанецца на пошук прадметаў з развароту сшытка.
Можна працаваць і дыстанцыйна з бацькамі:
• з дзецьмі на занятках разбіраюцца 2 заданні, а дома яны разам з бацькамі выконваюць заданні з развароту (размалёўваюць і выразаюць). Праверка індывідуальная.
— Каб было больш зразумела, давайце разгледзім прыклад, — прапанавала Святлана Фаўстаўна. — Звернемся да старонкі з прафесіяй пажарны ратавальнік.
Змест дзейнасці гэтай прафесіі: пажарны ратавальнік знаходзіцца ў пастаяннай гатоўнасці да выезду на тушэнне пажару; сочыць за спраўнасцю пажарнай тэхнікі; ведае правілы тушэння пажару; рызыкуючы сваім жыццём, ратуе ад агню людзей, жывёл і маёмасць.
Прафесійна важныя якасці пажарнага ратавальніка: спецыяльная фізічная падрыхтоўка, смеласць, хуткасць рэакцыі, інтуіцыя, назіральнасць, добрая ўвага, наглядная, маторная і слыхавая памяць, практычнае мысленне.
І вось заданне № 1. Спачатку дзеці разглядаюць карцінку злева. Потым індывідуальна або франтальна (калі гэта група) расказваюць, што там намалявана. Складаюць аповед па малюнку з добрым заканчэннем гісторыі (малюнак справа). Тут неабходна некалькі разоў праверыць запамінанне нумару службы ратавання — 101.
Заданне № 2 развівае мысленне і павышае дасведчанасць у назвах спецыяльных прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ратавальнікамі. Важна, каб дзіця не толькі вылучыла лішні прадмет, але і назвала кожны з прадстаўленага шэрага. Дзеці лішні прадмет абазначаюць крыжыкам. Усе прадметы можна знайсці на малюнку ў сшытку.
Адказы на заданне:
Пальчаткі (ізаляцыйныя), каска пажарная, пажарны апавяшчальнік, басаножкі, боты.
Аптэчка, вяроўка выратавальная, рацыя, веласіпед, рыдлёўка.
Вядро з пяском, ліхтар, вуда, бусак, карабін.
Заданне № 3: пасля складання аповеду пажадана размаляваць карцінку справа яркімі фарбамі. Неабходна яшчэ раз расказаць дзецям правілы бяспечных паводзін дома і на вуліцы, пра тое, як зняць ката з дрэва, што рабіць, калі здарылася нейкая бяда, пра наступствы гульні з запалкамі.
Заданне № 4 абапіраецца на веданне прадмета і ўмоў працы ратавальнікаў (паўтарэнне зместу дзейнасці і неабходных для гэтай прафесіі якасцей асобы).
Заданне № 5 спрыяе развіццю маторыкі рукі. Дзецям можна прапанаваць абвесці лініі асобных дэталей машыны, не адрываючы рукі. Каб дзіця навучылася разумець вучэбную задачу, можна пакіраваць працэсам размалёўвання: чырвоны колер — кабіна, штрыхоўка — сярэдзіна машыны, адно кола можна размаляваць чорным алоўкам, другое — кропкамі, а маячок зрабіць сінім.
Заданні на развароце на пошук дробных зададзеных прадметаў развіваюць у дзіцяці канцэнтрацыю ўвагі, пашыраюць поле зроку, што рыхтуе яго да больш хуткага чытання ў будучыні, развіваюць дасведчанасць аб навакольным свеце. Усю карцінку пасля знаходжання прадметаў неабходна размаляваць.
Пасля выканання трох заданняў варта рабіць фізкультхвілінкі, каб у дзяцей адпачылі рукі, вочы, мышцы спіны. У выніку работы са сшыткам фарміраванне вучэбнай матывацыі адбываецца без прымусу, у форме гульні, непрыметна для дзяцей. Яны доўга не заняты праслухваннем заданняў, а ўвесь час нешта робяць, таму час заняткаў ляціць для іх хутка. Падрыхтоўка для псіхолага, настаўніка, выхавальніка мінімальная (трэба толькі прачытаць рэкамендацыі ў пачатку сшытка). І ў дзяцей ёсць хуткі вынік іх дзейнасці (прадметы знойдзены і размаляваны).
Гэтае выданне дапаможа развіць дробную маторыку (размалёўванне, пальчыкавая гімнастыка); пазнавальную і працэсуальную актыўнасць (развіццё ўспрымання, канцэнтрацыі і аб’ёму ўвагі; чым больш дзіця бачыць дробных прадметаў, тым лепш у яго развіваецца фіксацыя ўвагі, дзіця лепш бачыць слова ў тэксце, а потым і сказ, і такім чынам адбываецца развіццё навыкаў больш хуткага чытання).
Акрамя таго, развіваецца мысленне, аналітычныя здольнасці, уменне класіфікаваць, наглядна-вобразнае мысленне, элементы лагічнага мыслення. Ідзе развіццё ўяўлення, перадумоў вучэбнай дзейнасці (развіццё вучэбных навыкаў, накіраваных на разуменне вучэбнай задачы, дзіцяці даюцца інструкцыі, якія ў далейшым ускладняюцца, дзякуючы чаму яно трэніруецца паслядоўна выконваць розныя дзеянні).
Дзеці вучацца правілам паводзін у грамадстве (як правільна пераходзіць дарогу, куды тэлефанаваць пры пажары, як выклікаць хуткую дапамогу). Ствараюцца перадумовы для сацыялізацыі дзіцяці: вывучаюцца прадметы побыту, жыццё жывёл на ферме, арыентацыя на будаўнічай пляцоўцы, у магазіне, ідзе гаворка пра ўрачоў, якіх можна ўбачыць у паліклініцы. У дзіцяці адбываецца фарміраванне ўсведамлення сябе чалавекам, які з’яўляецца часткай прыроднага свету (экалагічнае выхаванне: дзіця вывучае жывёл і раслін Чырвонай кнігі, вучыцца беражлівым адносінам да прыроды).
Павышаецца дасведчанасць дзіцяці аб прадметах працы кожнай прадстаўленай прафесіі, адпаведна пашыраецца слоўнікавы запас. Ёсць магчымасць арганізацыі дыферэнцыраванай дзейнасці (можна выкарыстоўваць сшытак як на занятках, уроках (у тым ліку і на АБЖ), так і ў індывідуальнай рабоце з дзіцем; заданні можна выкарыстоўваць у рабоце з дзецьмі ад 5 да 11 гадоў). І, безумоўна, ствараюцца ўмовы для ўзаемадзеяння бацькоў і дзяцей.
— Пасля работы з дзецьмі ў дзіцячым садку і пачатковай школе я зафіксавала, што істотна павялічыліся паказчыкі развіцця пазнавальных працэсаў: памяці (механічнай), мыслення (класіфікацыя), канцэнтрацыі ўвагі, уяўлення, дасведчанасці аб прафесіях, маторыкі рукі. Гэта пацвердзілася вынікамі даследавання ў канцы і пачатку года і ў параўнанні з кантрольнымі групамі, дзе такія заняткі не праводзіліся.
Даказана, што распрацаваная методыка выкарыстання рабочага сшытка спрыяе развіццю самастойнасці вучняў, што выяўляецца ў наступным: павышаецца ўзровень засваення матэрыялу; фарміруецца адэкватная самаацэнка; павялічваецца колькасць навучэнцаў, якія працуюць без дапамогі дарослага; развіваецца арганізаванасць навучэнцаў; адбываецца пераход навучэнцаў ад больш нізкага да больш высокага ўзроўню, — зазначыла аўтар.
Напрыканцы хочацца дадаць, што хоць прадстаўлены рабочы сшытак і з’яўляецца тэматычным, ён дае магчымасць для разнапланавага яго прымянення. Ён можа выкарыстоўвацца як для навучання па канкрэтных тэмах (“Прафесіі” для дашкольнікаў, “Свойскія жывёлы”, “Дзікія жывёлы”, “Птушкі” на ўроках “Чалавек і свет” у пачатковай школе), так і штодня на іншых занятках (па перадматэматычным развіцці, па падрыхтоўцы да авалодання пісьмом, развіцці зносін і маўлення, азнаямленні з мастацтвам і развіцці выяўленчай дзейнасці), а таксама як дадатковы індывідуальны матэрыял у гульнятэцы для групы прадоўжанага дня. Сшытак друкаваўся выдавецтвам “Садзейнічанне” Мазыра.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.